Адась. Не-е ўжо! Яна цяпер не ведае, за што б сябе ўкусіла, каб вярнуць тыя словы назад.
Люба. Дык будзь, Надзенька, у мяне за першую шаферку.
Міхась. А ты, Адась, у мяне за першага шафера.
Надзя. Добра. А вы будзеце тады ў нас першымі сватамі.
Адась. Правільна, каб у даўгу не застацца. Згода?
Міхась. Згода!
Падаюць накрыж адзін аднаму рукі: Міхась — Адасю, Люба — Надзі. Падыходзяць Янук і Максім.
Янук. О! Ці не заручыны тут? Неяк быццам вяселлем пахне.
Люба. А вы не памыліліся, дзядзька.
Максім. Ды тут аж два, відаць. Гэта някепская рэч.
З’яўляецца Альжбета.
Альжбета (падыходзячы да Янука). Ты чаму, чорт рыжы, у сенажаць маю залез? Думаеш, як я баба, дык мяне і ашукаць можна? Не, брат, выбачай, я не паддамся! Гэта ж трэба ведаць, чуць не на аршын колікі ў маю сенажаць перанёс.
Янук. Каб ты ў пятлю дзе ўлезла, як я ў тваю сенажаць лез! Гэта ты ў маю ўбілася, зайздросніца, а я ўсяго на старое месца колікі пазаганяў! Спытайся ў Адася, калі не верыш, мы перамералі з ім нашы надзелы.
Альжбета. Адась там глядзеў надта! Ён такі, што і сваё аддаць можа.
Максім. Маўчы, матка, усё правільна: і я быў пры гэтым.
Адась. Як табе не сорамна, мама, сваю віну на некага ўскладаць?
Янук. А што, вось жа і дзеці не дадуць салгаць.
Альжбета. А, не ведаю я цябе, злодзея! Лес ідзі красці.
Янук. У лесе ўсе крадуць, і ты не лепшая. Але табе няма чым укалоць мяне, асва ты.
Прыбягае Марыля з двума камнямі ў руках.
Марыля (да Альжбеты). Досыць табе вадзіцца тут, бяжым на поле хутчэй! Там каморнікі з паліцыяй прыйшлі, на хутары разбіваць будуць… Усе бабы пабеглі туды. Набірай каменняў пабольш і — за мной. (Выбягае.)
Альжбета. Нашто тыя каменні — мы іх гноем, гноем. (Бяжыць за Марыляй.)
Люба. Пабягу і я за імі.
Адась. Не трэба маладым ісці: старыя там і адны справяцца. А ўжо калі спатрэбіцца дапамога, тады ўсе разам пойдзем. А пакуль што я наглядаць буду. (Адыходзіць.)
Міхась. Дык гэта праўда, пане Яне, што вы ў казённым лесе з дрэвам папаліся?
Янук. Праўда. Сасну на дошкі спусціў ноччу, і якраз жа лесніка з аб’ездчыкам бура нагнала.
Максім. Ну і што будзе?
Янук. Нічога. Перайшоў у католікі, дык і калоду тую дамоў прывёз і па ўсім судзе ўжо.
Люба. І вы, дзядзька, далі сябе апалячыць?! Проста не хочацца верыць у гэта.
Янук. А мяне ксёндз не апалячыў праз сваю веру: я быў беларус, ёсць беларус і буду беларус. Не на таго нарваўся.
Надзя. А куды вы цяпер маліцца хадзіць будзеце: у царкву ці ў касцёл?
Янук. Не хадзіў я ў царкву асабліва, а ў касцёл і не думаю.
Максім. З гэтай верай дык аж смешна іншы раз. Мой дваюрадны брат Андрэй, што з Міхайлава, ажаніўся з каталічкай. І яны з жонкай зрабілі такую ўмову: як народзіцца дзяўчынка, хрысціць яе ў касцёле, калі хлопчык — у царкве. І вось нарадзілася адна дзяўчынка — ахрысцілі ў касцёле, другая — таксама. Затым бог дае ім трэцюю. Ну, тут Андрэй і кажа: «Стоп, гэту ў царкву павязём, хопіць каталікоў ужо». І павезлі кумы, куды гаспадар загадаў. Як прывезлі ад папа, дык матка ані блізка грудзі дзіцяці даваць… «Ну і не давай сабе, — кажа Андрэй, — я яе і на кароўім малацэ выгадую».
Смех. Падыходзіць Базыль.
Базыль. От жа пагналі бабы паліцыянтаў з поля — аж толькі іх пяты барабанілі, як уцякалі.
Міхась. І куды яны пабеглі?
Базыль. У вёску з таго канца.
Янук. Ну, мінула адна бяда.
Міхась. Другая навісла: зараз штрафы на людзей пасыплюцца за ўсё ўсякае.
Максім. У нас дык яны не знойдуць да чаго прычапіцца, я не баюся.
Базыль. Другі раз і не падумаеш, за што пападзешся.
Максім. Не, здаецца, у нас усё ў парадку: будынкі пабелены ўсярэдзіне і знадворку, платы скрозь таксама набелены, накрыўка да студні зроблена, дошчачка з прозвішчам прыбіта да хаты, званочак пры хаце ёсць, што ж болей ім трэба?
Янук (дастаўшы з кішэні лістоўку). Ты чытаў, Базыль, сённяшнія лістоўкі?
Базыль. Чытаў. Праўду пішуць, што большасць зямель у памешчыкаў і кулакоў, што непасільныя падаткі і штрафы, што паны ідуць на змову з немцамі супраць Расеі…
Янук. Так. (Чытае.) «Але мы, працоўныя, супраць змоўшчыкаў, і мы заяўляем: — Прэч разбойніцкія рукі ад Савецкай Расіі!» (Хавае лістоўку ў кішэню.) А што ты даў у дапамогу гораду?