– Ясна, – уздыхнуў Корвус. – Я ведаю пра СПБ, так званую спецдурку… Таго-сяго з тамтэйшых дактароў я не хацеў бы называць калегамі…
– Выбачайце, Магістр, але Сымонавіч вырашыў, што вы з тае ж пароды…
Позірк Корвуса спыніўся на брунатным пацёртым туфліку доктаркі, з шэрым шнурочкам, завязаным на банцік. Ніхто не здагадаецца, што на назе ў гэтым туфліку не хапае двух пальцаў…
– Ваш Сымонавіч не надта памыляецца. За мной хапае гнюсных учынкаў.
Жэнька сярдзіта страсянула галавой, страпянуліся лёгкія рудыя пасмачкі, што выбіліся з-пад шапкі.
– Калі вы зноў з-за таго здарэння, калі мяне схапілі… Ну колькі можна! Апускаеце вочы, пазбягаеце размоў… Вы ж дарослы чалавек, Люцыян! Хопіць сябе дакараць. Вы рабілі, што вымагалі абставіны!
Корвус суха засмяяўся.
– Пра абставіны – самае лепшае апраўданне для любога гнюса. Ведаеце, Яўгенія, я ж мог адразу зладзіць вам уцёкі, было некалькі зручных момантаў… Але не стаў – бо давялося б сябе выкрыць, збягаць з вамі. Вы маглі пазбегнуць жаху тае начы, калі ледзь не замерзлі насмерць… Я фактычна ахвяраваў вамі, як найменш каштоўным жаўнерам.
Жэнька хацела запярэчыць, але Люцыян перарваў яе абурэнне:
– І гэта не першы выпадак у маім жыцці, калі з-за мяне гінуць. Вы зацікавіліся, хто такая Мірачка, якой я трызніў… Міраслава, мая жонка. Таленавітая даследчыца. Мы працавалі ў адной лабараторыі. І разам былі арыштаваныя.
– Ну, пытацца «за што?» у такіх выпадках я перастала даўно… – горка зазначыла загадчыца.
У пальцах Корвуса апынуўся незаўважна адарваны ад піжамы гузік.
– Я ніколі не зразумею, чаму відавочнае глупства і шэрасць заўсёды падаюцца больш пераканаўчымі, чым талент. Чаму старэнькага, геніяльнага Івана Пятровіча Паўлава, светлая яму памяць, у дыспутах прадстаўляе ягоны нелюбімы, нахабны і бяздарны вучань. Чаму са зграі такіх недалёкіх выяўляюцца «ісцінныя паўлаўцы», якія ганьбяць і ператвараюць у ворагаў народу «няісцінных», «антыпаўлаўцаў». А тыя «анты» проста працягваюць далей пошукі настаўніка, нешта абвяргаючы, удакладняючы… – Корвус ажно задыхаўся ад гневу. – Любую слушную ідэю на тле некрытычнага захаплення можна развіць да абсурду. «Паўлаўская псіхалогія», «паўлаўская біялогія»… Усё багацце псіхічнай дзейнасці цяпер мусяць тлумачыць паводле ўмоўных рэфлексаў. Замест таленавіцейшага акадэміка Рубінштэйна ставяць малапісьменную персону, якая горда заяўляе, што яе галоўны ўклад у навуку – «цягнула Рубінштэйна з балота ідэалізму». Аграбіёлаг Лысенка, шчыры дурань, прызначаецца апосталам усяе біялогіі. Як вы ставіцеся да «лячэння сном» па методзе Паўлава?
– Чаму б і не? Здаровы сон – найлепшыя лекі… – паціснула плячыма Жэнька.
Корвус сунуў няшчасны гузік у кішэню і задумліва крануў два птушкападобныя шнары, што прыкрашалі яго шчаку: адзін даўно пабялеў, другі наліты свежай барвай.
– Здаровы сон… А як расцэньваць, калі дзяцей, немаўлятаў, каб з дапамогай сна пабольш аздараўляліся, загадалі ў прытулках трымаць на барбітуратах? І яны ператвараліся ў алігафрэнаў? Наша лабараторыя сабрала матэрыялы, кіраўнік выступіў з дакладам пра шкоднасць вульгарызацыі «методыкі сну»… Арыштавалі нас усіх. Паколькі мы карысталіся некаторымі знаходкамі нямецкіх даследчыкаў, абвясцілі нямецкімі шпіёнамі. Зацята шукалі ў лабараторыі засланага агента, вярбоўшчыка. Так што Самусь сваімі прыёмамі мяне не здзівіў.
Корвус зноў пацёр упрыгожаную шнарамі шчаку і прыгорбіўся, як ягоны цёзка-крумкач.
– Мне пашанцавала. Сярод маіх пацыентаў быў адзін кантужаны камісар. З удзячнасці за ацаленне вырашыў выратаваць. І ўсю віну звалілі на Міраславу. Дачку менскага немца-чыгуначніка, якая нібыта падманам ажаніла мяне з сабой, каб займацца сабатажам у савецкай навуцы. Мне пасля расказалі, што Мірачка ўсё пацвердзіла, свядома ўзяла віну. Дзеля майго ратунку. Каб я тады ведаў, што адбываецца… Але я толькі ўпарта адмаўляў свае грахі. Не ведаў, не чуў… Выходзіла, як бы пацвярджаў словы жонкі. І яе расстралялі. А мяне вызвалілі. Умоўна. Пад нагляд. З забаронай займацца даследаваннямі.
Корвус выплёўваў словы, як пякуча-горкія ягады.
– А мы гадалі, чаму наш біёлаг вядзе не біялагічны, а археалагічны гурток?
Жэнька няўважна круціла ў пальцах выпадкова сарваную сцяблінку, якая яшчэ нядаўна была знітаваная каранямі з зямлёй і жыццём.