Выбрать главу

Базыль. А ты што?

Янук. Я два пуды мукі, пуд круп і тры кілі сала.

Базыль. А я дзве кілі масла, паўтара пуда гароху і таксама два пуды мукі.

Міхась. Маўчыце, братцы, Анатоль ідзе.

З’яўляецца Анатоль.

Максім. Што нос павесіў, з хутарамі не выходзіць?

Анатоль. А чаго вы так баіцёся хутароў? Гэта ж няма лепшай выгоды: уся зямля сабе ў адным кавалку вакол хаты, ці курыца, ці гусь, дык па сваім ходзіць, і гной вазіць блізка.

Базыль. Добра табе не баяцца, як табе лепшую зямлю даюць, а нас на макляціну ды на пяскі адцясняюць.

Анатоль. Каму горшая зямля пападзецца, дык жа больш даюць яе, гэта ж улічваецца.

Янук. Ведаем мы, як у Навасёлках было: лепшую зямлю ў горшую кацігорыю паставілі, а благую добрай зрабілі, і беднякоў напалавіну абрэзалі.

Анатоль. А мы выберам камісію, каб і беднякі ў яе ўвайшлі.

Базыль. А каморнік скажа ім: «Што вы разумееце, цемната. Я чалавек вучоны і лепш за вас разбіраюся».

Анатоль. Вас збіваюць з толку бальшавіцкія лістоўкі. Не верце ім: там адна хлусня. Дакуль жа будуць трымацца людзі за свае вузенькія палоскі, іх жа хутка трава заесць.

Янук. Ды ў вёсцы весялей жыць неяк.

Максім. Яны хочуць разагнаць сялян, як зайцоў, па ўсім полі.

Анатоль. Менш вадзіцца за межы будзеце, як яны карацейшымі стануць. (Адыходзіць.)

Базыль. Угаварваць за хутары ўздумаў.

Міхась. Ім смярдзіць сялянская згуртаванасць.

З’яўляецца Альжбета.

Альжбета. Дарэмна беглі толькі: там і без нас управіліся.

Міхась. А што паліцыя ў вёсцы робіць?

Альжбета. У канцавога Рыгора камендант некалькі каліў тытуню знайшоў і пратакол на яго піша.

Люба. Некалькі каліў — гэта не доказ, яны і самі маглі вырасці.

Максім. Пасадзіць, як міленькага, гад.

Альжбета ідзе ў хату. З’яўляецца Адась.

Адась (дэкламуе):

У нас іначай, як у Іспаніі, І не такая інквізіцыя, І забурэнні, як у Германіі, Гуманітарна душыць паліцыя. У нас геніяльнае кіраўніцтва: Паны, банкіры і слугі бога; У нас магутны ўздым будаўніцтва Касцёлаў, шыбеніц, астрогаў. І справядлівасць у нас панская, На нашых, на «ўсходніх крэсах». У нас апёка акупанцкая, Кайданы, краты — шлях прагрэсу. Таму адносімся мы з пашанай Да ўсіх паноў, да ўсіх дабрадзеяў, Пятлю ім круцім з лык канапляных, Якую хутка на іх надзенем.

Янук. Пятлю то мы круцім, але як надзець нам яе на панскую шыю?

Адась. Надзенем! Толькі трэба, каб сяляне ішлі ў нагу з рабочымі. Вось мы жывём блізка горада, дзе часта адбываюцца забастоўкі і дэманстрацыі. Мы не раз дапамагалі рабочым хлебам, салам, гароднінай. Але гэта і ўсё, а вось на дэманстрацыі разам з імі мы яшчэ ні разу не былі.

Міхась. Вады не засіліш, не паварушыўшыся, рыбкі не зловіш, не памачыўшыся.

Адась. Правільна. Трэба нам з вамі варушыцца, ды жывей. Ці ж мы не такія сяляне, як тыя, што жывуць вакол Беластока ці Брэста? Ці ж над намі не гэтаксама паны здзекуюцца? Дык чаму ж і нам, як ім, не ўзняць свайго голасу?

Базыль. Ага, чаго ты, Янук, у хаце адседжваешся?

Янук (да Базыля). А чаго ты толькі па сватах ды па вяселлях ходзіш?

Базыль. Пасмяяўся гаршчок з катла. Ад дармавой гарэлкі і ты не вельмі адмаўляешся.

Максім. Што тут глядзець адзін на аднаго. Трэба ўсім у наступны раз у горад выйсці.

Міхась. Правільна, Максім.

Адась. Давай, Міхась, мы з табой у той канец сходзім. Цікава, што там тыя гіцалі твораць.

Міхась. Ага, падыдзем.

Адась і Міхась адыходзяць. З’яўляецца дзед Струкач.

Дзед Струкач. Добры дзень, каго не бачыў.

Базыль. А, добры дзень, стары жартаўнік… Як жыў-здароў, як справы, хваліся!

Дзед Струкач. На здароўе, дзякаваць богу, я яшчэ не скарджуся.

Базыль. А на жыццё?

Дзед Струкач. І на жыццё наракаць няма чаго. Гэта за царом-самазванцам быў Струкач галадранцам, а за панам Пілсудскім і ён стаў чалавекам людскім. Падумай, брат, сам, чым жа яму кепска цяпер? Зарабляе ён у дзень цэлага паўзлотага, а ўсё такое таннае: пачка тытуню каштуе шэсцьдзесят грошаў, пачка запалак — дзесяць грошаў, — гэта ж цэлы дзень куры ды паплёўвай!