Дзед Струкач. Шмат бачыў у добрых людзей — захацеў паглядзець у багатых.
Альжбета. Хоць жа і гора ў нас з табой, Любка, але давай прыпяём гаспадару, калі ён такі ганарысты.
Люба. Правільна, цёця: мы свайго гора не паправім тым, што пець не станем. Сваёй жалобай мы толькі ворагаў нашых цешыць будзем. (Запявае.)
Усе жанчыны і дзяўчаты падхопліваюць песню.
Лабыш (махнуўшы рукой). А ну вас! З вамі лепш не займацца. (Ідзе ў суседні пакой.)
Уваходзіць Базыль, несучы перад сабой на белым абрусе каравай, спечаны ў выглядзе паўмесяца.
Базыль (падняўшы каравай над галавой). Светлы сярэбраны месячык прыйшоў да яснага залатога сонейка шукаць сяброўства і цеснага саюзу, каб разам свяціць днём і ноччу і ніколі не разлучацца паміж сабою. Ці згодна яснавяльможнае сонейка на такі саюз?
Янук (падняўшы каравай-сонца над галавой). Наша сонейка не па сабе сціплае і таму не можа адмовіць вяльможнаму месяцу.
Яніна кланяецца Базылю ў ногі.
Дзед Струкач. Нявест паважаюць, усяляк услаўляюць, а жонак потым б’юць і плакаць не даюць.
Янук (да Базыля). То давайце, сваток, я вам рукі аблягчу. (Бярэ ад Базыля каравай і кладзе яго пад абразы на стол разам са сваім караваем.)
Базыль (дастаўшы з-за пазухі здобную булку, да Яніны). А гэта мілай царэўне гасцінец ад нашага князя.
Яніна (узяўшы булку). Дзякую. (Кланяецца зноў Базылю і ідзе ў суседні пакой.)
Марыля (падышоўшы да Базыля). А гэта слаўнаму баярыну ад нашай царэўны генеральскі чын. (Перавязвае Базыля ручніком.)
Базыль. Найлепшы чын, як нічым.
Янук (адчыняе ўваходныя дзверы). Дык прашу, сваточкі, у хату ўсіх. З дарогі прыехаўшы, трэба адпачыць.
Уваходзіць Ганецкі са сваёй дружынай і музыкантамі.
Марыля. Проша не затрымлівацца, сваточкі, залазьце за сталы адразу.
Янук. Але, не застаўляйце сябе доўга ўпрошваць, самі сядайце.
Базыль. А мы людзі не гордыя і вялікай просьбы не патрабуем для сябе. Мы з парога і пад бога. (Паказвае рукой на абразы.)
Ганецкі і яго дружына, музыканты садзяцца за сталы.
Янук. Дык падмацоўвайцеся, сваточкі, пакуль мы тут маладую падрыхтуем.
Марыля. І не саромцеся: хлеб і гарэлка на стале, а рукі свае.
Янук і Марыля ідуць у суседні пакой.
Базыль. А як жа мы адны піць будзем? (Гукае.) Сват дамовы… чарка без мовы!
З суседняга пакоя ўваходзіць Лабыш.
Лабыш. Іду, сваточкі, іду. Я там крыху каля маладой забавіўся. (Падыходзіць да стала, за якім сядзіць Ганецкі, і бярэ чарку з гарэлкай.) То здароў будзь, сынок!
Ганецкі. На здароўе, коханы ойцец.
Лабыш з Ганецкім чокаюцца праз стол і выпіваюць. За імі выпіваюць свае чаркі і іншыя.
Дзед Струкач (да Альжбеты). Невядома, хто з іх старэйшы: бацька ці гэты — сынок?
Альжбета. Чорт іх ведае: яны што браты ўсё адно.
Лабыш (закусваючы). Сілкуйцеся, сваточкі, будзьце як дома. (Ходзіць каля сталоў, наглядаючы за парадкам.)
Базыль (да дружыны Ганецкага). Будзьце як дома, але і не забывайцеся, што ў гасцях.
Жанчыны і дзяўчаты пяюць.
Лабыш (да Ганецкага). Ну, сынок, не толькі мне, і табе перапала.
Ганецкі. Што ж! Якая песня, такая і плата. (Працягвае спявачкам маленькую манету.)
Люба. А мы пець не наймаліся, так што і грошай браць не думаем.
Сканфужаны Ганецкі хавае грошы ў кішэню.
Дзед Струкач. Нашы бабы, пане Ганецкі, не прадаюцца за медзякі.
Лабыш (падышоўшы да дзвярэй суседняга пакоя і адчыніўшы іх). Ну, ці скора там маладая гатова будзе?