Выбрать главу
– Спявалі ўланы, дадому ідучы,Дадому ідучы ды маршыруючы…За імі ды войскам як мак, як мак цвіце,За імі ды куліЯк дождж, як дождж ідзе…

Паміж шыбай і гардзінай білася ў істэрыцы тлустая муха. Будзільнік на тумбачцы, заваленай рознакаляровымі ніткамі, жорстка адстукваў секунды, нібыта маленькі бляшаны барабан ліліпуцкага войска гнаў у атаку.

Варта нам было зрабіць крок у пакой, блізнючкі перапынілі песню, страпянуліся і паспрабавалі захінуць вышыванне, ледзь не ляглі на яго.

– Гэта нельга паказваць! Асабліва мужчынам! – адчай плёскаўся ў няроўна пасаджаных вачах Дашы.

– Выйдзіце, калі ласка, а то нам наноў працу пачынаць! – Люба загароджвала працу рукою, быццам гнядзечка птушанят ад нахабнага тхара. Гэта выглядала так жаласна, што ў мяне аж горла перахапіла.

– Салома, выйдзі!

Калі Мацей, паціснуўшы плячыма, прычыніў за сабой дзверы, сёстры адразу ж паспакайнелі, выпрасталіся. Я падумала, можа, мая прысутнасць не такая ўжо недапушчальная, і наважылася затрымацца:

– Прабачце, а ўсё-ткі што вышываеце? Чаму нельга глядзець?

Сёстры пазіралі па-ранейшаму насцярожана, але пасля паўзы Даша ўсё ж адказала:

– Радзінны рушнік. Дапамога для парадзіх. Мужчынам і дзяўчатам, якія не чакалі дзіця, глядзець забаронена – святая рэч страціць моц.

Можна было гэтым задаволіцца і сысці… Мала мяне ў свой час мой Корвус павазіў па ўсялякіх экспедыцыях са зборам бабульчыных рушнікоў. Наглядзелася на пасажныя, аброчныя, на павівалы, завівалы, на рушнікі, на якія прымалі дзіця пры народзінах, якімі адорвалі павітуху, накрывалі немаўля падчас хросту, завязвалі маладой на правай руцэ, накрывалі нябожчыка… Афігець, якая памяць была ў прабабак, кожны рушнік адпаведна выткаць-вышыць. Але мне важная была любая дэталь у гэтай не маёй гульні.

Я глыбока ўздыхнула… Азірнулася на дзверы, за якімі дзесьці быў мой спадарожнік разам са сваім планшэтам і непатрэбнай вернасцю… І распавяла тое, пра што яшчэ нікому не гаварыла. Ні бацькам, ні сябрам, ні вам… І нават са сваёй памяці выкрасліла. Вытрасла, як насыпанае ў туфлік варагіняй бітае шкло.

– Я… чакала дзіця. Праўда. А потым мой муж загінуў, і я… ад перажыванняў…

Відаць, у маім перарваным голасе, у твары было штось такое, што сёстры паверылі, іх вочы напоўніліся слязьмі спачування, а рукі павольна разгарнулі выраб…

Рушнік быў вузкі, у дзве далані, і даўжэзны, метры са два. Нічога падобнага да звычайнага арнаменту. Маленькія фігуркі ў сярэднявечных строях…

– Жыццяпіс святой Маргарыты! – патлумачыла шэптам Люба, «левая сястра». – Святая Маргарыта заўсёды парадзіхам дапамагала!

– У Старавежску і навакольных вёсках без такога павоя ніхто не нараджаў, – пацвердзіла Даша. – Але мала іх засталося. Вось, копію робім з матчынага. Замовіла нам, упрасіла адна кабета харошая…

Я заўважыла на ложку згорнутую, пажаўцелую, месцамі ледзь не сатлелую тканіну… Так, гэта быў аўтэнтычны рушнік з вышытым жыццяпісам малавядомай мне святой. Мяркуючы па малюнках, святая была вялікай пакутніцай. І цвікі ў яе забівалі. І трызубцамі паролі. І нават цмок яе глытаў, а яна пасля з яго пашчы бесперашкодна выходзіла, трымаючы ў руках крыж. Ніткі, якімі крыж быў вышыты, не страцілі бляску. Не выключана, што менавіта гэты эпізод са шчаслівым збавеннем з чэрава страшыдлы і ўвязваўся ў сярэднявеччы з родамі…

Краі рушніка былі вышытыя кветачкамі. І мяне торкнула: гэта ж тая разлапістая расліна, якую намаляваў у сваім сшытку доктар Корвус!

– Магрэткі, – упэўнена патлумачыла Даша.

– Маргарыткі?

– Не, магрэткі!

Што ж, у кожнай мясцовасці свае назвы… Я асцярожна паднесла да вачэй стары рушнік: там-сям ля вышытых кветак бачыліся абарваныя ніткі і цёмныя плямы.

– А вось сабраныя магрэткі сюды і прышывалі, – Люба пяшчотна кранала пальцам з бледным пазногцем пажаўцелы рарытэт. – Павой абкручвалі парадзісе вакол жывата. А магрэткі на ім і вышываныя, і нашытыя, і палілі іх, каб дымам дыхала кабета, а яшчэ запарвалі, піць давалі. Толькі няма больш у лесе тых зёлак, звяліся.

Ці не быў настой з таямнічай кветачкі тым самым эліксірам маладосці, пра які казала ваяўнічая Мартынаўна? Трэба ж, які просты квэст… Расшыфруем нататкі вар’ята-вучонага, знойдзем цуд-зёлку, прыгатуем эліксір, атрымаем плюс тысячу да кармы, будзем жыць вечна і мець мільёны.

Стоп, а чаму гэта я раптам пачала ў думках казаць гэтае «мы» ды яшчэ планаваць светлую прышласць разам з Мацейкам – бо менавіта ён і меўся зараз на ўвазе? Я адчула сябе вінаватай, нібыта па дарозе за Граалем збочыла ў касметычную краму.