Максім. Я пайду памагу вам.
Базыль. А я туды пагляджу схаджу.
Дзед Струкач. І я з табою.
Янук, Марыля, Максім, Базыль і дзед Струкач адыходзяць.
Люба. Во нанесла іх нялёгкая сёння, каб іх пярун пабіў!
Надзя. Лявон ідзе.
Люба. Няўжо Яню сілай за Ганецкага аддадуць?
Надзя. Ды па ўсім ужо. Прапілі ўчора.
Падыходзіць Лявон.
Лявон. Здаровы, дзяўчаткі. Не ведаеце, Адася дома няма?
Надзя. Няма. У тым канцы недзе.
Люба. Ну, што ты цяпер думаеш рабіць, Лявон?
Лявон. А што мне думаць? Атрымаў ад Лабыша разлік — чатыры злоты і трыццаць грошы, і кум каралю, хоць у Амерыку едзь.
Люба. Я сур’ёзна пытаю.
Лявон. У горад хачу падацца.
Надзя. А Яніну так і пакінеш Ганецкаму?
Лявон маўчыць.
Люба. Чаго маўчыш?.. Курыца мокрая?! Што ты крыллі апусціў? Баба ты!
Надзя. Перастань, Любка.
Люба. Дык жа вельмі Яніны шкада, што аддаюць за гэтага антыхрыста… Во ідуць, каб іх зямля не насіла.
Па вуліцы праходзяць Ганецкі і Анатоль.
Люба (калі яны прайшлі). Вось жа дабраў чорт пару, і ходзяць, як спрэжаныя.
Лявон. Гэта парка яшчэ сябе пакажа, хутка ўсю вёску падтопча пад ногі.
Люба. Быць не можа — прыйдзе і на іх ліха нейкае.
З’яўляецца Яніна.
Яніна. Дзяўчаткі, сястрыцы! (Плача.)
Надзя. Ціха, Янечка.
Яніна. Утаплюся, павешуся, усё роўна адзін канец… Лявонка, любы! Што рабіць?!
Лявон. Янечка, мілая!..
Люба. Пойдзем, Надзя. (Бярэ яе пад руку і адыходзіць з ёй.)
Лявон. Бяжым адгэтуль.
Яніна. А куды? Дзе мы дзенемся?
Лявон. У горад пойдзем. Рукі ёсць, не прападзём.
Яніна. Што рукі? Дзе мы галаву прыхінём. Няшчасная я. (Плача.)
Лявон. Няўжо ж двое жывых людзей, здольных да працы, не знойдуць сабе прытулку на зямлі… Калі ты верыш мне, дык чакай. Я знайду месца. Тут не знайду, за граніцу пойдзем, у Расею перабяромся.
З’яўляецца Базыль.
Базыль (падышоўшы пад акно Альжбеты). Альжбета! Альжбета! Адася арыштавалі!
Лявон. За што?
Базыль. Камендант нагайкай Тафіля стаў біць, што той каровы не даваў. А Адась з Міхасём уступіліся за яго, дык іх абодвух і схапілі.
Выбягае Альжбета.
Альжбета. А божачка! А мілы мой! Сыночка арыштавалі! Людцы, ратуйце! А божа ж мой!
З’яўляюцца Ганецкі, Анатоль і камендант. За імі тры паліцэйскія гоняць пад карабінамі скаваных Адася і Міхася. За паліцэйскімі ідуць заплаканыя Надзя і Люба.
Альжбета (кідаецца да Адася). Сыночак, за што ж гэта яны цябе?
Камендант. Ідзь до сту д’яблув, холера!
Адась. Ціха, мама, я вярнуся.
Альжбета. Толік, што ж гэта робіцца такое?
Анатоль. Адкуль я ведаю! Знаць, супроць улады пайшлі.
Камендант. Забраць і тэго. (Паказвае на Лявона.) Ні з месца, большэвік пшэкленты! (Настаўляе на яго рэвальвер.) В кайданы го!
Адзін з паліцэйскіх падыходзіць да Лявона і надзяе яму на рукі наручнікі.
Ганецкі. О, панове, што значыць закон парушыць.
Анатоль. Гэта і ўсім будзе, хто па іх следзе пойдзе.
Яніна. Лявонка! (Плача.)
Анатоль. Дамоў марш, стыдніца.
Лявон. Бывай, Янечка.
Альжбета. Сынок мой, зноў турма табе. (Плача.)
Надзя (плачучы). Супакойцеся, цётачка.
Люба. Адальюцца ім нашы слёзы.
Прыбягаюць Янук, Марыля, Максім і дзед Струкач.
Максім. Ах вы, сабакі! (Хапае кол.) Я ж вам пакажу!
Адась. Максім.
Янук. Апамятайся! (Адбірае ў яго кол.)
Максім. Пусці! Я іх усіх…
Камендант. Взёнць!
Максім. Я табе вазьму! (Б’е каменданта, і той падае.)
Паліцэйскія кідаюцца на Максіма.
Дзед Струкач. Максім! Бяжы!
Максім пераскоквае праз плот і ўцякае. Камендант падымаецца і страляе ў той бок, куды пабег Максім.
Дзед Струкач (людзям). Трасцу ты пападзеш!
Камендант (да арыштаваных). На постэрунэк марш!