Выбрать главу

В.П.: Нее!

A.D.: Так.

Сама не заўважыла, як, чытаючы каменты, прайшла некалькі крокаў назад да брамы. Яшчэ адзін някідкі помнік… Іван Пуліхаў. Тэрарыст, рабіў замах на генерал-губернатара Курлова… Яго катавалі, цела павесілі на браме Пішчалаўскага замка… Помнік паставіла таварыства паліткатаржанаў. Цікава, калі б Іван, недавучаны студэнт, канспіратыўная мянушка «Вася», дажыў да трыццаць сёмага, ці мела б помнік ягоная магіла? Ад палкіх рэвалюцыянераў пасля пераможнай рэвалюцыі пазбаўляліся. Адна з паплечніц Пуліхава, нязломная Аляксандра Ізмайловіч, дачка генерала, адбыла адзінаццаць гадоў на Нерчынскай катарзе, а ў трыццаць сёмым сасланая ў ГУЛАГ, у сорак першым па загадзе Сталіна расстраляная дзесь у лясах пад Арлом…

Няма ў свеце іншага жывёльнага віду, які б так нішчыў сам сябе.

S.Z.: Кожны чалавек памрэць, калi прыйдзе ягоны час, лiтаратурны персанаж таксама. Таму пытанне ня ў тым, забiваць яго цi не. Пытанне ў тым, калi завяршыць раман.

I. K.: Гэта проста тэст на крыважэрнасць:)

Е.К.: Калі шчыра чую такое пытанне ўпершыню ў жыцці… Галасую за…

В.Т.: Пашкадуйце!

М.М.: Так, але не боляче, щоб, раптом що, він міг викарабкатися…

Н.К.: Не!

V.T.: Не сьмяротнаму пакараньню! А герой станоўчы?

S.H.: Пасачыце. Там бачна будзе))

A.D.: Забіць нельга памілаваць.

А.Ю.: Пакіньце надзею на працяг….. ён загінуў… мізіньчык варухнуўся….

К.П.: Паспытайце ў героя)

П.С.: Не трэба.

A.D.: Забіць дзеля чытача, ці дзеля аўтара?

Е.М.: Сам умрет… это ж ясно.

С.И.: Только если он погибнет смертью храбрых!)

I.S.-S.: Забіваць.

S.S.: Кніга-гульня! Калі вы хочаце, каб герой памёр перайдзіце на старонку 150, калі хочаце, каб выжыў на старонку 170:)))

Н.К.: Только в том случае, если в этом есть историческая необходимость.))

А.Ф.: ТАК!!!

Ж.Р.: Пра што раман і хто галоўны герой?

А.С.: А напішы так, каб было незразумела і адначасова ўсім дагадзі: тым хто хоча, каб ён жыў і тым, хто разумее, што станоўчаму не выжыць…

В.Р.: Ні ў якім разе не забіваць!

М.С.: Ну пакалеч крыху, калі ўжо зусім ня можаш стрымацца…

Л.С.: Няхай жыве і мяняецца да лепшага.

Я.М.: Сама не забівай – грэх вялікі! А героі рамана падчас напісання разбяруцца, натхненне прадыктуе… Ужывайся ў сюжэт асцярожна!

В.К.: Не!!!!

I.M.: Хай ще трішки поживе.

Л. В.: Кубик бросить, здесь не отвечать – тянуть интригу))

О.Т.: На мой погляд, калі ён будзе далей мучыцца, пасля завяршэння раману, то хай жыве. А калі яму трэба памерці, тады можна.

Я зноў схавала смартфон і збочыла з асфальтавай сцежкі на вільготную глебу… Тут як ні намагаешся не наступіць на чыюсь магілу – усё роўна не атрымаецца. І ў мазгу ўвесь час круціцца: «Выбачайце… Прабачце…», нібыта ў набітым аўтобусе прасоўваешся да выхаду, мімаволі штурхаючы спадарожнікаў.

А вось і той помнік, які я шукала. Не мармур, не граніт, сціплы бетон. У дробных трэшчынках пасяліўся мох. Ні агароджы, ні кветак, нат збуцвелых штучных. «Люцыян Станіслававіч Корвус». Даты нараджэння і смерці няма. Ведалі б фрэнды, якія зараз пішуць мне парады, што імя таго, пра каго яны спрачаюцца, выбітае на гэтым сціплым помніку…

Вырасціць «чароўны крышталь», які я атрымала ў падарунак падчас акцыі на карысць сучбелліту, можна, толькі падставіўшы звычайныя кардонныя палоскі. Вылітае на іх з пластыкавай бутэлечкі рэчыва выпростваецца цвёрдымі сняжынкамі.

Я мусіла даведацца пра рэальны лёс чалавека, на якім збіралася вырасціць «чароўны крышталь» персанажу. Мне бракавала фактаў. Таму і ўзнікла дыскусія ў сеціве. Таму я зараз і мерзну на гэтых могілках.

Д.К.: Можна закруціць інтрыгу, як у серыяле, што ён памёр, а потым выявіцца – што не)

A.Г.: ЗАБІ!

Я.К.: АДЧУВАЮ СЯБЕ ГЛЕДАЧОМ У КАЛІЗЕІ.

В.Ц.: Забіць! Але жорстка)

M.B.: Смерць ачышчае.

I.-D. R.: Не.

M.B.: Яшчэ як. Ачышчае сюжэт ды жыццё.

В.Г.: Забіць! Але так, каб чытач жахнуўся, а пасля падумаў: а я ж трупа не бачыў, дык можа – жывы?

Т.Б.: Калі стары – забівайце, калі ў яго ёсць дзеля чаго/каго жыць, то хай жыве.

А.Я.: ЗАБІВАЦЬ!!!! І ЖОРСТКА!!!!!!!

Л.М.: Пусть умрет неожиданной нелепой смертью.