Людзі, вайна ідзе! Бязглуздая, несправядлівая, крывавая… Вы апраўдваеце яе ўра-патрыятычнымі лозунгамі. Вы глядзіце ў інтэрнэце відэаролікі пра чужыя смерці, заядаючы чыпсамі. Вам не хочацца думаць, што вы ў чымсьці вінаватыя. Вам хочацца зоны камфорту. І вуаля – вашу ўвагу паглынае раман між тыграм і казлом.
Цікава, ці пішуць фанфікі пра Амура і Цімура? Мае аўтары маглі б раскруціць сюжэт. У логвішчы Урабораса ёсць такі Fairy, ён мог бы пасяліць у цела Амура дух бога Тора, а ў Цімура – дух валькірыі… Але не, Fairy любіць катэгорыю слэш, таму ў казла ўсяліўся б Локі. А рамантычная Fljor Delakur, студэнтка-біёлаг з Баранавіч, якая працуе ў рэйтынгу джэн (без эротыкі), жанры «раманс» і катэгорыі «гет» (традыцыйная арыентацыя герояў), сачыніла б, што тыгр і казёл – пярэваратні. Разлучаныя злой вядзьмаркай закаханыя па начах вяртаюцца ў свае абліччы. Толькі ў яе застаюцца рогі, а ў яго – паласаты хвост. А можа, наадварот, мужык у яе казёл. А аматар сцёбу і стымпанку Grjaznyj Ubljudok, пра якога я не ведаю нічога, акрамя ніка, прыдумаў бы, што казёл і тыгр – мутанты, вывучаюць людства на прадмет заваяванняў і самі пішуць пра сябе скандальныя навіны ў сацыяльных сетках.
Прыкрываю вочы – перад павекамі разыходзяцца жоўтыя колы, адлюстраванне беднага майго сонца на паверхні лужыны. Побач агідна запіпікаў кампутар, быццам сігналізацыя аўто. Кідаю погляд направа, дзе за маніторамі дзяжурыць Паша. «Рубят лес мужики», – ціха напявае брутальны карузлік з Пашавага кампа, не зважаючы на віск сістэмы. Малады бялявы мент вяла калупае пластыкавым відэльцам катлету. Ейны пах з’ядноўваецца з пахам майго хека ў смяротна-смуродны дуэт. А на маніторах рухаюцца чорна-белыя людзі.
Кожны экран падзелены на шэсць квадрацікаў, па колькасці камер. Здаецца, над пасажырамі станцыі праводзяць пачварны эксперымент, рассадзіўшы па шкляных скрынях.
Адкідваюся ў крэсле, каб лепей бачыць: відовішча заварожвае… Потым зноў адварочваюся да свайго манітора… Пакуль па каменнай падлозе штось не загрукатала. Аказалася, Паша скінуў бляшанку «Фанты»… Мой погляд зноў чапляецца за карцінкі знізу… Якраз у гэты момант адзін з мінакоў, што пакідае станцыю, падымае галаву і чамусьці глядзіць уверх, проста ў камеру… Нядоўга, на адно імгненне, ягоныя вочы ўзіраюцца ў мяне… Палец нервова трэ лоб, наўскос, нібыта намацвае шнар, як у Гары Потэра…
Гэтага імгнення хапае, каб і відэлец выпаў з маёй рукі, і ад сутаргавага руху на падлогу, пад якой ездзяць цягнікі і ходзяць шэратварыя зомбі, пляснуўся хек у цесце разам з дзвюма лыжкамі парашковага бульбянога пюрэ.
Я глядзела, як на правым маніторы ў скрайнім верхнім квадраціку аддаляецца постаць у чорнай скураной куртцы, з наматаным на шыю доўгім піжонскім шалікам, і спрабавала ўдыхнуць прапахлае мазутам паветра, бо яно чамусьці не ўдыхалася.
Бо мужчына ў чорнай куртцы з шалікам, з моднай хіпстарскай бародкай і паголенай галавой быў Віталь Корвус.
Мой муж.
Якога, між іншым, прызналі мёртвым.
Па рэйках метрапалітэна прагрукатаў Белы Трактар.
Раздзел другі
Куды не дайшоў Францыск Асізскі
Сайт: «Пад знакам Урабораса».
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: шукаю.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
Альберт Вялікі сцвярджаў у сваім трактаце, што калі хочаш вызваліцца з нейкіх путаў, трэба знайсці гняздо сарокі з птушанятамі. Залезь да таго гнязда і абвяжы яго спрэс вяроўкамі. Сарока прыляціць, пабачыць, што справы дрэнь, і прынясе чароўную траўку, якая разарве ўсе абвязкі. Не забудзься толькі пасцяліць пад дрэвам анучу, на якую павінна ўпасці выкарыстаная чароўная расліна, альбо жабер-трава, і з ёю ты заўжды вольны!
Гэх, не пашкодзіла б цяпер тая траўка – на горшы выпадак. Сарокі вунь скачуць з елкі на елку, стракочуць у прыцемку ды золі, так і чуваць у іхнім пранізлівым голасе лаянку «Каб вам духі выперла, як вы праз наш лес прэце! Каб вас спруткавала, чалавекі, як вы адзін аднаго пруткуеце!»
Рэм падпёр нагой у брудным боце галаву Люцыяна. Непрыемна глядзець, як ківаецца з боку ў бок на дошках кузава, калі грузавік падскоквае на выбоінах і карэннях. Каб была тут Малгося, прысела б з непрытомным чалавекам побач, паклала галаву яго сабе на калені, абцерла запечаную кроў… Але Рэм абедзвюма рукамі ўчапіўся ў борт кузава, каб не вылецець на дарогу – Малгося была ў кабіне і гнала машыну, як авадзень ашалелае жарабя. Нічога, не да сантыментаў. На фронце ды ў партызанцы звыклі да бруду і крыві. Урэшце, усё, што сёння можна было ўтварыць з абліччам спадара Люцыяна Корвуса, зроблена, страшней не стане. Пазнаць іхняга былога настаўніка біялогіі можна цяпер хіба па шнары на шчацэ, які нагадвае абрысам птушку ў палёце. Калісьці яны, дзевяцікласнікі Старавежскай сярэдняй школы, гадалі, адкуль у іх новага выкладчыка, маладога, але з пасівелымі скронямі, загадкава-змрочнага, гэткае ўпрыгожванне, тады яшчэ барвовага колеру. Жэнька Равіновіч, ужо тады закаханая ў старшыню школьнай камсамольскай ячэйкі Рыгора Самуся, высунула зусім дэкадэнцкую версію. Шнар – першая літара імя нешчаслівага кахання таварыша Люцыяна Станіслававіча. Той у адчаі сам выразаў на сабе літару «Л», каб вечна помніць здрадлівую альбо памерлую Лену, Лілю, Лізавету.