Кабета ў берэце павучальна гаварыла пра неадкладнае пакаранне за злыя намеры… А я трэслася ад істэрычнага смеху. У апошнім сваім сне я даганяла Корвуса, які ў чорным манаскім балахоне слізгаў між соснаў – іх ствалы былі шэрымі, як стары асфальт, а іголкі фіялетавымі. А я такая бягу, на сосны натыкаюся… А потым Корвус паварочваецца, а ў яго пад чорным капюшонам замест твару – страшная белая маска, як у Паядальнікаў Смерці з сагі пра Гары Потэра. І дае мне ў рукі жалезную бразготку на доўгай ручцы… Я тую жалязяку хапаю… І цікава, за што б гэта я ўхапілася, каб рухалася ў сне, як той мужык? Можа, прачнулася б з адарваным ад сцяны свяцільнікам?
А паводле Фрэйда свой сон трактаваць не хачу, не спадзявайцеся.
Мацей скончыў перамовы, якраз калі аўтобус затросся на брукаванцы, як ад ведзьмінай корчы альбо скокаў святога Гі.
Можа, калісь Старавежск і быў горадам слаўным ды квітнеючым. Засядала ў ратушы важная гарадская рада, учыняліся рыцарскія турніры, урачыстыя каптуровыя суды крычалі «Ганьба!» Дзеля прыезду вялікага князя вось на гэтым пляцы, дзе слепавокі гіпсавы Ленін пагражае небу заціснутай у кулак кепкай, ладзіўся карнавал альбо містэрыя на духоўныя сюжэты…
Але сёння гэта было звычайнае мястэчка, якое за апошні век зведала дзясятак розных улад, кожная з якіх апантана падчышчала ўсе сляды папярэдняй, а гэта значыць людзей, будынкі і ідэі. Пра што сведчыла хаця б вось гэтая мураўёўка, царква, што сустрэлася нам па дарозе да вуліцы Энгельса. Такія ўзводзілі ў краі пасля ўціхаміранага паўстання, пры Мураўёву-вешальніку, каб распаўсюдзіць правільную веру. Непарушным застаўся толькі выкладзены з мясцовых каменняў падмурак. А верхні ярус разам з купаламі зрэзалі, як крэм з торта, і замянілі на пляскаты бляшаны дах. Вокны напалову заклалі цэглай, каб пазбавіць аркавай формы, збілі карніз над дзвярыма… Цяпер, відаць, архітэктурнага калеку зноў перадалі вернікам: сцены свяціліся свежай пабелкай, на бляшаным даху ўзвышалася недарэчна маленькая новенькая вежачка з ярка-сінім купалам-цыбулінай, падобным да чупа-чупса.
З-пад асфальту паказвалася брукаванка – быццам праз прарэхі лахманоў шляхецкая вопратка. Вясна, усюдыісная, як пошасць, вытыркалася з кожнай шчыліны зялёнымі дзюбкамі травы, прабівалася з галінак падманліва-кволымі лісцікамі. На баку іржавай пажарнай машыны ў нечым двары красаваўся надпіс «Старовежск». Дзесьці паблізу загарлаў самотны певень. Няшмат субраццяў-сонцапаклоннікаў падхапіла ягоны адчайны крык. Месцічы відавочна аддавалі перавагу перад жывымі квактухамі спачылым бройлерным курыцам, што свяціліся ружова-сінімі голымі бакамі ў цэлафанавых упакоўках і лагодна маўчалі.
Вуліца Энгельса заканчвалася жывапісным тупіком. Якраз тут і распраўляў цагляныя плечы дом Корвуса. Праўда, пастава была не надта ўражлівая, старэчая, прыгорбленая. Да цаглянай паловы дома прыбудаваная драўляная частка, пафарбаваная аблезлай зялёнай фарбай. Мансарда нядобра лупілася падслепаватым чорным вакном з брудна-белай рамай. Самотны вазон, як каламутная зрэнка. Высокі плот з шэрых дошак рознай вышыні, быццам наторкалі на хуткую руку, у чаканні нападнікаў. За плотам шчыміліся бэзавыя кусты, якія яшчэ і не думалі зелянець, толькі тапырыліся шэрым голлем. Паштовая скрынка на слупе весніцаў падмазаная сіняй фарбай, на ёй нехта зусім нядаўна вывеў белым няроўныя лічбы «24», на кволай веснавой траве яшчэ бялелі кроплі фарбы. Са шчыліны скрынкі тырчэў стракаты край рэкламнага буклета. Замест замка ці клямкі слуп агароджы і штыкеціну весніцаў з’ядноўвала пятля з дроту.
Я нерашуча азірнулася на Мацея. Той змрочна паціснуў плячыма і за няйменнем лепшага пастукаў па паштовай скрынцы.