Выбрать главу

– Не дурань, разумею, – усміхнуўся Люцыян. – Калі здраджу – скідайце мяне з карабля проста ў хвалі!

– Скінем, не сумнявайцеся.

Доктар не жартавала.

– Толькі мы называем свой шпіталь не караблём… Гэта Прытулак. Апошні Прытулак.

Раздзел пяты

Як хакнуць смерць

Чах! Чах! Уаў!

Зялёныя монстрыкі так і разляталіся на маніторы. Мацей спрытна мітусіўся пальцамі па тач-экране, нібыта кіберпавук сплятаў кіберсетку для кіберпанкаў. Вось дарослы ж чалавек…

Хаця галандскі філосаф Хёйзінга сцвярджаў, што ўсё на свеце насамрэч гульня – ваенныя дзеянні, рэвалюцыйныя перавароты, любошчы… пардон, каханне… А таксама страхаванне, судовая справа, філасофія і сшытак, куды запісваюць час твайго з’яўлення на працы. І ў часы перамен, клятыя яшчэ Канфуцыем, менавіта ў гульні – апірышча і апошні прытулак. А ў грамадстве выспявае пуэрацэнтрызм – культ моладзі, з усімі хунвэйбінамі і гітлерюгендамі, з прызнаннем прапорцый падлеткавага цела ідэалам. Прыпомніліся радкі Бродскага, якога я даволі доўга не разумела:

Взор их неуловим.Жилистый сорванец,уличный херувим,впившийся в леденец,из рогатки в садуцелясь по воробью,не думает – «попаду»,но убежден – «убью».

Мой homo ludens раскроіў міфрылавым кляйморам апошняга рагатага пасланца звар’яцелага прынца Шэагарата і перайшоў на іншы ўзровень.

– Салома, можа, паглядзіш, што за ўпоратасць у гэтым сшытку? Проста рукапіс Войніча…

Мацей з неахвотай адарваўся ад планшэта, які дзіка глядзеўся на старасвецкім круглым століку, накрытым вязаным карункавым абрусам, побач са знямелым настольным гадзіннікам у выглядзе стылізаванага скафандра. Пастамент гадзінніка ўпрыгожвала пазалочаная пластыкавая ракета з таксама пазалочаным хвастом выхлапных газаў. «Люцыяну Станіслававічу Корвусу ад калектыву супрацоўнікаў на дзень народзін з вялікай павагай. 1961 г.» Агульны сшытак фармату А4 у пашарпанай чорнай дэрмацінавай вокладцы, вуглы яе завярнуліся наверх, як архітэктурныя дэталі ў стылі барока, расхінуўся… І вочы паспяховага айцішніка Саламярэцкага пашырыліся, бы ў ягонага ўлюбёнага маляванага прынца Шэагарата.

– Ніфігос! Войніч адпачывае…

Калісь палітэмігрант Войніч, муж той самай Этэль Ліліян, што стварыла рэвалюцыянера-неўрастэніка Авадня, у якога і я ў тынэйджараўскім узросце была закаханая, набыў у Ватыкане трактат. Напісаны на пергаменце на неіснуючай мове, упрыгожаны падрабязнымі каляровымі малюначкамі раслін, сузор’яў, істот, збудаванняў і пейзажаў, як вы здагадваецеся, таксама неіснуючых. Магчыма, пятнаццатае стагоддзе, магчыма, пазнейшая падробка, але «з тых часоў бянтэжыць розумы людзей і робатаў». Прынамсі, Салома згадваў, што ў юнацтве біўся над расшыфроўкай. Нават хакнуў для гэтага нейкія суперзасакрэчаныя базы дадзеных, дзе – не прызнаўся. Спадзяюся, не ў Ватыкане.

Сшытак прафесара Корвуса таксама прабіваў на сіндром пошукаў глыбіннага сэнсу. Чорны атрамант – не аўтаматычная самапіска, а пяро. Нейкія абракадабраўскія формулы, падобныя да рун. Замалёўкі каляровым атрамантам незразумелых раслін, сімвалічныя малюнкі, даволі прафесійныя – дзве далані, мужчынская і жаночая, дакранаюцца адна да адной, у зрэнцы жаночага вока люструюцца зоры… І ўсё з такой стылізацыяй пад сярэднявечны трактат, што мімаволі ўспаміналася мая ўлюбёная кампутарная гульня «Аблівіён». Там магі і алхімікі па такіх трактатах узровень падвышалі.

Ды яшчэ са старонкі на старонку пералятаў смешны крумкач, на патыліцы якога тапырыліся задзірыста пёры.

Саламярэцкі сцвердзіў, што гэта не ангельская мова. Нават літары толькі на першы погляд нагадваюць лацініцу. Загнаў частку тэксту ў гуглаўскі перакладчык… І кампутарны тлумач спёкся.

– Можа, доктар вельмі кепска ведаў мову, на якой пісаў, таму перакладнік і не апазнае словы? – з надзеяй спыталася я.

– Можа… – мармытнуў Салома, а вочы блішчаць, захапіўся айцішнік загадкай. – А можа, гэта штось кшталту эсперанта…

Ну ўсё… Фанфік закруціўся, бо з’явіўся таямнічы артэфакт. Навуковыя даследаванні дзіўнага доктара…

– Хутчэй за ўсё, канечне, містыфікацыя…

Мацей сфоткаў на планшэт яшчэ адну старонку, на якой намаляваная зялёным атрамантам расліна ваяўніча раскідвала ўбакі разлапістыя лісты, як гандлярка, што не падпускае басоту да свайго спакуснага тавару… Хаця на што там глядзець? Кветачкі стварэння божага былі дробненькія, прымітыўнага дызайну, і наўрад ці вызначаліся яркім колерам.