– У нас ёсць версія, – загаварыла Вірынея. – Вы ж мяркуеце, што Люцыян Корвус быў рэпрэсаваны. Магчыма, помнік паставілі сваякі, якім хтось сказаў, што ён быў закатаваны і пахаваны дзесьці тут. На ўсіх мінскіх могілках расстрэльвалі падчас рэпрэсій. Паставілі проста, каб быў хоць які знак. А паколькі гэта адбылося пры Савецкім Саюзе, зрабілі ўсё патаемна. Вось і ўся разгадка.
І броўкі гэтак фанабэрыста прыўзняла, знаёнца…
Тутэйшыя корвусы, крумкачы звычайныя, азваліся тужлівым крумканнем, нібыта хацелі штось падказаць.
– Затое пра Корвусаў з Крукавіч пад Старавежскам нацягаў шмат, – шэрыя вочы Мацея глядзелі вінавата. – У іх падвойнае прозвішча: Корвус-Дзякловічы. Магчыма, продкі вашага героя. Думаю, вам будзе цікава. А грошай не трэба.
На развітанне Вірынея дадала:
– Дарэчы, дзякую, што прызначылі спатканне тут. Я па вашых раманах і ўяўляла вас на фоне старых могілак.
Каб дзеўка ўсміхнулася насмешна, я б яе ўзненавідзела наноў. Але ўсмешка атрымалася сарамяжнай.
Парачка сышла. Пра яе ў літаратурна-гістарычнай тусоўцы хадзілі розныя чуткі. Не заўсёды добрыя. Нібыта прыгажунька была сексоткай і нейкая цёмная гісторыя здарылася з яе першым мужам-актывістам. Здаецца, забілі яго, інсцэнаваўшы няшчасны выпадак. А Саламярэцкі быў крутым айцішнікам, але штось непрыгожае ўчыніў. Скраў праграму, ці банкаўскія рахункі хакнуў – не памятаю. Цяпер прысмакталіся абодва да нейкага гранта, робяць гістарычны сайт, да якога прысабачылі турыстычную рэкламу. Каларытная парачка. Так і просяцца ў персанажы.
Пісьменнік – чалавек бязлітасны. Паколькі дзеўка не выявіла павагі да майго Корвуса, я ствару такую рэальнасць, у якой яна будзе яго апантана шукаць. Свету за ім не пабачыць. Нічога, што яны з розных эпох. Ужыву які-небудзь «элемент фантастыкі». Ці перанясу рамантычнага Люцыяна ў наш час – яшчэ не вырашыла. А Мацейка хай ад рэўнасці памучаецца.
Галоўнае, фактуркі зараз нагрэбсці!
Матэрыялаў Саламярэцкі сапраўды нацягаў – на тамоў пяць варлам-шаламаўшчыны… Нават сто баксаў, якія я адклала за ягоныя паслугі, не было б шкада. Але як грошы не ўзяў, давядзецца на знак удзячнасці якісь раздзел рамана даць для публікацыі. А хіба шкада – мне піяр, а хто зацікавіцца, пасля і цалкам раман набудзе.
Калі, вядома, я яго завяршу. Бо пакуль усё рассыпаецца, як з занадта сухога пяску… Не хапае нейкай дэталі.
Дома – алілуя, субота! – я пачала вывучаць здабычу. Ну, прывітанне, Корвус-Дзякловічы! Герб «Слепаўрон». Атрымалі пры вялікім князі Казіміры. З пятнаццатага стагоддзя, значыцца. Не самыя радавітыя. Калі Люцыян Корвус – апошні з роду, на ягонай магіле належала раструшчыць каменную пліту з гербам. Разляцеўся б крумкач са скрадзеным каралеўскім пярсцёнкам у дзюбе на шэры друз… Перада мной праходзілі шыхты Корвусаў. Войты, падхаружыя, мечнікі, падпалкоўнікі, стацкія радцы… У васямнаццатым стагоддзі я затрымалася. Цікавая постаць. Жыгімонт Корвус-Дзякловіч, самадзейны батанік, этнограф, астраном, лекар, фізіякрат і хто там яшчэ. Час такі быў, заможныя адукаваныя людзі, у якіх не адмерла прага да ведаў, займаліся адразу ўсім. Не было паняцця вузкай спецыялізацыі. Было жаданне спасцігнуць таямніцы сусвету і змяніць свет да лепшага. Жонка вучонага пана Люцында Карпентэ – з французскага Лангедоку, але толькі напалову францужанка. Маці – з беларускай шляхты, род Аляхновічаў. Займалася акушэрствам. Зладзілі ў Крукавічах шпіталь для бедных, батанічны сад і дэндрарый. Пан Корвус-Дзякловіч перапісваўся з прафесарам Віленскага ўніверсітэта Станіславам Юндзілам. Выкупляў рэдкія расліны. Потым – Жыгімонт раптоўна памірае, пакінуўшы ўдаву з дзіцем, тая выходзіць замуж за суседа, пана Франца Карыбутовіча. Потым пасынак судзіцца з тым Карыбутовічам за спадчыну бацькоў… Захаваліся матэрыялы разбіральніцтва – удавец пан Франц спрабаваў падкупіць суд, ці, як раней казалі, даць панам срэбныя вёслы.
Грукнулі дзверы – муж прывёў з прагулкі сабаку. Валтузня, скрыгат кіпцяў па падлозе, жаласнае скавытанне пад дзвярыма… Ну добра, добра, давай прывітаемся, істотка наша калматая, лінючая… Каб жа ж мопс які, а то аўчара. Сынаў сюрпрыз. Хвастом радасна стукае, быццам Вій праз падлогу ломіцца.
Муж, моўчкі ацаніўшы колькасць раскладзеных вакол кампа папер, прынёс мятнай гарбаты і пайшоў пісаць сваё… А перада мной радаводныя дрэвы вуглавата раслі на аркушах, нагадваючы не дрэвы, а канструкцыі з жалезных пруткоў. Імёны людзей, якіх ніхто ніколі не ўспомніць, павісалі на іх цэтлікамі. Канструктывісцкі лес гісторыі.