Лабыш. Не на тое набывалі яе, каб затым розным галадранцам раздаваць!
Яніна. Татачка, родненькі, злітуйся нада мной.
Лабыш. Маўчаць! Каб і духу я твайго не чуў!
Яніна плача.
Надзя (ціха). Яня, не плач. Калі табе бацька з братам не дадуць пасагу, дык ты яго ад мяне атрымаеш. Я з табой папалам падзялюся.
Лабыш. Гэта ж жаласніца якая знайшлася! Тысячамі смяціць уздумала.
Надзя. Хопіць і для мяне яшчэ, я не прагавітая.
Уваходзіць Анатоль.
Лабыш (да Яніны). Ну хто ж цябе з непатрэбным пасагам возьме цяпер?
Анатоль. Пра які пасаг вы гаворыце?
Лабыш. О, пакуль мы думалі, гадалі, дык гэтая гадаўка жывым багажом абзавесціся ўспела.
Анатоль. З кім жа яна так пастаралася?
Лабыш. Або-о, дай ты рады! З адвечным саладушнікам, з Лявонам, парабкам маім.
Анатоль. Ну, цяпер хоць на свет не выходзь ад сораму!
Яніна (плачучы). Выдайце мяне за Лявона, і ўсё загладзіцца.
Лабыш. За батрака?! За лапцюжніка?! За абадранца?!
Анатоль. За бунтаўшчыка, якому толькі ў турме месца! Не-е! Лепш утапіся дзе, а ганьбы на ўвесь дом не кладзі, подлая распусніца! (Хоча ўдарыць яе.)
Яніна. Ну, калі ўжо на тое пайшло, дык я ж прызнаюся, што я сумленная, ну… не пайду за Ганецкага. Хутчэй маю шыю абдыме пятля, чым агідныя кашчавыя рукі! (Кідаецца ў дзверы і выбягае.)
За ёй выходзіць і Надзя.
Лабыш. Во гадаўка, на якую хітрасць пусцілася. (Уздыхнуўшы.) Ох! Дзякуй богу, што ўсё ў парадку. Цяпер я развяду вам хеўру! Трэба хутчэй выдаць за Ганецкага. А то, чаго добрага, яна і сапраўды з гэтым лапцюжнікам скруціцца. Во гад капусны! Ціхі-ціхі…
Анатоль. Нічога, адно слова маё, і яму капцы. Аж у Картуз-Бярозе загрыміць, бальшавіцкая морда!
Лабыш. Во распусцілася басата! Глядзі яшчэ, каб Адась табе дарогі не перайшоў. Той яшчэ горшая сволач — астрожнік!
Анатоль. Адась мне не сапернік. Сядзеў ён у турме, цяпер не адзін, а са ўсёй сваёй пачкай сядзе. Я ім пакажу слабоду! Я ім пакажу!
Заслона.
Карціна трэцяя
Вясковая вуліца. Сцены будынкаў і платы ад вуліцы пабелены вапнай. Каля хаты Адася лавачка. На лавачцы сядзіць Адась. Па вуліцы праходзіць Надзя. Яна робіць выгляд, што кудысьці спяшаецца.
Адась. Добры дзень, Надзя. Нешта ты і глядзець цяпер на мяне не хочаш, як багацце сваё атрымала.
Надзя. Што ты! Мне толькі хацелася, каб ты першы мяне зачапіў.
Адась. Значыць, не заганарылася?
Надзя. Калі ты мяне бедную кахаў, дык ці ж магу я цяпер, багатая, адмовіцца ад цябе.
Адась. То хадзі сядзь каля мяне.
Надзя садзіцца.
Адась (абдымаючы Надзю за талію). А я дык і не рад, што ты такой багатай аказалася.
Надзя. Чаму не рад?
Адась. Што мы будзем рабіць з такой кучай грошай?
Надзя. Што грошай шмат, дык гэта ж не бяда. Ты цяпер можаш нават сваю часць зямлі брату ўступіць, а нам з табой і таго хопіць, што ў мяне ёсць.
Адчыняецца акно і паказваецца ў ім галава Альжбеты.
Альжбета. Здарова, дачушка. Заходзь у хату. Што чуваць добрага?
Надзя. От, нічога такога асаблівага, старына, можна сказаць.
Альжбета. А няўжо новых навін няма? Я чула, што да Яні Ганецкі сватаецца — ці праўда гэта?
Надзя. Праўда. Быў у сватах учора.
Альжбета. Ну, то, мусіць, Лявону хамут будзе?
Надзя. Ужо, сёння Лабыш і з работы прагнаў яго.
Альжбета (павярнуўшы галаву ў хату). Апсік, каб ты выдахла! Ужо ў малако ўбілася. (Зачыняе акно.)
Падыходзяць Міхась з Любай.
Міхась (да Адася і Надзі). Ну, галубкі, досыць галубіцца вам! Прызнавайцеся, калі вяселле ваша гуляем?
Адась. А калі ваша?
Люба. Наша ў гэту нядзелю, што прыйдзе.
Надзя. І наша неўзабаве.
Міхась. Праўда, Адась?
Адась. Я не ведаю нічога. Я нават з Лабышам яшчэ не пагаварыў.
Надзя. Я ўжо гаварыла з ім і за сябе і за цябе.
Адась. Ну і што?
Надзя. Не падабаецца яму! Яле я мала бядую па гэтым: перайду да цябе, і ўсё. Можа ж, маці твая не будзе мне больш насуперак дарогі станавіцца?