Выбрать главу

– Б-брысь, жыв-вёла!

Алена Рыгораўна падхапіла на рукі раскормленага хатняга бажка:

– Не бойся, Магнацік!

Баяцца відавочна належала непачцівым гасцям, пра што сведчыў раз’ятраны выраз твару гаспадыні. Мы паспешліва развіталіся, нават шнуркі не сталі завязваць на красоўках. На развітанне Магнат падарыў нам здзеклівае «Мрмяў».

Пакет я разадрала проста на ганку, пад стрэшкай перад непрыветным пад’ездам (я так і не змагла ўявіць, што Корвус сюды заходзіў, падымаўся па вышчарбленых прыступках, вячэраў на цётчынай кухні).

Канверт… Почырк Віталя… Там перадсмяротная цыдулка?

Мацей рашуча забраў спадчыну з маіх рук, што трэсліся, як у алкаголіка са стажам. У канверце аказаўся ключ – пляскаты, з дзіркай, падобнай да выскаленай усмешкі, з бліскучымі зубчыкамі. І папера. Якая ва ўсёй юрыдычнай красе сведчыла, што ласкай Корвуса мне ўжо сем год як належыць дом у маленькім гарадку Старавежск. Вуліца Энгельса, 24.

Каб жа я хоць раз чула ад зніклага мужа пра той Старавежск! І пра тое, што ў яго ёсць там маёмасць!

Паштоўка, якую аздабляла гравюра пачатку дзевятнаццатага стагоддзя з краявідамі нейкага павятовага мястэчка, мусіць, таго Старавежска, трохі з’ясавала сітуацыю.

«Дарагая Вірынейка, прабач, што з’ехаў адразу пасля вяселля. Але хачу ўсё кампенсаваць. Мядовы месяц у нас будзе самым рамантычным. У мяне ёсць для цябе сюрпрыз. Нядаўна я атрымаў спадчыну ад далёкага сваяка – сапраўдны старасвецкі дом, такі, ведаеш, з кафлянай печчу, рыпучымі драўлянымі сходамі, пазелянелым чарапічным дахам і, магчыма, з прывідамі. Я хачу, каб ты прыняла яго ў падарунак. Няхай гэта будзе маім пасагам і месцам, дзе мы пражывём самыя цудоўныя дні!

Твой Крумкач».

Значыць, Корвус перад апошняй вандроўкай заязджаў на сваіх «Жыгулях» да цёткі. Канверт пакінуў тут, каб я не знайшла ды не папсавала сюрпрыз – усё роўна збіраўся па вяртанні перавезці свае рэчы да мяне. А вось ці быў ён у Старавежску? Можа, паспеў і там штось пакінуць, нейкі знак? А можа… А можа, ён у доме з прывідам і хаваецца? Можа, там пад чужым імем сем год і жыве?

Чакаць і даганяць – самыя паскудныя справы, казала мая бабуля. З Мар’інай Горкі да Старавежска, як сведчыў тысячавокі Гугл, можна было дабрацца за якія паўтары гадзіны на рэйсавым аўтобусе.

Дождж паныла малаціў па бляшаным навесе, як быццам адпрацоўваў належны тэрмін на нелюбімай працы.

– Паслухай, Вірка… – Мацей стамлёна пацёр двума пальцамі пераноссе, быццам там намулялі нябачныя акуляры. – Давай не ламаць… трыснёг. У мяне ўвечары важнае паседжанне. Я абяцаў вярнуцца…

– Вяртайся, не пытанне! – я выцягвала з заплечніка шаргатлівую сінюю накідку, быццам пакамечанае неба з водгуллем навальніцы.

Я зусім не хацела да чагось змушаць Саламярэцкага. Праўда.

Праўда і тое, што ў глыбіні душы ведала, што ён усё роўна пацягнецца за мною.

Так і здарылася. Мы трэсліся ў маленькім аўтобусіку, мусіць, яшчэ савецкага часу, і нашы выпадковыя спадарожнікі амаль усе везлі з сабой саджанцы. Здавалася, гэта транспарт для дрэваў-перасяленцаў, яны тут паўнавартасныя пасажыры, а мы так, аўтаспыншчыкі. Кволыя шэрыя пруты, як сапраўдныя мігранты, не ведалі свайго лёсу. Хтось з іх прыжывецца, закрасуе, а хтось і не знойдзе сіл зрадніцца з чужой непрыветнай глебай.

А ўсцяж вузкай, не магістральнай дарогі мільгалі на шыльдах рознай ступені іржавасці незнаёмыя, але такія старасвецкія, з водарам стагоддзяў назвы. Людвісарава… Падняводдзе… Жухавічы… Наўе… Волатава Пушча… Мне падалося, што дарога з Мар’інай Горкі да Старавежска – шлях з рэалу ў фэнтэзі, дзе іншыя законы быцця і іншая гісторыя, дзе жывуць ваўкалакі і прывіды і адкуль ніхто не вяртаецца ранейшым.

Вось каб быў са мной Корвус – колькі б ён распавёў цікавага! Пра тое ж Людвісарава, уладальнік якога быў сынам магната, але пайшоў у інсургенты… Пра Наўе, сама назва якога адсылала да Краіны Мёртвых. Наўе і Праўе, між якімі жылі продкі…

Мацей у прывіды не верыў. Ён гаварыў па смартфоне. Нудна і стамлёна.

– Так, я памятаю, што абяцаў вярнуцца. Так, мы адна каманда. Не, я не Ланцэлот. Я айцішнік з асабістым жыццём. Паслухай, Марго, усё роўна эплаўцы будуць размаўляць па скайпе. У мяне з сабой планшэт, падключуся – і айс.

Марго – ягоная калега. Ні разу яе не бачыла. Увогуле, ніколі не хацела ведаць падрабязнасці працы майго бойфрэнда. Але гэтая дамачка мяне ненавідзіць, факт. Не здзіўлюся, калі закаханая ў Мацея. Не тое, каб мне было ўсё роўна, нат калі тваю котку хтось звядзе, прыкра. Але Салома і праўда заслугоўвае большага, чым я магу яму вылучыць. Таму трымаць не буду.

Між тым на экране Мацеева планшэта заміргалі фізіяноміі суразмоўцаў у асобных квадраціках, зусім як на маніторы відэаназірання ў метро. Саламярэцкі надзеў навушнікі і залапатаў па-ангельску. Здольнасць да моў у мяне прыблізна як у індыка да балета. Ды каб і разумела – што мне да іхніх тэхналогій, дый усім астатнім пасажырам таксама. Вось дзядзечка наперадзе абдымае худы саджанец з двума кволымі лісцікамі на макаўцы і распавядае спадарожніцы ў вязаным берэцэ бурачнага колеру страшную гісторыю. Ляжаў у бальніцы, у артапедыі. Прывозяць ноччу ў палату мужыка са зламанай нагой. Той наадрэз адмаўляецца расказваць пра свой няшчасны выпадак. Разгаварыць удалося пасля кантрабандай прынесенай у палату бутэлькі піва «Аліварыя прэміум»… А было так. Аднойчы сніць той мужык, што жонка мые падлогу, поўзае ракача… І так зрученька павярнулася да яго задам, што ён проста не мог не даць дарагой сужонцы выспятка. Прачнуўся ад болю, бо з усяе соннай моцы ўдарыў нагой у сцяну.