Выбрать главу

– Праўда маглі б?

Жэнька недаверліва зірнула ляснымі вачыма на былога настаўніка.

– Палепшыць становішча ва ўсялякім выпадку мог бы, – цвёрда запэўніў Корвус. – Мы спыніліся за крок да стварэння новых лекаў. Крыўдна, што ўсё так ляснулася… І зноў мая віна. Счапіўся са старой бальшавічкай Лепяшынскай, быццам не ведаў, што глупства – паталогія невыпраўная. У кабінеце Самуся таксама не зважыў на пачатак прыступу… Неўрапатолаг называецца. Пакуль у зубы не атрымаў, не ўсвядоміў, наколькі ўсё… сур’ёзна. Прабачце, Яўгенія, што нагадваю. Я ж памятаю, як вы яшчэ ў школе… трапятліва ставіліся да Рыгора.

– Я і цяпер кахаю яго, – рудыя валасы Жэнькі неслухмяна выбіваліся з-пад белай шапачкі. – Толькі, мабыць, па-іншаму. І, каб не вяртацца да размовы, патлумачу ўсё. Рыгор пачаў збіваць мяне, калі ўзначаліў свой аддзел. Напачатку яшчэ мог стрымацца, прыйсці да розуму пасля першых жа маіх крыкаў ці калі вадой яму ў твар плескану. Плакаў, жахаўся сам сябе, ногі мне цалаваў. Піў бром, валяр’янку, усё, што я прапісвала. Доўгі час прыступаў я не бачыла. Дома не бачыла. Але з працы ён прыходзіў прапахлы крывёй, спацелы, з такімі вачыма, што не хацела ні аб чым пытацца. Баялася пачуць адказы. Не я першая так учыняла: калі ні аб чым не пытаешся, можна рабіць выгляд, што ўсё нармальна. А потым ён збіў мяне сур’ёзна. Я была цяжарная. І страціла дзіця.

Дыханне Яўгеніі на хвілю перарвалася.

– Я спалохалася. Упершыню я спалохалася свайго мужа так, што дасюль не магу на той страх забыцца. Мяне выратавала Малгося. Змагла арганізаваць прызначэнне сюды так, каб пра гэта ведалі ўсяго некалькі чалавек. У яе ёсць… сябар у міністэрстве аховы здароўя.

Жэнька выпрабавальна зірнула на Корвуса, той толькі паціснуў плячыма: ён заўсёды падазраваў, што Ромку Цвічку ў адносінах з уладнай Маргарытай нічога не свяціла.

– У іх сапраўднае каханне. Проста той чалавек жанаты. Ён камуніст, пры пасадзе… Так што хаваюць свае стасункі і чакаюць… Я разумею, што маю мала досведу, каб узначальваць такую складаную ўстанову, зрэшты, проста «выконваю абавязкі». Але самавіты ўрач сюды і не паедзе. Пра гэты шпіталь увогуле мала хто ведае. Ён засакрэчаны.

– Чаму?

Яўгенія пакрывіла вусны з горкай іроніяй.

– Бо не варта савецкім людзям, якія толькі ачуньваюць пасля вайны, паказваць, што побач усё яшчэ існуюць такія страшныя, легендарныя хваробы, як лепра. Савецкая медыцына ж яе перамагла. Усё павінна быць прыгожа, як у фільме «Кубанскія казакі». Вы памятаеце таемны ўказ 1948-га наконт інвалідаў?

Люцыян апусціў галаву з пасівелымі скронямі.

– Я не хацеў верыць… Думаў, злыя жарты…

– Шмат гнюснасцяў адбываецца проста таму, што людзі лічаць за лепшае не верыць у іх, – прагучала жорстка. – А камусь прыйшло ж у галаву, што калекі псуюць карцінку пераможнага жыцця. Сабраць з вуліц інвалідаў-жабракоў, у большасці – франтавікоў, што не маюць сваякоў, і саслаць на Валаам… Нібыта каб забяспечыць прыстойнае лячэнне і догляд… Я ж бачыла, як іх грузілі ў вагоны. Як мяхі шпурлялі… Вунь таго, што на вазку, – Жэнька паказала на чалавека-абрубка, загорнутага ў клятчастую коўдру, якога санітарка ўжо завозіла ў аднапавярховы корпус, – таксама мусілі саслаць. У нас іх дзесяць. Выхапілі проста з вакзала, з-пад ачаплення… Пётр Сымонавіч ухітрыўся. Там апынуўся ягоны сябар, з якім разам былі ў штрафной роце. Медалёў на парадак больш, чым жывой радні… Змог неяк падаць вестку, куды трапіў… А Сымонавіч арганізаваў яшчэ некалькі аднапалчан-штрафнікоў – яны ж бядовыя, хто выжыў, нічога не баяцца. Да таго ж большасць – крымінальнікі… Калі пабачылі, як франтавікі пакалечаныя на мокрым асфальце ляжаць покатам, чакаючы цягніка, а вакол міліцыянты… Карацей, учынілі з аховай, як калісь з фрыцамі, толькі што не забівалі. І выхапілі не толькі знаёмца, але й каго змаглі панесці, хто, вядома, сам папрасіўся. Дарэчы, трое з тых вызваліцеляў ахоўваюць наш шпіталь. Таксама Малгося дапамагла аформіць, каб старонніх не прыслалі.

З дзвярэй корпуса, куды завезлі бязрукага, зноў выехаў вазок. На гэты раз у ім сядзеў сівы, як дзьмухавец, інвалід з адной, левай, рукой і адной, правай, нагой – быццам жорсткія дзеці гуляліся з лялькай… Вазок штурхаў Пятро Сымонавіч – Корвус пазнаў яго здалёк па кульганні і каржакаватай паставе. На нейкае імгненне Сымонавіч павярнуў галаву ў бок ганка, на якім сядзелі дактарыца і пацыент у сіняй піжаме, але адразу рэзка адвярнуўся.

– Ён чамусь мяне ненавідзіць, – прызнаўся Люцыян.

– Наш санітар мала каго шануе, – сумна азвалася Жэнька. – Жыццё навучыла не давяраць. Ён да вайны сядзеў на Салаўках. Не прызнаецца, за што. Там, казаў, на Сякірнай гары ёсць такая драўляная лесвіца ў трыста шэсцьдзясят пяць прыступак. Асабліва зацятых зэкаў скідвалі адтуль, прывязаўшы ў мяшку да бервяна. Сымонавіч сцвярджае, ён адзіны, хто выжыў. А пасля трапіў у спецыяльную псіхіятрычную бальніцу.