Лявон. О-о, што я прыдумаў! Калі ўжо гэта не паможа, дык і нічога не паможа. Дай толькі слова, што ты ва ўсім дапамагаць мне будзеш.
Яніна. Не падвяду цябе, мой любы, не бойся.
Лявон. Мілая мая Янечка! (Прыцягвае яе да сябе.) Сэрца маё! (Цалуе яе.) Дамовіліся?
Яніна. Дамовіліся.
Уваходзіць Лабыш.
Лявон. Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць.
Лабыш. Дык, кажаш, цяпер замачыць не шкодзіла б? Што ж, можна, значыць: такі ўсім папрацаваць давялося. (Дастае з шафы пляшку гарэлкі і далонню адбівае корак.)
Лявон (ціха Яніне). О, ён у добрым настроі. Можа, і атрымаецца што.
Лабыш. Яня, паглядзі прыкусіць чаго.
Яніна засцілае абрус, дастае з шуфляды хлеб, талерку мяса, дзве чаркі і ставіць усё на стол.
Яніна (ціха да Лявона). Пачынай, а я выйду, каб не перашкаджаць табе. (Выходзіць у суседні пакой.)
Лабыш (наліўшы чаркі і ўзняўшы сваю). Бяры, Лявон… Ну, будзем здаровы…
Лявон. На добрае здароўе.
Чокаюцца, выпіваюць і прысаджваюцца да стала закусваць.
Лявон. Я, пане Лабыш, жаніцца задумаў.
Лабыш. Ну?!
Лявон. Праўда.
Лабыш. Някепская рэч. І каго ж ты бярэш?
Лявон. Ды тут… дзяўчыну адну.
Лабыш. А як яна, не старая?
Лявон. А яшчэ амаль і дзеўкай не была.
Лабыш. Бач ты!.. Можа, і зямля ёсць?
Лявон. А як жа! Ёсць і зямля.
Лабыш. Дык ты, значыць, у прымы да яе ідзеш?
Лявон. Не. У яе брат яшчэ ёсць.
Лабыш. А колькі ў яе бацькі зямлі?
Лявон. Шмат!
Лабыш. І колькі ж пасагу ён дае табе?
Лявон. Пасаг мяне мала цікавіць, што бацька дасць дачцэ, з тым я і згодзен буду. Ён жа не захоча пакрыўдзіць сваёй дачкі — дзесяцін нейкіх дзесяць павінен даць.
Лабыш. Маніш.
Лявон. Каб я так жыў, праўда!
Лабыш. І бацька ахвотна аддае яе за цябе?
Лявон. А вось аб гэтым, прызнацца, дык я яшчэ і не гаварыў з яе бацькам.
Лабыш. Ну-у, то дарэмна радуешся!
Лявон. Не-е! Ён не павінен стаць мне ўпоперак дарогі, бо дарога ў нас адна, і вельмі цесная. Бачыце, мы, можна сказаць, ужо як і жанатыя.
Лабыш. Значыць, шлюб быў пад плотам, а вяселле потым? І, мусіць, як на грэх павяло, дык паненку і… абдуло.
Лявон. Не, пакуль што яшчэ не прыкметна, але ўжо бусла чакаем.
Лабыш. Маладзец! Дальбог маладзец!.. Прыемна і павіншаваць такога.
Лявон. Шчыра дзякую вам.
Лабыш. І дзе ж ты знайшоў яе?
Лявон. Ды проста пад бокам.
Лабыш. Маладзец! Кругом маладзец! Проста герой, я скажу!.. І хто ж яна такая?
Лявон. Яніна.
Лабыш. Якая Яніна? (Твар яго робіцца насцярожаным.)
Лявон. Яніна Лабыш.
Лабыш. Што?! (Твар яго моршчыцца ад злосці.)
Лявон. Ваша дачка.
Лабыш. Вон, жулік! Вон, нягоднік! Воо-он! Прайдзісвет (Тупае са злосці нагамі.)
Лявон. Ты, бацька, не крычы. Давай лепш спакойна абмяркуем, як нам з бяды выбрацца.
Уваходзіць Надзя.
Лабыш. Бач ты яго! Ужо і «бацькам» называе, на «ты» перайшоў! Ты што, сапраўды спадзяешся стаць маім зяцем? Не, сукін сын! Няхай табе і не сніцца. Лепш я шчанят тваіх гадаваць буду, а дачкі сваёй за цябе, галетніка, не аддам. Вон пайшоў, лапаць растаптаны!
З суседняга пакоя выходзіць Яніна.
Лявон (з іроніяй). Ну што ж, бывайце, яснавяльможны пане! Можа, хутка вам прыйдзецца ўпрошваць мяне, каб я жаніўся. (Збіраецца ісці.)
Яніна (вешаючыся Лявону на шыю). Дык ты мяне пакідаеш, няўдзячны? Не-е, я ад цябе не адстану! Бяры і мяне з сабою. (Цалуе яго.)
Лявон. Пусці мяне, я пайду! (Выходзіць.)
Яніна пачынае плакаць.
Лабыш. Во жулік… Атруціў, забіў, зарэзаў… і абакраў! Славу маю ўкраў!.. (Да Яніны.) Дачушка, што ж мне рабіць з табой? Што мне рабіць з табой, шэльма?!
Яніна. Аддайце мяне, татачка, за Лявона.
Лабыш. За басяка?! Ніколі!
Яніна. Калі захочаце, дык вы можаце і багатым зрабіць яго. Зямлі ж у нас хапае.