Выбрать главу

Ды што ж такое…

Слёзы самі пакаціліся з маіх вачэй, істэрыка прабіла канкрэтна. Паладыны адразу сціхлі і схіліліся нада мной, праігнараваўшы істэрычнае «Пакіньце мяне», «Нікога не хачу бачыць» і сакраментальнае «Вы нічога не разумееце».

– Я б гэтага дзеда-эксперыментатара сам па падлозе размазаў… – прагаварыў тужліва Віталь.

– Але каб не ён – і яе б не было, – гэтак жа змрочна заўважыў Мацей.

Ад злосці на сябе, на іх і на глабальную несправядлівасць я села, сцяўшы зубы і выцершы апухлы твар рукавом. У вас не самая гламурная прынцэса, панове. Ну і што? Староста берасцейскі Сапега забараняў пахолкам пасля банкетаў мыць срэбныя талеркі. Каб серабро не змылася. Таксама рукавом пратруць – і далей навальваюць лёды і кумпякі.

Я разумела, што клубок скрываўленых нітак нехта мусіць нарэшце разблытаць… А там, дзе немагчыма, – разарваць. Падняла вочы на Віталя. Ён адчувальна напружыўся.

– Скажы праўду: як там было ў Закапанэ з аварыяй?

– Я ж казаў – напіўся. Набухаўся як бабёр. І паехаў у горы. Рэзка расхацеў быць Віталём Корвусам. Мне сказалі, я мушу цябе… перавесці з пасіўнай крыніцы інфармацыі ў актыўную.

– Завербаваць, карацей, – злосна выгукнуў Салома.

Віталь скрывіўся:

– Нейкая ў вас двайная бухгалтэрыя, спадарства, з вашай нянавісцю да «гэбні». Сістэма дзяржбяспекі існуе паўсюль, тэракты вы асуджаеце, фільмы пра Джэймса Бонда любіце.

Мацей сціснуў кулакі:

– Бонд, блін… Наіўных дзяцей расцвельваць, а потым здаваць. Як там сапраўдны Корвус пісаў? У любой беларускай тусоўцы заўсёды з’явяцца кат, здраднік і ахвяра?

– А вы заўсёды можаце іх адрозніць?

Я пляснула даланёй па часопісным століку, які не асабліва пакрыўдзіўся, бо ўвогуле звык, што я выкарыстоўваю яго заміж лесвічкі.

– Хопіць! Майго мужа Віталя сапраўды больш няма. Бывайце, Яўген.

Не ведаю, ці была я так ужо моцна яму патрэбная, сем год на зямлю, як недаедзены суп, не выплюхнеш, але і пра абыякавасць гаворка не йшла. Думаю, ён сапраўды кахаў мяне. Так, як умеў.

– Добра, жывіце – з маёй ласкі. Але на добрую працу ў бліжэйшыя гадоў дзесяць не разлічвайце. І праз мяжу не раю спрабаваць пераехаць.

Дзверы ляснулі так, што прусакі ад інфаркту маглі б паздыхаць.

Салома схадзіў на кухню, прынёс кубак гарбаты. Рамонкава-мятнай. З чатырма кавалачкамі цукру.

– Мне таксама пайсці?

І за пытаннем не хавалася прыніжаная просьба «Пакінь мяне, я той самы, хто табе трэба». Але я прамовіла:

– Заставайся. Ты ж усё роўна будзеш у машыне пад маім вакном сядзець.

– Буду, – падумаўшы, згадзіўся Мацей.

Я адсёрбнула гарбаты. «Рэптыльныя» ўспаміны гаслі, сціраліся, ад таго падзеі апошніх гадоў бачыліся ўсё больш ясна… Што ж, трэба вучыцца жыць без Корвусаў у сваім жыцці.

Мацей моўчкі выпростваў суставы складнога фатэля, які ўжо гадоў пяць, пасля таго як начавала мая стрыечная сястра з Гародні, не выцягваўся ва ўвесь рост.

– Я была з табой не ад шкадобы.

Мацей кінуў на свой часовы ложак плед.

– Толькі не кажы, што ты мяне ўвесь гэты час кахала, але толькі цяпер гэта зразумела.

І сапраўды, неяк тэатральна атрымалася б…

– Я столькі ўсяго наадчувала апошнім часам, што не ведаю, дзе было каханне. Паслухай, а вось табе – нашто ўсё гэта? Калі жыццё – за драбочак шкадобы…

Салома паціснуў плячыма.

– Помніш, як ты да Люцыяна Корвуса кінулася? Ты можаш рацыянальна свае пачуцці вытлумачыць? Не? Вось і я не магу.

І паклаў на зямлю паміж сабою і прыўкраснай дамай аголены меч, каб ноччу асцерагчыся ад спакусы цялеснай… Жартую. Проста лёг на крэсла, адвярнуўшыся ад мяне, накрыўся з галавою пледам і засоп.

А назаўтра, насуперак пагрозам Яўгена-Віталя, высветлілася, што мяне рэабілітавалі і я праз тыдзень перасяляюся са станцыі метро назад у офіс, на другі паверх някідкай жоўтай будыніны ля вакзала. Я так і называла яе – «жоўты дом». Мае суседзі па метро, Паша і Вадзім Максімавіч, раптам засмуціліся ад звесткі пра перасяленне, паведамілі, што я ўпрыгожвала іх існаванне сваёй каштоўнай прысутнасцю. Фея сутарэнняў. У пятніцу нават на торцік скінуліся з трускаўкамі.

Я ела пластыкавай лыжачкай торт, пада мной, на станцыі, праходзілі людзі з шэрымі тварамі, і на маніторах соўгаліся яны ж…

Скрайні правы манітор паказваў мужчыну ў цёмным доўгім плашчы, нейкім старамодным… Перад відэакамерай мінак спыніўся і зазірнуў у яе цёмнае вока…

Лыжка выпала з маіх пальцаў.

Я дагнала чалавека ў чорным плашчы, калі ён яшчэ не паспеў адысціся ад станцыі.

І не. Гэта не быў зноў уваскрэслы Люцыян Корвус. І не быў ягоны клон ці штучна зароджаны ягоны нашчадак… Незнаёмы мужык з панылым маршчыністым тварам глядзеў на мяне, як на штрафную квітанцыю і на маё «Прабачце, я памылілася» толькі моўчкі адвярнуўся.