Выбрать главу

– Надзівачыў дзед… Ці з глузду з’ехаў. У тых, хто мае справу з псіхамі, абавязкова такое здараецца.

– Не думаю…

Якія жартачкі, якое вар’яцтва? З фотаздымка на серванце, трохі павярнуўшы галаву, быццам каб упэўніцца, што за плячыма няма пагоні, паглядаў чамусьці вельмі мне знаёмы бялявы мужчына гадоў сарака. Пінжак, белая кашуля, гальштук, акуратная стрыжка з доўгай грыўкай, адкінутай з высокага ілба. Нос, відаць, перабіты, трохі крыва зросся, тонкія ўпартыя вусны… А галоўнае – вочы. Вельмі светлыя, аж празрыстыя, трохі запалыя, ад чаго позірк здаецца яшчэ больш пранізлівым. Так мог бы глядзець Вялікі Інквізітар. Спакойна, важка, цяжка… І вой як не хочацца варушыць гэты белы попел спакою, бо як жахне адтуль полымя… Бо нават ад гэтага погляду з фотаздымка ў мяне чамусь абрынаецца сэрца.

Не, Люцыян Станіслававіч Корвус аніяк не выглядаў жартаўніком. Ні на фотаздымку, ні ў арыджынале. Так, мне было вусцішна і ад таго, што паспела прачытаць яшчэ адзін раздзел опуса Ублюдка. І не магла лічыць гэта простым супадзеннем. Я, вядома, не ведаю, наколькі арыджынал праўдзівы, але пакуль усё супадала. Імя героя, яго прафесія, нават месца дзеяння…

І яшчэ… Колькі б я ні ўглядалася ў партрэт доктара, ніякага падабенства з маім Корвусам нат на макавінку не заўважала. Хутчэй Мацейка быў да яго нечым падобны… І не, я не паказвала Салому гісторыю пра Апошні Прытулак. Можа, таму, што фанфік для яго – тое самае, што фан-клуб Стаса Міхайлава, дзе кабеты вышываюць на падушках азызлае аблічча куміра, і на вуснах з мулінэ трапеча «Озноб души моих голодных грез».

Тут не фанфікшан і не квэст. За расшыфроўку сшыткаў правінцыйнага доктара мне дадатковае жыццё не дадуць, узровень магіі не павысяць. Было б што каштоўнае – даўно б хтось злапаў. Вунь цэлая паліца кнігамі ды брашурамі застаўленая аўтарства Люцыяна Корвуса, значыць, нейкую вагу ў прафесіі меў, не веру, што архіў ягоны не ператрасалі. А што мне да той неўралогіі-псіхапаталогіі?

Я адвярнулася ад стоса сшыткаў на карункавым абрусе і рушыла да сакратэра, ніжнія шуфляды якога пакуль не абгледзела. Ну дзе ж хоць след Віталя!

З канвертаў вытрасаліся аркушыкі, спісаныя самымі рознымі почыркамі, чарнілам, алоўкам. «Дохтур памажыце напрамілы бог ад сына ў бальніцы адмовіліся безнадзейны кажуць. Матку не пазнае сядзіць сабе на краваці ды хістаецца чарацінай аж страшна ды мыкае», «Вы наша апошняя надзея, Люцыян Станіслававіч, не адмоўце», «Няма слоў, каб выказаць нашу ўдзячнасць»…

Але было і іншае: «Доктар Корвус, вы – шарлатан, які ганьбіць савецкую навуку».

На пальцах заставаўся папяровы пыл, нібыта пылок ад крылаў вялізных мёртвых матылёў. На самым дне шуфляды, асобна ад іншых, пажаўцелы канверт ад нейкага Станіслава Зыгмундавіча Саланевіча з Наўя з больш асабістым зместам.

«Дарагі Люцыян! Гасподзь даў табе дапытлівы светлы розум, я ўсведамляю, што ты ніколі не зможаш спыніцца на дарозе спазнання. Але далёка не ўсё, што чалавецтва можа прыдумаць у сваёй мітуслівай празе камфорту, вартае здзяйснення. Так, цялеснае здароўе – гэта важна… Але бясконца працягваць існаванне фізічнага цела заміж духоўнага ўдасканалення? Якія пачвары ў выніку ўтворацца, Люцыяне! Гэта ўсё роўна, што штучна затрымліваць развіццё вусеня, не даючы яму ператварыцца ў кукалку, а пасля ў матыля. Людзі павінны хварэць і паміраць, баяцца і пераадольваць страх, кахаць і пакутаваць ад кахання. Без болю не бывае ні жыцця, ні шчасця. Згадзіся, жыццё існуе толькі ў працэсе памірання, штохвіліннага, штосекунднага. Чалавек застаецца чалавекам, толькі калі ён здольны напоўніцу адчуваць, перажываць, а галоўнае, суперажываць, а гэта немагчыма без увесьчаснай барацьбы звера і анёла ў душы, без усведамлення, што кожнае імгненне можа быць апошнім, і тады нічога не выправіш. Ты “вяртаеш да розуму” “няшчасных” хворых… Але паспяховы падонак у маіх вачах і ў вачах Госпада бясконца дурней за таго Яначку з Прытулку, які ведаў дваццаць словаў, затое аддана даглядаў ляжачых з Жоўтага корпуса. А які той Яначка быў шчаслівы, калі хтось яму ўсміхаўся! Хіба ягонае шчасце горшай якасці, чым у таго, хто абараніў кандыдацкую дысертацыю? Прабач за маралізатарства, якога ты так не любіш. Але мне б не хацелася, каб страта блізкага чалавека змусіла цябе загразнуць у бескарысных пошуках».

1989 год, подпіс – «Твой медбрат».

Не, не голема дзед прыдумваў, а філасофскі камень здабываў… Прышпільна. У тыя гады – і такі «рэлігійны» ліст… Слова «Прытулак» з вялікай літары зачапіла стрэмкай. Гэтак называлі лепразорый у фанфіку Ублюдка…

Толькі калі выйшла на двор, падвяселены веснавым сонцам, адчула, наколькі мяне за апошнія гадзіны працяў пах адсырэлай адзежы і старых папер дома на вуліцы Энгельса. Нават бялізна, якую нам учора вечарам вылучыла сястра Маруся, патыхала цвіллю і пограбам. А раніцай яшчэ далучыўся водар трохі прыгарэлай у печы бульбачкі…