Жаночы голас… У ім раздражненне… Насмешка… Прытоеная збянтэжанасць…
Павекі дрыжаць, расплюшчваюцца цяжка, як быццам расчыняеш заржавелыя вароты. Перад вачыма плаваюць сонечныя рыбы з вогненнымі хвастамі… Паступова з пратуберанцаў святла вымалёўваецца аблічча, ад якога чамусь адразу сэрца сціскаецца ад пачуцця віны. Тонкія бровы з яшчэ ледзь заўважнай зморшчынкай між імі, вочы зялёна-брунатныя – колер незвычайны, марскі і лясны, няспелыя арэхі і мокрыя марскія каменьчыкі… Белая скура, пяшчотныя рабацінкі на пераноссі, мядзяныя валасы схаваны пад белую шапачку. Бялюткі халат, на якім мсцяцца вогненныя спалохі. І лязо брытвы ў тонкіх моцных пальцах, паднятае ўверх, як антычная паэтка ў задуменні прыўзнімае стыло.
– З вяртаннем, Магістр!
Памяць, самая плыткая і таямнічая субстанцыя… Ну вось чаму зараз Мнемазіне не збіцца б з хады, не зламаць абцас на брукаванцы ягонага лёсу… Які б ён быў шчаслівы, каб забыўся на сваё мінулае, ператварыўся ва ўсмешлівага аптымістычнага ідыёта.
На жаль, у кінастужцы мінулага захаваўся кожны кадр… Фільм абрываўся ў кабінеце начальніка аддзела барацьбы з сабатажам.
– Дзе я? Колькі я…
Уласны голас спалохаў: не голас – карканне, зусім як у старога крумкача. Да вуснаў даткнулася халоднае шкло кубка.
– Піце… І не спрабуйце адразу ўскочыць, праваляліся вы ў трызненні месяц. Вы ў шпіталі. Інфекцыйная спецбальніца з закрытым рэжымам. У прастамоўі – лепразорый.
Ён заперхаўся, распырскваючы ваду… Ад істэрычнага смеху. Ажно скабы забалелі, відаць, у месцах пераломаў. Ле-пра-зо-рый… І з такім задавальненнем расцягнула гэтае слова… У ягонай колішняй вучаніцы, выдатніцы-разумніцы Яўгеніі Равіновіч раней не назіралася сарказму.
Суровы рушнік, прапахлы карболкай, хутка, нібыта з нейкай грэблівасцю, прайшоўся па твары, выціраючы рэшткі пены і кроў са свежай драпіны.
– Вас галіў санітар, Пятро Сымонавіч, але ў яго часам прыхоплівае сэрца… Я была на абходзе, я галоўны ўрач гэтай установы, Сымонавічу зрабілася кепска, ён і сунуў мне лязо… Людзей у нас катастрафічна не хапае.
Апраўдваецца… За што ёй так няёмка – за тое, што рабіла нявартую справу, галіла пацыента, як простая санітарка, за няўмелае сваё галенне ці за парушэнне нейкай мяжы блізкасці да яго, кáта, здрадніка, вінаватага ў яе калецтве?
Даўно Люцыяна не галіла жанчына. Хаця Корвус ніяк не мог успрымаць былую вучаніцу, вачастую дзяўчынку, падобную да феі-мятлушкі, сталай жанчынай…
Яна яшчэ нешта пытаецца, здаецца, ці не баліць галава… Але столь з чорнай трэшчынай у выглядзе скандынаўскай руны, што прадвяшчае безвыходнае становішча, цямнее, хаваецца за дымам… Бацька ў палінялым фрэнчы задумліва пыхкае люлькай, гэта нельга, у яго сухоты. Але ён працягвае курыць і гаворыць, гаворыць, ціха, каб не чула мачыха…
Да твару дакранаецца нешта мокрае, халоднае… Рушнік.
– Люцыян Станіслававіч, вы так спалохаліся нашай бальніцы, што зноў страцілі прытомнаць?
Нават адценне крыўды ў голасе.
– Ведаеце, Яўгенія… – праклятая задышка, – калі аднаму прафесару, спецыялісту па рускай літаратуры… пасля рэвалюцыі прапанавалі з’ехаць з савецкай Расіі, ён адмовіўся… са словамі: «Месца ўрача ў чумным бараку».
Насцярога ў зялёна-брунатных вачах.
– Як вы можаце паўтараць словы ворага?
– Я ў лепразорыі. Чаго мне яшчэ баяцца?
Адвярнулася да вакна, за якім танклявая бярозка гайдаецца, нібыта адбіваецца ад калючага галля сасонкі-падлетка, што вырасла побач.
– Паверце, паўсюль знойдзецца чаго баяцца. Нават у яміне можна ўпасці.
Не, у гэтай стамлёна-строгай жанчыне няшмат ад наіўна-захопленай дзяўчынкі… Стараннямі і яго, Корвуса. Віна зноў абрынула сэрца, як з гары.
– Спадзяюся, што я ўсё-ткі не хворы на лепру… Удакладніце мой дыягназ, калега.
Сухія факты, сухі тон… Множныя пераломы рэбраў з флатацыяй… Паравертэбральная навакаінавая блакада… Пашкоджанне брушыны… Траўма забрушыннай прасторы… На шчасце, без разрываў. Не, нестэроідныя прэпараты я не прызначала… Не спрачайцеся, вы цяпер больш тэарэтык, а я – практык. Пеніцылін – так, уводзілі.
Як быццам усё гэта яго, Корвуса, не тычыцца, не ў яго пабіта, зламана, зраслося, а ў нейкага абстрактнага пацыента.
За вакном усё махала лапамі маладзенькая вясёлая сасна і абурана дрыжэла бярозка. Пастараль з прысмакам карболкі. А на пальцы ў доктара Равіновіч востра блішчэў заручальны пярсцёнак.
– Прабачце, Яўгенія, а як вы самі сюды…
– Пра гэта пасля.
Жэнька (ён не мог у думках назваць яе іначай) рашуча ўзнялася з зэдліка, сунуўшы рукі ў кішэні белага халата, нібыта каб сагрэць.