Віталь сядзеў, унурыўшыся, з напружанымі плячыма, нібыта несправядліва арыштаваны на лаўцы падсудных.
– Ты сапраўды верыш, што ўсё, напісанае ў сшытку ды фанфіку, – праўда?
Я не стала расказваць пра сваю абуджаную другую асобу… Пра тое, што я памятала пра Люцыяна Корвуса і што адчувала да яго. Два Корвусы – гэта ўжо дыягназ.
– Пасля вашага ад’езду ў адным з будынкаў дыспансера знайшлі труп вартаўніка. Лук’яна Сцяпанавіча Дзякловіча. Здаецца, ён быў навукоўцам-аматарам.
– Трупа не бачыла.
Галоўнае – не сарвацца на істэрыку.
– І самае цікавае, Вірынея, труп выглядае так, нібыта праляжаў месяц. Хаця Дзякловіча тыдзень таму бачылі жывым. І хто вас запусціў на тэрыторыю дыспансера, калі не было каму адчыніць вароты, акрамя сабак?
Я маўчала. Неяк не адчувала моцы прыдумаць праўдападобныя версіі.
– Ну, у любым выпадку, тут справы закончаныя, мы з табой едзем на Куршскую касу.
Лагічны пераход… І адказ лагічны.
– Не.
Мне цяпер ёсць з чым параўноўваць вастрыню пачуццяў… Цела майго суджанага ўжо збуцвела, стала прахам… Як залатое руно, якое на тысячу год забыліся ў каморы Медэіных нашчадкаў побач з амфарамі з віном і воцатам.
Віталь пацёр пальцам лоб, разгладжваючы неіснуючы шнар.
– Я разумею, што ты крыўдуеш і за свайго батаніка. А я, між іншым, яго выратаваў. Сцёр запісы. Пайшоў на злачынства.
Я недаверліва падняла вочы на колішняга мужа, той патлумачыў са змрочным гонарам:
– Ніхто не даведаецца, што вы там былі. Смерць Дзякловіча спішуць на хранічную хваробу. Занадта вялікія людзі зацікаўленыя, каб усе канцы патанулі ў дрыгве.
Ён відавочна лічыў, што ягоны ўчынак выправіць мінулае.
– Гэта нічога не зменіць. Віталь Корвус памёр і даўно аплаканы.
На мабільніку зайгралі «Ліцвінтролі». «Пахне чабор… Па-па-пахне чабор…» Савецкі паэт Броўка не ўяўляў, колькі металу можна закатаць у ягоныя лірычныя радкі.
– Гэта Мацей Саламярэцкі тэлефануе. Запрасі яго. Ён ужо каторы час пад тваім вакном тырчыць. А то я сам запрашу…
Значыць, двубой? Я, адчуваючы сябе хрушчом, якога праганяюць па кардонным лабірынце з дапамогай шпількі, націснула зялёную кропку на экране і, не слухаючы ўсхваляваных пытанняў Саломы, кінула:
– Заходзь.
Ён уклаўся ў пятнаццаць секунд.
Два мае мужчыны глядзелі адзін на аднаго так, як… як мужчыны, што прэтэндуюць на адну жанчыну (трон, прэмію, месца за столікам). Калі б паміж іхнімі позіркамі паставіць шклянку з вадой, закіпела б.
– Твая праграма аказалася бракаваная, – нарэшце холадна вымавіў Віталь. Мацей нават не спрабаваў схаваць зласлівай усмешкі.
– Ведаеш, злодзей, які наракае, што выцягнуў пусты кашалёк, не выклікае спачування.
Ён не заікаўся! Зусім! Мусіць, падарунак Магістра!
Фальшывы Корвус хмыкнуў:
– А ты ведаеш, геній недароблены, што той вірус, які ты прыдумаў для сваёй праграмы, мабыць, каштоўнейшы за яе?
І, гледзячы на выцягнуты твар Мацея, канстатаваў:
– І не падумаў, значыць. Птушка Божая. Цябе закрылі б. За кампутарнае шалберства. У цябе ж цяпер рэпутацыя… Няма каму заступіцца. Закрылі б, і нікуды не падзеўся ад супрацоўніцтва. Ніхто б мілыя размовы больш не вёў. Хіба што па нырках.
– І… чаму ж мяне не зачынілі? – саркастычна папытаўся Мацей.
– Таму што адзін сентыментальны агент усё сцёр – да таго, як хтосьці зразумеў, што гэта не проста вірус, – гучала таксама з сарказмам. – Сцёр нібыта выпадкова, зразумела. Што не служыць апраўданнем. Так што я цяпер таксама беспрацоўны.
– Дык я табе павінен дзякуй сказаць? – Мацей насупіўся, на ўпарты лоб зухавата, па-шляхецку ўпаў чуб.
– На тым свеце вугалькамі разлічымся, – скрозь зубы прасіпеў Віталь. – Я пра яе думаў, – кіўнуў у мой бок. – Могуць пацягнуць за сведку. А потым да цябе ў зону са шкадобы апельсіны цягаць будзе. Яна ж і была з табой ад шкадобы.
Мацей нядобра выскаліўся, майка на грудзях нацягнулася над напятымі цягліцамі, намаляваны Кафка, здаецца, злавесна вылупіў вочы.
– Шкадавала, кажаш? Ну і добра. Мне і драбочка яе шкадобы хапае. А вось табе, падонак, чаму цэлага яе кахання не хапіла?
З Яўгена ўсё-ткі зляцела прафесійная раўнавага, бо ён больш не думаў, як выгадна выглядаць:
– Вось твая ўдзячнасць, разумнік, за ратунак! Думаеш, я не магу цябе ўмомант на зону адправіць, каб фанабэрыю збілі?
– Адпраўляй, даносчык! Усё роўна Вірынея з табой не будзе! А ўздумаеш на яе маім лёсам ціснуць – дык я лепей з жыцця сыду!
Мацеевым словам я верыла.
І вось тут мусіў прагучаць медны гонг… Альбо турыны рог… Альбо вокліч герольда. Яны стаялі насупраць адзін аднаго. І я пабачыла, што абодва аднолькавага росту, магутныя, гожыя і не Корвусы.