Выбрать главу

Psi: Вірынея – рэінкарнацыя Жэнькі з «Апошняга Прытулку». Яна вяртае сабе вялікае каханне да Люцыяна. І праз тыдзень шчасліва ўсміхаецца Мацею? Не веру.

Garetski: Не рэінкарнацыя, а самастойная асоба, чытайце ўважліва. І каханне да Люцыяна – гэта ўспышка, адлюстраванне рэальнасці для іх абаіх. Сутычча светаў.

Беларускі крытык: Метафізіка. Галоўнае, я цяпер буду баяцца хадзіць па станцыі метро. Раптам зверху пазірае якая-небудзь вальтанутая Вірынея.

Трандуіл: хня фанф не панімаю што за пляскі вакол такой хні адмін выдалі фанф Kobaabba.

Раздзел дванаццаты

Сустрэча над магілай

Ёсць розныя версіі жыццяпісу святой Маргарыты… У адной з іх дабраверная прыгажуня ў вязніцы выклікала на двубой д’ябла. І перамагла – з дапамогай крыжа, веры і Госпада.

Падумайце… Яна сядзіць у вязніцы. Яе катуюць. Жорстка. І яна выпрошвае ў Госпада жудасны двубой…

Няма такой вязніцы, дзе б не было магчымым працягнуць сваё змаганне.

І няма такой волі, якая не магла б насамрэч апынуцца вязніцай.

Я паныла блукала між магіл Вайсковых могілак, і восеньскае лісце пад нагамі нагадвала згнілое адзенне, якое садралі з забітых. Магчыма, і тут расстрэльвалі… Прывозілі ўночы, пры святле фар змушалі выкопваць яміну… Альбо загадзя была падрыхтаваная прорва. Падводзілі да краю, і – кулю ў патыліцу…

І цалкам магчыма, што тыя, каго з’ядноўвала траекторыя кулі, адзін з пісталетам, другі – з уласным жахам, былі суседзямі, сябрамі, сваякамі…

Наша пакаленне нічым не адрозніваецца ад папярэдніх. У кожнай тусоўцы знойдзецца свой кат, здраднік і ахвяра. І паспрабуй вызначыць, хто з іх хто…

Смартфон зноў завібраваў, як звон, у які з усяго лёту ўрэзалася сляпая варона. Я зірнула на экранчык, які даверліва засвяціўся, бы агеньчык на вусе страшнай рыбы. Ведаеце, такія жывуць на дне марскім у непрагляднай цемры і завабліваюць сваім ліхтарыкам усялякую рыбоську да зубастай пашчы. У «пысакнізе», я так называю для сябе Фэйсбук, людцы кідалі адказы на маё шэкспіраўскае пытанне «Забіваць ці не галоўнага героя ў рамане, які зараз пішу?».

J.K.: Забіць, але пакінуць магчымасьць «уваскрэшаньня». У «Гульні прастолаў» такое часьцяком адбываецца.

А.А.: Зрабіць адкрыты фінал, каб чытач сам дадумваў чым усё скончылася.

V.K.: Не забіваць. Хай куды-небудзь з’едзе.

J.L.: Не-не-не!

A.P.: Забіваць. Жорстка.

А.М.: Хай жыве. Потым працяг напісаць можна.

J.K.: Ільф і Пятроў забойствам Бэндэра ў першай кнізе не замарочваліся.

Г.Б.: Нет!!!

V.L.: Можа проста нагу яму адрэзаць?

A.P.: А потым жорстка забіць.

V.L.: Не, навошта садызм? Сэнс прапановы ў тым, каб не забіваць, а толькі адрэзаць нагу, таму што гэта больш гуманна!

A.P.: Ну можна атруціць.

V.L.: Ты крыважэрны, усё б табе забіваць!

A.P.: Гэта мне кажа чалавек, які хоча адняць нагу герою. Смерць – так лепш для героя і для чытача.

V.L.: Калі ён памрэ, ён будзе без усіх ног, усіх рук і ўсёй галавы, а я прапаную толькі нагу адрэзаць.

A.P.: Ён будзе цэльнамёртвы, а чытач задасца вечнымі пытаннямі.

П.А.: Nielha, bo atrymajecca «Повесть о настоящем человеке».

І фота з кацейкамі вывешваць не трэба.

Хаця не, фота з кацейкамі ўсё роўна сабрало б больш водгукаў.

А на могілках, як у моргу. Халадавата… Цені даўжэюць і зліваюцца ў восеньскі вечар. Добра, што чорнае паліто сваё ўлюбёнае апранула.

На шэрым някідкім помніку напісана: «Рут Уолес». Маладая амерыканка пасля вайны прыехала сюды з місіяй ЮНРА. Гуманітарная дапамога. Беларускі хлопчык пачаў тануць, яна выратавала. Застудзілася і памерла. Муж вярнуўся дахаты, яна засталася ў беларускай зямлі. Цікава, ці жывы той хлопчык? Ці носіць ён або ягоныя нашчадкі сюды кветкі?

Смартфон зноў задрыжэў, мусіць, ад жаху перад негуманнасцю маіх фрэндаў.

J.A.: Забіваць)

Т.Б.: Адпраўце ў псіхушку.

K.K.: А які герой? Харошы ці не?)

А.А.: Лепш на катарзе згнаіць.

I.K.: А ён яшчэ не шкадуе, што на першай старонцы не загінуў?

A.T.: Пакінуць для працяга наступнага рамана.

N.M.: Не!

Л.Д.: Не, хай жыве!

U.K.: Пытанне, на мой погляд, недарэчнае. Зрабіце галасаванне тады. Падзеі ў рамане адбываюцца пад уздзеяннем вобраза, які, у першую чаргу, сам іх і дыктуе. Творца проста іх фіксуе. Тут больш інтуіцыя. Хаця зараз галоўнае большасці дагадзіць.