– Вы не ўсведамляеце каштоўнасці гэтага архіву! Ніхто не ўсведамляе! А гэта ж Леанарда да Вінчы беларускі быў! – захаплялася цётачка. – Колькі старавежцаў з таго свету павяртаў! Людзі да яго ішлі, як да святой крыніцы. А навукоўцы-бюракраты не верылі, заціралі. Люцыян Станіслававіч аднавіў старажытныя рэцэпты. Сам расказваў, калі я яго ў школу да сваіх вучняў запрашала: можна з дапамогай адных зёлак змусіць мазгі працаваць на сто адсоткаў, спыніць працэсы старэння…
– Эліксір маладосці, значыць, доктар вынайшаў? – скептычна прагаварыў Мацей, і калі цётачка энергічна заківала, мы зусім недалікатна захіхікалі, намагаючыся не сарвацца на брутальны рогат. Справа ў тым, што пару месяцаў таму мы выпадкова натрапілі ў сеціве на ролік, які вучыў прыгатаванню эліксіру маладосці.
Гамеапатычнага.
Са здохлай жабы.
Прычым абавязкова памерлай ад старасці.
Аўтар роліка – у кадры паказваліся толькі ягоныя рукі, валасатыя і дужыя – браў квакуху-нябожчыцу, што мірна спачыла ў акварыуме ягонага сябра, і на вачах шаноўнай публікі перакручваў на фарш у старой мясарубцы. Неапетытнае месіва залівалася гарэлкай. Праз некалькі дзён бралася адна кропля і разбаўлялася ста кроплямі спірту. Потым пяць кропель спіртавога рашчыння дадавалася да шклянкі вады… Пі такую шклянку раз на месяц і жыві вечна! Бо гамеапатыя заснаваная на тым, каб лекаваць падобнае падобным, а значыць, у арганізме, які памёр, так бы мовіць, ад натуральных прычын, абавязкова ўтрымліваецца таямнічы канцэнтрат старасці і смерці…
Як успомню жабу ў мясарубцы – фэ-э… Спадзяюся, эліксір доктара Корвуса прадугледжваў іншы рэцэпт.
Цётачка, пакрыўджаная нашым недаверам, запэўніла, што доктар меў справу толькі з зёлкамі. Вядома, рэдкімі, цудоўнымі, простым смяротным недаступнымі.
Язэп Драздовіч нумар два.
Згаданы легендарны мастак, які, дарэчы, жыў у адзін час з Корвусам, таксама маляваў неверагодныя расліны. Сцвярджаў, што рэгулярна вандруе ў думках і снах па іншых планетах. Убачанае старанна занатоўваў на палотнах і ў дзённіку. Свае сустрэчы з іншапланецянамі тлумачыў цікава. Маўляў, ён не ведае, ці ўбачаныя на Месяцы селяніды былі сапраўды тубыльцамі, ці нашчадкамі каланістаў Зямлі. Бо магчыма, відзежы прыходзяць з будучыні, калі палёты на Месяц стануць будзённымі. А пакуль: «Я бачыў, загадзя бачыў, нашых зямлян – турыстаў, адведваючых нутро цырку Платона. Іх было дзве кампаніі – адна галубая, а другая чорна-шэрая».
Кажуць, Настрадамус быў гэткім жа візіянерам, праўда, яшчэ з дапамогай траўкі. «Я сяджу самотны ў таемным кабінеце, абапіраючыся на мядзяную падстаўку, язычок полымя выходзіць з самоты…» Бачыў нейкія карцінкі з будучыні, толькі апісаць толкам не мог. Метро, ядзерны выбух, кампутары, нью-ёркскія хмарачосы – з чым мог параўнаць? Адны драконы, каметы, караблі, мячы, жалезныя клеткі, вежы, горы…
Што ж, «А Бог заўжды даруе суцяшэнне сваім нябёсным птахам і зямным, што шчабяталі на яго каленях, не ведаючы весела аб ім»…
Між тым Мацею ўдалося супакоіць госцю абяцаннем – каштоўныя паперы не павыкідаем.
– Глядзіце ж… – буркатнула цётачка, папраўляючы вязаны ружовы берэт, які ад ваяўнічых наскокаў уладальніцы трохі быў ссунуўся набок. – А то перастрэліся з участковым ля школы, ён і кажа: «Мартынаўна, там у Корвусаў дом дзеўка сталічная прыехала, глядзі, каб сшыткі якія не павыкідала».
Вось дзіва… Хутчэй мусіў сам той мент заявіцца з праверкай, хто мы такія, а не дасылаць Мартынаўну ў ружовым берэце дзеля ўратавання экспанатаў, якія тут век нікому не патрэбныя былі…
Цётачка пакінула свой тэлефон-адрас на аркушыку з нататніка ў клетачку і восеньскі пах парфумы. Яна сапраўды аказалася бібліятэкаркай. Запрасіла заўтра на сустрэчу з мясцовай знакамітасцю, шаноўным паэтам, аўтарам зборніка «Край мой вазёрны» і лаўрэатам прэміі «Узор духапад’ёмнасці», ці неяк так…
Мы даелі прывезеныя з горада чыпсы са смакам цыбулі, запіваючы біякефірам з мясцовай крамы. Прафесар Корвус з фотаздымка няўхвальна пазіраў, як госці хрумсцелі напханым хіміяй фаст-фудам. Да аўтобуса яшчэ тры гадзіны. Заўтра панядзелак, мне ў метро, Салому – у ягоны офіс з бясплатнымі капучына і бельгійскім шакаладам і закаханай Марго.
Але хто б сумняваўся, што Мацей захоча забраць з сабой зашыфраваны рукапіс. Добра, мне не шкада. Толькі перад ад’ездам трэба паказаць сшытак насельнікам гэтага дома.
Даша і Люба стаіліся ў апошнім па калідоры пакоі, на шырокім драўляным ложку з саматканай посцілкай, і штосьці спрытна вышывалі на доўгім палатне, нізка нахіліўшы галовы. І напявалі на два галасы… Ціхенька-ціхенька…