Выбрать главу

Міхась. Бывай, Люба.

Люба. Нічога, Міхаська, трымайся, буду чакаць.

Альжбета. А божачкі! Закавалі. (Плача.)

Адась. Пакуль паны будуць — торбы і турмы не пазбегнеш.

Заслона.

АКТ ТРЭЦІ

Карціна чацвёртая

Той жа пакой у доме Лабыша. Каля ўваходных дзвярэй пры левай сцяне па-ранейшаму стаіць канапа. Уздоўж задняй і правай сцен — сталы з гарэлкай і закускай. На канапе сядзіць Яніна і горка плача, выціраючыся насоўкай. Каля сталоў пахаджваюць Лабыш, Марыля, Надзя і Янук. Уваходзіць Анатоль. Ён у чорным касцюме.

Анатоль. Ну, ужо і малады едзе, чуваць. Музыка аж разлягаецца.

Яніна. А божачкі, а міленькія! Што ж мне рабіць цяпер? Дзе ж мне дзецца?

Лабыш (да Янука). Дык рыхтуйся, сваток, прыданых сустракаць. (Да Марылі.) І ты, сваціца, знай сваю справу.

Марыля. У мяне ўсё гатова.

Яніна. Нашто ж я на свет нарадзілася, няшчасная? Чаму ж мяне, маленькую, хвароба не скасіла якая? Для чаго ж мне жыць зараз? (Плача.)

Янук (да Лабыша). Не ведаю, як і сустракаць нам тых прыданых, калі тут ракой слёзы льюцца. (Глядзіць на Яніну.)

Лабыш. А каб ты здароў быў, сваток! Няўжо ж ты за свой век не прывык яшчэ да бабскіх слёз.

Янук. Не, мілыя, яшчэ не бачыў я, каб так маладая плакала. Яна ж галосіць, нібы са светам развітваецца.

Лабыш. Дзяўчыне ж трэба са слязьмі замуж выходзіць. Калі каторая, кажуць, на вяселлі сваім не плача, дык потым замужам адплача тое.

Яніна. Каб мяне аддавалі за Лявона, то я і не думала б плакаць.

Анатоль. Што пра таго злачынца думаць: яму ўжо не вярнуцца з турмы жывому.

Надзя. А суда яшчэ не было, так што невядома, колькі прысудзяць. (Ідзе ў суседні пакой.)

Янук. Пакуль суд, здароўе ўсё вымуць.

Чуюцца ржанне коней, звон бразготак і музыка.

Анатоль. Прыданыя на двары ўжо.

Яніна. Усё роўна не буду жонкай Ганецкага.

Янук. Дык што нам рабіць? Пачынаць вяселле ці дахаты ісці?

Марыля. Але радня пазбіралася, суседзі, і ходзяць усе па двары, як непрыкаяныя.

Анатоль. Ёй, відаць, прыемна народ круціць. (Выходзіць.)

Лабыш (да Яніны). Досыць хліпаць тут! Замры! (Ідзе ў суседні пакой.)

Марыля (да Янука). Ідзі па каравай, а я па ручнік пайду.

Янук і Марыля ідуць у суседні пакой. Уваходзіць Ляснічыха.

Ляснічыха. Да пачуе цябе гасподзь у дзень пячалі і абароне цябе імя бога.

Яніна. Прыйшлі ўсё-такі, не падвялі… А ці ж прынеслі тое, што я вас прасіла?

Ляснічыха. А плата?

Яніна. Вось вам. (Здымае з сябе залаты крыжык.) Хопіць гэтага?

Ляснічыха. А ён з чыстага золата?

Яніна. З чыстага. Там проба, глядзіце, ёсць.

Ляснічыха (паглядзеўшы яшчэ раз на крыжык). Ну, дык трымай насоўку.

Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі.

Яніна. А з чым прыняць гэта, скажыце?

Ляснічыха. З гарэлкай, і не бойся, як заснеш усё адно.

Яніна. Вельмі дзякую вам. Вы мяне выратавалі. Цяпер я іх не баюся.

Голас знадворку. Гой, гой, вяселле да пятніцы!

Ляснічыха. Ужо і прыданыя ў хату ідуць. Спасі госпадзі, бо не стала праведнага паміж сынамі чалавечымі.

Ляснічыха выходзіць. З суседняга пакоя ў гэты час уваходзяць Лабыш, Янук з караваем, спечаным у выглядзе сонца, і Марыля з ручніком.

Лабыш. О, нешта ж нядобрае будзе: Ляснічыха на вяселле зайшла.

Янук (перахрысціўшыся). От, глупства гэта! Дасць бог, і як найлепей усё абыдзецца.

Марыля (да Яніны). А ты ўжо не плачаш, ягадка?

Яніна. Што з таго плачу майго, калі на яго ніхто ніякай увагі не звяртае. Не буду больш і твару свайго слязьмі псаваць.

Уваходзяць дзед Струкач, Альжбета, Люба і іншыя вясковыя жанчыны і дзяўчаты.

Дзед Струкач. Добры дзень у хату!

Лабыш. Хто з просам, а хто першы з носам.

Дзед Струкач. А я не прыйшоў вашай гарэлкі напіцца, паглядзець прыйшоў.

Лабыш. Няўжо ж ты за свой век яшчэ мала вяселляў бачыў?