– Хто, прабачце? – разгубіўся Люцыян.
– Мясцовая міфалагічная істота, – усміхнулася Жэнька ценем былой гарэзнай усмешкі. – Гаёўкі – прыгажуні, што жывуць, адпаведна, у гаі. Зімой абрастаюць белай поўсцю, адзін твар відзён. Летам… хм… ліняюць. Вам было б цікава для вашых доследаў над беднымі жывёлкамі.
А сказала з непрафесійным асуджэннем… Акадэміку Паўлаву, мусіць, вочы выдрапала б за скалечаных сабачак.
– Да гаёвак хадзілі лячыцца – яны маглі загаіць любую рану, ацаліць нат смяротную хваробу. Вось і пані Люцында Корвус нібыта з-за гаёўскага паходжання доктаркай добрай была, і мужа навучыла, які яе аднойчы ў лесе высачыў ды злавіў. Не ўяўляеце, як нам надакучылі тутэйшыя забабоны. Здаралася, адмаўляліся заставацца на лячэнне, маўляў, праклятае месца.
Дзесь за вакном грукаталі калёсцы, мерна стукала сякера. І раптам загарлаў певень, такі самотны на гэтай выспе пасярод лесу.
– Праўда, паданне пра жабер-траву і рэцэпты ад смяротных хваробаў маюць нейкую глебу, – задумліва прамовіла Яўгенія. – Корвусы-Дзякловічы тут дэндрарый заснавалі, батанічны сад з рэдкімі лекавымі раслінамі.
Гэта ўжо цікава, не старыя байкі…
– І што адметнага расце?
– Няма каму асабліва батанікай займацца. Шмат перабудавана, парушана, дзе якія экзатычныя зёлкі засталіся, не ведаю. Будзе імпэт – паходзіце, паглядзіце…
Але хадзіць ён пакуль што мог толькі па сваёй палаце, трымаючыся за сцены, як старац за кавеньку. Добра Рыгор Самусь папрацаваў…
І пра гэта не пагаварыць было нельга. Калі Магістр камсамольска-блюзнерскага ордэна нарэшце змог выйсці на вуліцу і бяссіла плюхнуўся проста на бетонны ганак, відовішча абкружаных калючым дротам шэрых будынкаў на фоне змрочных соснаў падалося яму мілым ды натхняльным, быццам усплылі з нетраў вадзяных запаветны востраў Авалон альбо Кер-Іс старажытнай Армарыкі. Толькі з электрычнасцю, якую забяспечвала дынама-машына, што гула, як гняздо гіганцкіх чмялёў, у бетонным будане.
Нарэшце можна было хоць здаля пабачыць насельнікаў шпіталя. Нізенькая кабета ў белым халаце, па-качынаму перавальваючыся, штурхае перад сабой вазок з захутаным у клятчастую коўдру чалавекам-абрубкам. Ля аднапавярховага корпуса, з-пад аблезлай тынкоўкі якога паказвалася старасвецкая чырвоная цэгла, застыла, пагойдваючыся, фігура ў ватніку паўзверх паласатай піжамы. Твар тубыльца прыкрывала марлевая павязка. Чаго чалавек з павязкай чакаў? Куды ўглядаўся?
Доктар Равіновіч моўчкі прысела з другога краю ганка, як мага наводдаль, але не ўзялася выгаворваць, што хворы парушыў распарадак, не дачакаўся яе ў палаце. Ды яшчэ без ваганняў падклала пад сябе, каб не сядзець на халодным бетоне, гросбух для медаглядаў. Корвус першым парушыў маўчанне.
– Вы ж з-за хваробы Самуся ўцяклі сюды, Яўгенія, так? Баюся адгадаць – сталі ахвярай ягоных прыступаў?
Жэнька нейкі час працягвала вывучаць уплыў пагойдвання соснаў на хмарнасць беларускага неба.
– Вы ж не адчэпіцеся, праўда? Так, адгадалі. Але адразу засвойце – Рыгор не вінаваты!
Яна выгукнула гэта ваяўніча, быццам Жана д’Арк суддзям, што не ведзьма.
– Я ж яго не віню, – паспешліва запэўніў Корвус. – Я сустракаўся з такімі наступствамі траўмаў… Правалы ў памяці… Хворы раптам засяроджваецца на нейкім фрагменце мінулага, самым балючым, які можа апраўдаць агрэсію, і – раптоўны гнеў… Пасля прыступу часта нічога не памятае. Такое нават у некаторых рымскіх імператараў зафіксавана – а мы дзівімся, якія бессардэчныя злачынцы яны былі. Але цяпер такіх хворых звычайна трымаюць пад наглядам, ізалююць, не дапускаюць нервовага напружання…
Жэнька раптам горка засмяялася, абхінуўшы сябе рукамі.
– «Пад наглядам»… Ды начальства хвароба Рыгорава цалкам задавальняе! Ім патрэбна, каб ад адной згадкі пра бязлітаснага Касталома злачынцы сціналіся. Ягонае ўменне дапытваць у прыклад ставяць! Самы высокі працэнт раскрыцця спраў! А хвароба прагрэсуе… Самае гнюснае, калегі добра вывучылі, як можна ўвесці Касталома ў патрэбны стан. І карыстаюцца, як Шчаўкунком, якому засоўваюць між сківіц арэх за арэхам. Я аднаго не разумею, чаму Малгося так легкадумна адправіла вас да Рыгора!
Корвус збянтэжана памаўчаў, падняў каўнер сіняга фланэлевага халата – скупеча-чэрвень пільна ашчаджаў цяпло са сваіх зялёных скрыняў.
– Гэта я вінаваты. Прасіў, настойваў… Урэшце, усё магло абысціся як найлепш. Мы… даволі плённа гаварылі, пакуль я не згадаў, што мог бы яго вылечыць…