Выбрать главу

Аўтэнтыка…

І прыбіральня ў Корвусавым маёнтку была аўтэнтычнай, канструкцыя – «шпакоўня». Хавалася далікатна ў густым кустоўі, ісці трэба было па вузкіх прысадах (а галінкі бэзу ўсё-ткі абселі зялёныя лісцікі, падобныя да дзюбак зялёных качанят).

На дзвярах аўтэнтычнага збудавання, збітага з пашарэлых дошак, прыляпіўся трапічным матылём рэкламны аркушык.

Рэкламавалася іспанская сантэхніка.

Унітаз, белы, фаянсавы, такі самы, які Віталь меркаваў прывезці са свайго апошняга падарожжа.

Нічога сабе знакі ў гэтым квэсце… Эстэтыка панку.

Я дрыжачай рукой сарвала рэкламку і заазіралася, нават адчайнае «Віталь!» зляцела з вуснаў. Не, у прыбіральні ён мяне не чакаў над сакраментальнай дзіркай. І не тлумачце мне, што прыляпілі гэтую рэкламу без усялякага падтэксту, ну хіба паздзеквацца з тубыльцаў, што ніколі не мелі фаянсавага сябра. Я дакладна ведала: гэта Віталь. Ён хоча, каб я здагадалася, што ён жывы. Што за мной сочыць. Калісь ён паўтараў: «Мы творчыя людзі. Для нас норма пачынаецца там, дзе заканчваецца звычайнае».

Самотная чорная птушка наўскос перакрэсліла наіўна-блакітнае неба, нібыта намячаючы шлях хуткага апакаліпсісу. І распалавініцца неба пад апошнім лязом, і выплюхнецца з разрэзу на грэшную зямлю распаленая плынь. «Слепаўрон». Герб з крумкачом называўся Слепаўрон. Адкуль ведаю? Калісь падпрацоўвала ў газеце, дзе трэба было ілюстраваць калонку пра гербы беларускай шляхты.

Чорны птах з пярсцёнкам у дзюбе.

Здаецца, ён спрабаваў стырыць той пярсцёнак у венгерскага караля Маціюша. Маціюш нахабніка прыбіў. І – каралеўская логіка! – дадаў да свайго герба, на якім ужо красавалася срэбная падкова. Можа, ад таксама ўласнаручна прыбітага каня.

Гербам «Слепаўрон» карыстаўся Шыман Касакоўскі, апошні вялікі гетман літоўскі. Цікавы персанаж… Напачатку апантана біўся за незалежнасць Рэчы Паспалітай супраць расейцаў і саюзных з імі войскаў караля Станіслава Панятоўскага. Сварыўся з магнатамі, што хацелі самі ачоліць супраціў. Потым, пасля паразы Барскай канфедэрацыі, памэнчыўшыся па Еўропах, папрасіўся ў расійскую армію. І вярнуўся на чале расійскага войска ўціхамірваць былых паплечнікаў. Паўстанцы Касцюшкі павесілі яго ў Вільні першым са здрайцаў. Проста ў жоўтым шлафроку, узяўшы з ложка.

Не надта спрыяльны герб – крылаты злодзей з чужым золатам, з герба перабежчыка…

Дом Корвусаў, магчымых уладальнікаў герба «Слепаўрон», сустрэў звыклым пахам цвілі, старой паперы і зёлак. Не паспела зачыніць за сабой дзверы…

– Вы не маеце права нішчыць нашу гісторыю! Манкурты!

Дробная цётачка ў лінялай кофце – востры кірпаты нос, маленькія надзьмутыя вусны нібыта ўвесь час прамаўляюць скептычнае «Ну…» – наскоквала на мяне неяк па-вераб’інаму. Акуляры ў масіўнай цёмнай аправе давяршалі вобраз «у бібліятэцы мусіць быць ціха».

– Прабачце, але я не разумею…

Ненавіджу пачынаць фразу з гэтага слабога «прабачце», але ўвесь час само вылятае ў складаных сітуацыях.

– Усе вы, як што, нібыта не разумееце! – цётачка, аднак, трохі сцішылася, можа, пачуўшы беларускую мову ад чужаніцы-захопніцы. Парфума яе пахла падвялымі астрамі. Гэтак праз тыдзень пасля пачатку навучальнага года пахне на сметніку ля школы, куды адправіліся падораныя настаўнікам букеты.

– Рукапісы Люцыяна Станіслававіча маюць гістарычную і навуковую каштоўнасць! Кожная паперка! Таму ўсё, што палічыце непатрэбным, аддайце ў наш краязнаўчы школьны музей!

Непатрэбным я мусіла палічыць увесь архіў, па перакананнях госці. Та-ак, плёткі ў мястэчку распаўсюджваліся з хуткасцю сеціўнага відэа з коцікам.

Цётачка перастала махаць рукамі і выцерла дрыготкімі пальцамі спацелы лоб. Цяпер яна сапраўды нагадвала дробную шэрую птушачку, якая нападае на больш грувасткага ворага, з усяе моцы распушыўшы пер’е, каб здавацца большай.

– Марыя Сцяпанаўна не дапускала нас да архіваў Люцыяна Станіслававіча, казала – забаронена, не мае права… Але ж вы спадчынніца, вы можаце!

– Яна пакуль яшчэ нічога не можа, дакументы не аформленыя! – сярдзіта азваўся Мацей з-за майго пляча – я мімаволі адхінулася назад, каб спінай даткнуцца да свайго абаронцы, які тут жа супакаяльна пагладзіў мяне па плячы. – Не варта нападаць на чалавека, першы раз пабачыўшы!

Мой верны паладын. Толькі вось дракон, ад якога мяне належала бараніць, выглядаў несамавіта. Хаця… такія бедныя кволыя цётачкі, валодаючы тэхнікай напісання скаргаў, не аднаго рэдактара да мікраінфаркту давялі.