– Так, я не мог, не меў права займацца хоць чымсьці падобным да сваіх ранейшых навуковых доследаў, – глуха прамовіў Люцыян, апусціўшы галаву. – Паціху вар’яцеў ад гора і пачуцця віны. Гурток – гэта ў памяць пра бацьку… Ён, калі быў гімназістам, хадзіў разам з сябрамі да менскага антыквара Генрыка Татура, на Гандлёвую ўзбярэжную. Столькі ўспамінаў пра тое, што як бы і я там пабываў. Дом як музей. Рыцарскія латы, старадрукі, абразы, пажаўцелыя мапы… Татур, лысы, барадаты, падобны да прарока Елісея, апантана збіраў усё, што тычыцца гісторыі Беларусі. Астатняе прадаваў і, калі кліент быў фанабэрыстым арыстакратам, спецыяльна цану накручваў. Князь Антоні Радзівіл так і не змог набыць у яго даспехі свайго продка, зазлаваў…
– Ваш Татур, мусіць, сам багаты быў? – трохі пагардліва папыталася Жэнька.
– У даўгах сядзеў, як лыжка ў крупах, – пасміхнуўся Магістр. – Бацька часта ўспамінаў размовы, якія там, сярод старажытнай зброі і кніг, вяліся. Пра Вялікае Княства Літоўскае, пра сапраўдную гісторыю ліцвінаў – так у летапісах называлі беларусаў, і што трэба збіраць скарбы народнай культуры…
– Тое гаварылі нам і вы, Магістр, – Яўгенія змахнула са шчакі нахабнага камара. – Ніколі не забуду сваю першую археалагічную знаходку – двузубы відэлец шаснаццатага стагоддзя…
– А ў мяне – алавяны гузік ад мундзіра напалеонаўскага жаўнера, – прызнаўся нібыта вінавата Люцыян. – На мінскім замчышчы знайшоў. Бацькаў сябра-гісторык там у студэнтаў практыку вёў. А бацька яшчэ да рэвалюцыі дапамагаў Татуру, калі той даследаваў курганы ў Лошыцы. Падобна, там існаваў горад ля старажытнага тракту між Полацкам і Кіевам. Але пан, які валодаў той зямлёй, гэткі класічны феадальны самадур, Татура разам з памагатымі са сваіх уладанняў вытурыў, гарадзішча загадаў заараць і пабудаваў там сабе летні маёнтак.
– І чаму ж вы не пайшлі вучыцца на гісторыка?
– Ну, бацька таксама не быў служкам Кліа, звычайны тэрапеўт… І мачыха страшэнна не любіла гэтай… нацдэмаўшчыны. Татка ж быў знаёмы яшчэ з часоў гімназіі са многімі… ворагамі. Аляксандрам Уласавым, акадэмікам Ігнатоўскім, Вацлавам Ластоўскім…
Корвус прыкусіў свой доўгі язык… Хіба пра такое згадваюць, нават і ў лепразорыі, у размове з камсамолкай, савецкім урачом? Паспеў хоць уставіць слова «ворагі»…
– Мая маці аднойчы згадвала пра Ластоўскага, – няўважна прагаварыла Жэнька, нібыта адчуўшы насцярогу Магістра. – Прыходзіў да студэнтаў педфака. І мой бацька, здаецца, яго вельмі шанаваў… Але я так і не ведаю прозвішча бацькі. Хіба здабыць спісы матчыных аднакурснікаў, паглядзець, каго арыштавалі, ды вылічыць…
Зязюля закувала так трывожна, нібыта пералічвала загінулыя душы. Яўгенія ўзнялася, падняла гросбух.
– Уставайце, пацыент, з халоднага бетону. Не хапала вам да кучы яшчэ і прастатыту.
Корвус як мог паспешліва ўзняўся, пастараўшыся не паказаць, што ў вачах трохі пацямнела ад напругі.
– Вы казалі пра недахоп персаналу. Я буду дапамагаць. Вы ж памятаеце, я не такі ўжо… тэарэтык.
Яўгенія абмерыла ягоную постаць непрыемна-ацэньваючым позіркам.
– Хочаце лаўраў Францыска Асізскага? Памятаеце, распавядалі пра яго, калі мы адкапалі ў лесе лепразорый. Адмаўляцца ад дапамогі не буду. Хто ў нас толькі не працуе…
Кіўнула галавой у бок корпуса з чырвонай цэглы. Хворага з марлевай павязкай, акуратна ўзяўшы пад локаць, вёў да дзвярэй высокі чалавек у белым халаце, худы, як пуга.
– Аддзяленне сухотнікаў… Санітар – ксёндз, айцец Станіслаў. Што глядзіце так здзіўлена? Патрапіў сюды як пацыент, зарабіў туберкулёз у фашысцкім канцлагеры. Тут і застаўся. Як, зрэшты, і вы, недабіты неўролаг-антыпаўлавец.
– Толькі не кажыце, што ў вас і праваслаўны бацюшка маецца, і рабін… – Люцыян хацеў пажартаваць і зноў памыліўся. Гожы твар Жэнькі, з малочна-белай скурай з пяшчотнымі рабацінкамі, быў сур’ёзны, нават суровы.
– І поп ёсць. Серафім Мікалаевіч. Займаецца цяпліцамі. І рабін. Ногі паралізаваныя, але чалавек вясёлы і мудры, загадвае бібліятэкай. Цудам засталіся кнігі яшчэ ад ранейшых гаспадароў, на нямецкай, польскай, лаціне… А Саламон Барысавіч, мусіць, дзясяткі два моў ведае.
Корвус разгублена маўчаў.
– Ну што, вы настолькі ваяўнічы атэіст, што для вас непрымальна працаваць разам са служыцелямі культу ці лекаваць іх? – нахмурылася Яўгенія. Люцыян схамянуўся і пастараўся прамовіць як мага больш шчыра:
– Пры чым тут гэта… Я ж урач. І… кожны чалавек мае права на свае перакананні, няхай і памылковыя… калі яны не шкодзяць іншаму чалавеку.
>– Добра, – Жэнька ўсё яшчэ глядзела пільна, як мытнік на магчыма фаршыраваную кантрабандай валізку. – Але ў нас усё-ткі трохі… замкнёны свет, і тут ёсць некаторыя правілы.