Выбрать главу

– Наша маці нас з гэтым павоем нараджала! – уздыхнула Даша. – А дапамагаў ёй Люцыян Станіслававіч. Без яго б…

Ясна, што без дасведчанага доктара такія роды дабром не скончацца.

А вось з чорным сшыткам атрымалася цікава… Абедзве сястры сцвярджалі, што сшытка гэтага ў доме раней не бачылі. Нібыта з’явіўся сам па сабе, калі вярнуліся апошні раз з бальніцы.

Калі я выйшла з пакоя, мне ўслед гучала ціхае:

– Ля галавы воранДы воран там крача…Ў нагах ды ягоныхЎсё сівы конь скача.
…Мяне ажанілаДы куля быстрая,Мяне абвянчалаДы шабля вострая.

Калі крумкач забівае хамелеона, дык з’ядае лаўровы ліст для ачышчэння. Гэта не трызненне, гэта Леанарда да Вінчы ў сваім «Бестыярыі» пісаў.

Я зірнула за вакно, падзеленае брудна-белай рамай на шэсць раўнюткіх квадратаў. У кожным крывілася пагардліва чужое беларускае мястэчка. Мсціцца, ці праўда на слупе агароджы з’явілася яркая пляма?

Выскачыла на вуліцу, не абуўшы да канца красоўкі, змяўшы заднікі, адтоптваючы незавязаныя шнуркі… Яшчэ адна абвестка пра продаж іспанскай сантэхнікі. Але на гэты раз адрас крамы быў дапісаны ад рукі ярка-зялёным маркерам. Энгельса, 34. Зусім побач. Апошняя лічба мела прымаляваны хвост – тры стылізаваныя пёркі, і нагадвала птушку з вялізнай дзюбай.

Калі крумкач з’ядае хамелеона, навучаецца хавацца на самым відочным месцы.

Я ліхаманкава прыдумляла, па што я зараз – незадоўга да аўтобуса – магу зганяць у краму. Мы паспелі па прыездзе наведаць мясцовы пункт гандлю, набыць неабходныя спешчаным гараджанам для нечаканага начлегу рэчы, ад зубной пасты да аднаразовых пракладак (апошнія, вядома, для мяне).

Хачу пітны ёгурт «Актывіл». Аж не магу без яго ехаць. І не трэба мяне праводзіць, не маленькая… Нікога сваім целаахоўнікам не наймала.

Мацей сумна глядзеў з ганка Корвусавага дома мне ўслед, трохі расплеценая фенечка звісала з яго рукі без кончыка мезенца, якой ён абапіраўся аб вушак дзвярэй, нібыта абарваны ланцуг кайданоў.

Я бегла, раз-пораз трапляючы красоўкамі ў лужыны з пяшчотным бензінавым небам. Ведаю, што мяне разглядалі – рэдкія мінакі, людзі за вокнамі дамоў, пасажыры сіняга «жыгуля» ў воспінах іржы. Можа, хтось па правінцыйным звычаі спрабаваў вітацца – гэта было дзесь паралельна. Свет набыў дакладныя рысы толькі ля крамы на Энгельса, 34, нібыта хтось нарэшце падкруціў акуляр у сапсутым цікаўнымі школьнікамі тэлескопе. Аднапавярховы брудна-жоўты дамок, закратаванае вакно, шыльда з юлёвым на белым «Светлана». Дробнымі літарамі – «Промтовары».

Крама была вузкай, бы карцар для правінавачаных рэчаў. Вузкі стэлаж з абуткам – казачнае дрэва, аброслае гумовымі пантофлямі і чаравікамі. Побач вешалка, аблепленая шурпатымі майкамі фабрыкі «Світанак». Танны парцалянавы посуд, бессаромна яркія пластыкавыя міскі, бензапіла, сенакасілка, лядоўня ў труне з рэдкіх негабляваных дошак, у празрыстым цэлафанавым саване. Белыя бліскучыя бакі лядоўні праглядалі між дошак, і хацелася правесці на гладкай дарожцы пальцам, рызыкуючы падчапіць стрэмку.

Я нічога не стала пытацца ў прадавачкі ў камізэльцы са штучнага чорнага футра, магчыма, той самай Святланы з шыльды. Цётка была паглынутая размовай з мужыком у паношаным брунатным плашчы і куртатым капелюшы, у якім можна ўявіць парыжскага вулічнага мастака. А я ўжо сама прыкмеціла за лядоўняй і шэрагам пральных машын, што здзіўлена лупілі адзінае вялізнае вока на несамавіты інтэр’ер, калідорчык, у якім паблісквалі пачэпленыя на сцены краны і серабрыстыя змеі душавых шлангаў. Прадавачка слізнула па мне абыякавым поглядам.

– Ды халера бяры гэтыя капейкі… З кашалька выслізваюць, як блохі. Дастаеш дваццаць капеек і доўга думаеш, ці гэта дзве тысячы на старыя, ці дзвесце рублёў…

Старавежцы лена лаялі наступствы дэнамінацыі. А я прасоўвалася між кранаў туды, дзе бялелі фаянсавыя артэфакты тэхнагеннай эпохі.

Дзверы ў канцы калідорчыка былі расчыненыя на абгароджаны задні двор крамы. За няйменнем месца туды выставілі частку грувасткага і няпсотнага тавару: чыгунныя ванны, стосы металачарапіцы ды яшчэ нейкія будаўнічыя штукі…

Я знерухомела на траве пасярод чыгунных ванн і звыродлівых гіпсавых гномаў. Іх крывава-чырвоныя ўсмешкі змушалі ўспомніць пра звязкі часнаку і асінавы кол. З шэрага неба зноў сеяўся амаль незаўважны дождж. І чаго я сюды прыпёрлася… За якім прывідам… Дурніца…

Хтосьці апусціў на мае плечы цяжкія рукі і прашаптаў на вуха – аж валасы на патыліцы заварушыліся ад гарачага дыхання:

– Ну, прывітанне, малая…

Раздзел шосты