– Ірына!
Да мяне падруліў Белы Трактар. Дакладней, белы старэнькі аўтамабіль з высокай пасадкай, з іржой, што ўспаўзала з усіх краёў на ягонае цела. Няўжо савецкая «Ніва»? Старэча дыхаў з падазроным сіпеннем.
– Сядай…
Белы Трактарыст, які больш не заікаўся, скіраваў антыкварыят з маторам на разварот. У салоне пахла цвіллю, быццам ім карысталіся вадзянікі.
– Адкуль гэты драндулет? – не вытрымала я.
– Абмяняў на свой «Форд», – няўважна прамовіў Мацей. – Галоўнае, на хаду. А мне трэба было апошні ўзнос за кватэру зрабіць.
Значыць, і зберажэнняў не засталося… Я ўспомніла нашы паходы па элітных рэстарацыях і паездкі то ў Бруге, то ў Бардо, каву ў Вільні і гарачы шакалад у Львове, усё, зразумела, за Мацееў кошт. Спадзяюся, ён не вырашыць, што калі не зможа мяне вось так песціць, я расчаруюся? На ўсялякі выпадак вырашыла сказаць як мага больш праўдзіва:
– Класная машына!
– Ламачча, – абыякава кінуў Салома. – Бацька пабачыў, доўга смяяўся, бо на такой самай яны студэнтамі на выпускным каталіся, а мая маці на яго бутэльку шампанскага выліла за чаплянне.
Я апусціла вочы.
– Нават калі і такой машыны не будзе – не страшна. Пешкі падарожнічаць яшчэ прышпільней.
Мацей скептычна хмыкнуў.
– Мне тут працу падагналі… Сайт гістарычна-турыстычны. Буду праграмаваць… Хочаш – далучайся як дызайнер. Заказчыкі настойваюць, каб акцэнт быў менавіта на беларушчыне. Паўстанцы, рэпрэсаваныя… Ты ж хацела галерэю іх партрэтаў стварыць. Пакуль незразумела, ці шмат заробім…
– Я згодная!
Гэта вылецела само па сабе. Радасна.
– Добра. У панядзелак сустрэнемся, пагаворым падрабязней. Цябе адразу завезці дадому, ці куды хацела заскочыць?
Нават не прэтэндуе на маю кампанію? І так цэлы тыдзень мы толькі перазвоньваліся. Лаканічна. Мацей не спрабаваў дамовіцца аб сустрэчы, пытаўся толькі, ці не трэба чым дапамагчы. А мне няёмка было клікаць да сябе. Але цяпер – не вытрымала.
– Паслухай, я… я думала, мы разам правядзём выходныя…
Саламярэцкі спыніў Белы Трактар на светлафоры, жылка на ягонай скроні білася, як шалёная.
– Добра.
Мяне пачала ўжо мучыць гэтая ягоная спакойная лаканічнасць.
– Мацей, я разумею, што я не лепшы чалавек. У мяне прусакі ў галаве такія, што імі ў боўлінг гуляць можна… Я ніколі не думала пра твае інтарэсы…
– Але я цябе ўсё роўна кахаю, – перабіў Белы Трактарыст мой пакаяльны маналог на самым цікавым месцы.
І я раптам зразумела, як мяне насамрэч завуць.
«Алеяцябеўсёроўнакахаю».
Даўгавата, але мне падабаецца. Вельмі падабаецца.
Белы Трактарыст скасавурыўся на маю шчаслівую фізіяномію, і ягоныя вусны таксама кранула ўсмешка.
Мнемазіна патупала па мінулым і сышла, пакінуўшы па сабе друз таго, што здавалася непарушным, а тое, што падавалася часовым і хрусткім, як ракавінка, раптам вытрымала націск свінцовых абцасаў без драпінкі. Дзесьці ёсць Старавежск з ягонай паўразбуранай ратушай і зарослымі сівой травой могілкамі. Апошні Прытулак з магіламі Корвус-Дзякловічаў і іх пацыентаў. Дакументы ў тэчках з грыфам «Сакрэтна», да якіх рана ці позна, але дабяруцца. Таму што Ордэн Захавальнікаў працягвае жыць. Як і Беларусь.
Фандом: «Ордэн Захавальнікаў».
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: закончаны.
Рэйтынг: NC-13.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Kobaabba.
Беты: VikShnip, BarysSPB, GeorgijB, GannaB.
Папярэджанні: AU, героі ў іншым часе.
Анатацыя: Што рабіць, калі ты заўважаеш на станцыі метро свайго памерлага мужа?
Psi: Тое, што гераіня засталася з айцішнікам, прадказальна.
Я б учапілася ў Люцыяна Корвуса, уратавала і была з ім.
Беларускі крытык: Аўтар нічога не ведае пра спецслужбы. Пачыналася інтрыгоўна, з загадкі, як жа фальшывы Корвус уваскрос? А разгадка ніякая.
Garetski: Хіба вы не разумееце, што дэтэктыўны сюжэт – толькі фанцік, а тэкст зусім пра іншае. Пра гістарычную памяць.
Беларускі крытык: Я разумею, што аўтар разлічвае на Сіндром Пошукаў Глыбіннага Сэнсу. Але чытач так глыбока не дакапаецца. Уся лінія пра ўваскрэслага Люцыяна Корвуса, псеўданавуковыя тлумачэнні выглядаюць наіўна. Не здзіўлюся, калі Kobaabba – дзяўчына.
Garetski: Вы зноў пра факты… А тут – пра людзей. Нагадвае эпоху сімвалізму, калі аўтары задумвалі, а крытыкі нават схемы малявалі пра адносіны герояў: каханне гэтага персанажа адлюстроўваецца ў гэтым, а потым прамень ідзе да трэцяга персанажа…