Выбрать главу

Што ён гародзіць? Я вырвала сваю руку з ягонай і падскочыла да паліц. На ніжняй – з дзясятак кніжак са складанымі навуковымі назвамі, на карэньчыках якіх значылася «Д. І. Каструковіч».

– Гэта што… ты ўсё напісаў?

Корвус паціснуў плячыма.

– Мне дасталіся плённыя гады.

Я ўспомніла выпадкова пабачаныя кадры з навінаў – тэлевізар увогуле не гляджу, замбаскрынку клятую. Імпазантны маладжавы вучоны з сівымі скронямі, у акулярах у тонкай пазалочанай аправе штось разумнае гаворыць у мікрафон, час ад часу ашчаджаючы публіцы галівудскую ўсмешку.

– Гэтага ж Каструковіча на Нобелеўскую прэмію вылучалі! З тваімі адкрыццямі! Несправядліва! Ты апусціўся да становішча навуковага ценявога раба!

Люцыян працягваў лёгка і сумна ўсміхацца.

– Якая розніца, пад чыім прозвішчам – галоўнае, ідэі ўвасабляюцца, удаецца камусь дапамагчы. Я ж даўно мёртвы. Магчыма, Гасподзь даруе мне мой выспятак Пані Смерці за гэтую працу. Але так доўжыцца не можа. Як дзіця ўпадзе, анёл падушку кладзе, як стары ляжыць, чорт камень дзяржыць…

У голасе не было ні адчаю, ні суму.

– Ты збіраешся пакінуць нарэшце гэтае месца?

– Я застануся тут назаўсёды. У сваёй радавой сядзібе.

За простымі словамі ўгадвалася штось страшнае.

– Я шчаслівы, што змог з табой развітацца.

Нейкі агрэгат у лабараторыі раптам агідна запіпікаў, Корвус імкліва падбег, панаціскаў на нейкія кнопачкі… Выглядаў цалкам здаровым і спрытным.

– П-паслухайце, Люцыян Станіслававіч, вы што, на Вірынеі т-таксама эксперымент ст-тавілі? Гамункулуса свайго задумалі, сачылі за ёй, ад раддома п-пачынаючы? Чаму ж нічога не зрабілі, калі яе акруціў п-прайдзісвет з вашым прозвішчам?

Саламярэцкі заікаўся ўсё заўважней.

– Вы мяне дэманізуеце, шаноўны Мацей, – Корвус нават не раздражніўся. – Я не збіраўся і не мог умешвацца ў жыццё Вірынеі. Калі ўжо сацыяльныя сеткі з’явіліся – так, мог тое-сёе адсочваць. А той Корвус… – Люцыян паморшчыўся. – Спрактыкаванаму псіхатэрапеўту ілгаць марна. Я адразу зразумеў, што мой так званы пляменнік – засланец. І вельмі шкадую, што ў свой час зрабіў памылку: адпісаў табе, Вірынея, сваю спадчыну. Не падумаў, што адразу прыцягну да цябе непатрэбную ўвагу. Дый маці твая ўгневалася б неверагодна. Але бачыш як – ты ўсё роўна цяпер мая спадчынніца. Здараецца, падманшчыкі перайграюць самі сябе.

– Дык гэта вы дасылалі мне фанфік на сайт?

– Дасылаў, – неяк па-хлапечы гарэзна ўсміхнуўся Корвус. – Нік, праўда, пазычыў… Дакладней, выкупіў у аднаго твайго фікрайтэра, які вырашыў сысці з фандому. Але аўтар тэксту не я.

– А хто? – недаверліва папыталася я.

– Ты.

Адказ з прысмакам містыкі.

– Дакладней, не ты, – замяўся Люцыян, – а Жэнька. Прабач, для мяне вы зліваецеся ў адно бясконцае маё каханне. Калі яна не ўставала ўжо, мы з ёй пачалі такую гульню… Жыццятворчасць. Як сімвалісты. Ператвараць перажытае ў захапляльны аповед. Уяўлялі, быццам кіно здымаем. Сачынялі разам, збольшага яна… Я запісваў. Шыфр яшчэ з дапамогай рабіна Саламона Барысавіча засвоіў, у пяцідзясятых. Ну, ты памятаеш… Люблю лагічныя задачы і не люблю, калі мая асабістая прастора не абароненая. Хто ж ведаў, што мой сшытак выкарыстаюць як пастку для вас, Мацей…

Корвус стаяў, выпрастаны, як вой на апошнім шыхтаванні перад бойкай. У яго неяк дзіўна пульсавалі зрэнкі. Сціскаліся і пашыраліся ў рытме сэрца, усё больш. І я чамусь ведала, што зараз яму робіцца… балюча… Вельмі балюча…

– Ну, усё, дарагія сталкеры. Хутка са мной будзе праблематычна весці гаворку. Ідзіце і жывіце.

Я не магла зразумець, што адбываецца, але на мяне насоўваўся нейкі жах.

– Чаму ты развітваешся?

– Таму што мне пара.

Ясны позірк, лёгкая ўсмешка… Нешта дзіўнае з абліччам. Я схапіла свайго самага дарагога чалавека за руку, здагадка пацвердзілася: усё дужае цела нібыта пульсавала… Быццам бомба перад выбухам.

– Мне даўно ўжо трэба было легчы пад кропельніцу. Працэс пачаўся. Я так згвалціў уласныя клеткі, што, думаю, калі перастаць іх штучна ўтрымліваць у форме, і хаваць асабліва не будзе чаго. Віктар Франкенштэйн і ягонае стварэнне ў адной асобе, халера.

Ён яшчэ жартаваў!

– Ну і яшчэ тое-сёе паспею… Мацей, падыдзіце да мяне!

Салома паслухмяна наблізіўся да Корвуса. А той раптам узяў яго абедзвюма рукамі за скроні, утаропіўся ў вочы сваім пранізлівым позіркам – цяпер невыносна пранізлівым, з пульсуючымі зрэнкамі, часам яны наплывалі ажно на ўсю радужку, і вочы здаваліся бяздонна-чорнымі.