Выбрать главу

Ź.J.: «Рэйхенбахскі вадаспад».

V.M.: Жэстачайшэ.

Я.Я.: Прыбіць) цвікамі да сцяны)))

В.Ч.: Ні ў якім разе не забіваць. Канцоўка з жывым гг вымагае ад аўтара большай мужнасці ды майстэрства, чым кікнуць персанажа ў спадзеве на чытацкі катарсіс. А вось як так зрабіць, каб канцоўка аказалася сапраўды моцнай, як у добрым вершы – асобнае пытанне.

Е.Р.: Смерть ему!

А.М.: Не забіваць! Хочацца пазітыву!

А.К.: Можна скарыстацца прыёмам Фаўлза («Каханка французскага лейтэнанта», шматварыянтавы фінал), ці паўтараў хто такі ход у беларускай літаратуры?

Н.К.: Не забіваць!

L.S.: Не, не забіваць! Вунь Роўлінг ледзь не ўсіх станоўчых герояў пазабівала… Будзьце міласэрныя да чытачоў.

О.Г.: Калi забiць, то працягу не будзе(((

А.Н.: Канешне не забіваць!

Г.Б.: Неяк вельмі жорстка. А калі думкі матэрыялізуюцца?

Г.Б.: Ну, проста суд тройкі.

В.К.: Очень странно… Очень странно, когда автор пишет роман, не зная его сюжет. Хотя вот есть «Дом-2», там голосованием можно спасти героя.

С.М.: Галаву адсекчы.

Y.D.: Убить нельзя помиловать.

В.В.: Лепш не пішыце…

О, апошні камент – самы слушны… Наколькі б жыццё спрасцілася…

Калі шэры туман і дробны дождж з’ядналіся ў адно халоднае і мярзотнае сутонне, а надмагіллі ў прыцемку нібыта пачалі пагойдвацца і вырастаць, я нарэшце пабачыла дзве постаці, што набліжаліся ад царквы сюды, лавіруючы між помнікаў пад чорным ветразем парасона. Плячысты хлопец у чорнай скуранцы і клятчастай хустцы вакол горла, русявыя валасы забраныя ў хвост, і дзяўчына ў кароткім і шырокім чорным палітончыку, доўгія ногі ў берцах, рудыя валасы ў дрэдах… Дурніца, напэўна. Таму што прыгожая. Такая, ведаеце, вытанчаная гожасць з паштовак эпохі арт-нуво. Калі дапускаць, што ў такой прыгажуні ёсць мазгі, можна давесці свой узровень самаацэнкі да крытычнага. Тым больш спадарожнік час ад часу паглядаў на яе як на боства, якое зрабіла літасць на нейкі час спусціцца да яго, нявартага. Я адмахнулася ад рытуалу вітанняў.

– Вы знайшлі патрэбныя матэрыялы, Мацей?

Хлопец кіўнуў і дастаў з кішэні памаранчыкавую флэшку. На яго руцэ, якая трымала парасон, мезенец быў з абрэзанай апошняй фалангай, а запясце абвівала цэлая калекцыя фенечак.

– Тут усё, што здолеў здабыць. Спісы расстраляных, спісы супрацоўнікаў НКУС, следчыя справы, прысуды… Спадзяюся, вы разумееце, што, па-першае, гэта незаконна – я ж хакнуў расійскі закрыты архіў, і ў адкрытым доступе вы гэтыя матэрыялы не размесціце. А па-другое, гэта кропля ў моры. Толькі тое, што адлічбаванае.

– Дзякую!

Мне казалі, што Мацей Саламярэцкі, калі захоча, залезе хоць у сістэму Пентагона.

– Не хвалюйцеся. Я ж мастацкі твор пішу, выкарыстаю факты так, што ніхто не прычэпіцца.

– Хадзіла я нядаўна ў оперу, – раптам азвалася дзеўка, імейка ў яе было – Вірынея. – Кармэн такая ўся гламурная, з прыгожа размаляванымі кастаньетамі, вытанцоўвае перад Хазэ… А ў Мэрымэ яна ў тым эпізодзе за няйменнем кастаньетаў разбівае талерку і таньчыць, выбіваючы рытм аскалёпкамі.

На жаль, не дурніца. Маю на ўвазе Вірынею.

– Зразумела намёк. Але прыкрашаць нічога не збіралася. Хаця і не ўсё можна вываліць на чытача… Ён проста не паверыць.

Дзяўчына скрывіла куточак рота, і Мацей зараз жа паўтарыў яе міміку.

– Гэта з майго ўласнага досведу… – і чаго цягне перад смаркачамі апраўдвацца? – Неяк пісала раман пра падзеі дзевятнаццатага стагоддзя, працытавала архіўны дакумент. Пра катаванне маладзенькага садоўніка, якога гаспадар абвінаваціў у крадзяжы. Допісы пайшлі абураныя… Не можа чалавек столькі ўдараў бізуном вытрымаць. Дзве тысячы па спіне. Тысячу па жываце. У аўтара садысцкія схільнасці. У аўтара хворая фантазія. А я ўсяго толькі дакумент працытавала.

Дзеўка важна паківала, прыкусіла губу і кінула сарамлівы позірк на хлапца. Раптам падалося, што яна зусім не фанабэрыстая і не самаўпэўненая, а зусім наадварот.

– Спадзяюся, вы дасцё на наш сайт хоць урывак з вашага новага твора?

Мацей усміхаўся так шчыра, як можа толькі моцны шчаслівы мужчына.

– Не люблю знаёміць з тым, што не скончана… А вось пра яго… – я кіўнула на бетонны помнік з заміраннем сэрца, – знайшлі штось новае?

Саламярэцкі збянтэжыўся.

– Нічога. І наконт гэтай магілы – ні радка. Нат на планах няма. Нібыта помнік сам па сабе ўзнік.

У парадзелых шатах таполі проста нада мной штосьці зашаргатала. На мой улюбёны бэжавы капялюх, брылы якога ўжо абвіслі ад вільгаці, пасыпаліся цяжкія кроплі, быццам хтосьці зверху стукаў мяне па галаве, патрабуючы ачомацца і заняцца нарэшце нармальнымі справамі, за якія плацяць.