З’яўленне чырвонага дракона
Сайт: «Пад знакам Урабораса».
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: Kobaabba.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
Fljor Delakur. Пакоцаны док не падобны да Снэйпа. Чытаць не буду(((
Racional. Аўтар відавочна мае неслабыя прэтэнзіі на падняцце глабальных праблем. Хто-небудзь, уключыце камінную сетку і перакіньце чувака кудысь на проза. ру. Сюды прыходзяць па рамантыку, чувак, ну ці паржаць.
Тор Магутны. Аўтар, сам падумай. Санітар голіць непрытомнага хворага. Веру. Заходзіць дактарыца. Не абы-хто – загадчыца шпіталю, хай і в. а. Санітару трэба адбегчыся, і ён вось так запанібрата суне сваёй галоўнай начальніцы брытву: дагалі, маўляў, за мяне, даражэнькая. І тая паслухмяна падпарадкоўваецца. Не веру. Твая бета мышэй не ловіць.
У антычнасці верылі, што кроў багоў цячэ з зямлі. Мусіць, за яе прымалі нафту. А яшчэ можна было ўторкнуць братаў нож у дрэва каля роднага дома, і калі пацячэ з-пад кары кроў – жывы братка, калі вада – згінуў на чужыне…
У пакоі, куды зазіраў Ромка, было шмат крыві – здавалася, нехта шчодра рассыпаў спелыя журавіны на светла-гарчычнай кафлевай плітцы падлогі ды патаптаўся па іх. Не тое каб Ромка Цвічок баяўся, хто ж, пабачыўшы вайну, баіцца крыві… Але тут было ўсё неяк вусцішна і няёмка: стогне цяжарная кабета на кушэтцы, да яе агромністага жывата пад сінім байкавым халатам у цёмных плямах мімаволі прыцягваецца погляд. У барвовым рукі дактароў і іх халаты… А побач страшнае – крэсла-распорка, як для катавання, на ім змятая белая прасціна, і таксама ў крыві. Чаго папёрся неадкладна шукаць Жэньку, не пачакаў? Тут справы такія, кабечыя, забароненыя мужчынскаму воку…
Праўда, Жэнька, кінуўшы сярдзіты позірк на няпрошанага візіцёра, які застыў слупом у дзвярах, ужо адышла ад пацыенткі і моўчкі мыла рукі. Вада з грукатам білася ў бляшанае дно ўмывальніка, быццам залева шумела ў рынах.
– Доктар, а дзіцятка жыць будзе? Яно ж невінаватае, хто ягоны бацька…
Цяжарная павярнула збялелы твар – рысы тонкія, рахманыя – да другога ўрача, які паспеў вымыць рукі і засяроджана выціраў іх рушніком.
– У вас будзе двойня, Ганна Апанасаўна… Двайное шчасце. Дзеці – заўсёды шчасце, ад каго б ні нарадзіліся. Тут ніхто не нашкодзіць ні вам, ні ім.
Такі спакойны, ветлівы голас – хоць замест валяр’янкі прымай ад нерваў. Корвус! Трэба ж, які і быў. Размераныя рухі, выпрастаная постаць, трохі запалыя светлыя, аж празрыстыя вочы… Толькі відаць, што нос ламаны, і не раз.
Ромка выскачыў у калідор, прыціснуўся спінай да халоднай сцяны, працягваючы праз прыадчыненыя дзверы чуць надрыўныя стогны жанчыны.
– Дзіцятка не вінаватае… Яго бацька не немец нават, ён з Румыніі аднекуль… Маладзенечкі… І нікога не забіваў. Музыкант ён… Дудачкі такія рабіў зграбненькія з кары, а граў, як Лель…
Нешта ў кабінеце агідна забразгала, мусіць, страшныя жалезныя інструменты. Жэнька ціха перагаворвалася з Люцыянам, лацінскія тэрміны ператварылі гаворку ў неразборлівае булькатанне ручаіны. А потым Корвус зноў загаварыў сваім пераконваючым голасам:
– Яшчэ пару тыдняў трэба пачакаць, Ганна, і можна рабіць кесарава. Заснеце, а прачнецеся – каля вас ужо дзеці. І рушнік гэты чароўны абавязкова каля вас будзе, і кветачкі…
Пад ціхія падзякі Люцыян, ужо ў іншым, чыстым, халаце з накрухмаленымі складачкамі, выйшаў на калідор, трымаючы пад пахай пажаўцелую звернутую тканіну. Падобна, ледзь утрымаўся, каб не патрэсці Ромку, як восеньскую ігрушу:
– Вы ж у шпіталі, Раман, як можна вось так, без халата, урывацца ў аперацыйную… А калі б мы не скончылі маніпуляцыі? У нас вельмі складаны выпадак.
Але Цвічок адразу выгукнуў абуранае:
– Дык яна, ваша пацыентка, ад фашыста дзіця чакае? І вы вакол яе танчыце?
Корвус узяў былога вучня цвёрда за перадплечча, адцягнуў далей па калідоры, загаварыў ціха і строга:
– Кожнае дзіця мае права на жыццё! Нават калі з’явілася ад гвалтаўніка – з яго можа вырасці цудоўны чалавек. А тут зусім іншы выпадак, і не нам судзіць. Ганна – са Старавежска, суседка Яўгеніі. Яе мужа, чыгуначніка Ахрэма Саколку, немцы павесілі за сувязь з партызанамі.
– Ну, пра Саколку чуў… І яе бачыў у горадзе… – буркатнуў Ромка. – Тым жахлівей, муж – герой, а яна…
– А яна з немаўлём апынулася ў канцлагеры, – змрочна перабіў Люцыян. – Як яны выжылі – цуд… Каб не хуткае наступленне нашых… А ў мінулым годзе брыгаду ваеннапалонных прыслалі ў Старавежск адбудоўваць завод. Вось і… пазнаёмілася наша ўдава з тым музыкам-Марыкам, пашкадавала. Калі гараджане даведаліся пра яе цяжарнасць, зацкавалі. А аднойчы падпільнавалі нейкія падонкі і збілі, цэлячы ў жывот. Небарака пакінула дачку ў сваякоў. Сюды дайшла сама, сцякаючы крывёй. І мае права на прытулак, як усе мы.