Голас Марылі. Зараз, сваток, зараз! Канчаем прыбіраць!
Жанчыны і дзяўчаты пяюць.
У гэты час з суседняга пакоя выходзіць Янук з хлебнай дзежкай у руках, за ім Марыля з падушкай пад пахай, а за ёй Надзя з абрусам. Янук ставіць дзяжу сярод хаты, Марыля кладзе на дзяжу падушку, Надзя накрывае падушку абрусам. Затым яны ідуць зноў у суседні пакой.
Лабыш (да Ганецкага). Зараз і маладую прывядуць.
Ганецкі. Хутчэй бы, а то я ўжо і смуціцца пачынаю.
Базыль. Гой, гой, вяселле да пятніцы!
Адчыняюцца дзверы суседняга пакоя і ўваходзіць Янук.
Янук (да музыкантаў). Музыканцікі — марш!
Музыканты іграюць марш. З суседняга пакоя ўваходзіць Анатоль, ведучы пад руку Яніну. Яна ў белай сукенцы з вэлюмам і ў вянку. За ёй ідуць уся яе дружына і госці. Надзя нясе ў руках свечку, запалкі і кальцо. Жанчына і дзяўчаты пяюць:
Марыля. Панове музыкі, вы добра ігралі, але я папрашу, каб вы перасталі. Не я прашу — маладая ўпрашае пакорным добрым словам. Дзе тут ёсць: маткі, бацькі родныя і хрышчоныя; браты, сёстры, сябры, сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця!
Галасы. Няхай яе бог благаславіць!
Марыля абводзіць Яніну вакол дзяжы. Жанчыны і дзяўчаты пяюць ёй:
Марыля (пасадзіўшы Яніну на дзяжу). Дзе тут ёсць: маткі, бацькі, родныя і хрышчоныя; браты і сёстры, сябры і сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця.
Галасы. Няхай яе бог благаславіць.
Марыля абводзіць Яніну зноў вакол дзяжы. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Марыля (пасадзіўшы Яніну на дзяжу). Маткі, бацькі, родныя і хрышчоныя; браты і сёстры, сябры і сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця.
Галасы. Няхай яе бог благаславіць.
Надзя запальвае свечку і дае яе Марылі, потым дае ёй кальцо, Марыля абводзіць запаленую свечку тры разы вакол Янінінай галавы, пасля бярэ кальцо, укладае ў яго кончыкі валасоў і прыпальвае іх свечкай. Прыпальваюцца валасы ў трох месцах: на адным віску, на патыліцы, на другім віску. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Марыля (затушыўшы свечку). Ну, першы шафер і першая шаферка, бярыце маладую цяпер і за стол вядзіце.
Базыль. Музыкі, марша маладой! Але такога, каб аж шыбы з вокнаў павыляталі! (Гойкае.) Гой, гой, вяселле да пятніцы!
Музыканты іграюць марш. Анатоль і Надзя бяруць Яніну пад рукі і вядуць яе да Ганецкага. За маладой за сталы залазяць яе шаферы і шаферкі і ўсе госці.
Дзед Струкач. Павялі козачку ў кіпцюры воўчыя!
Марыля бярэ абрус і падушку, Янук — дзяжу, і ідуць у суседні пакой. Лабыш дапамагае ўсаджвацца гасцям.
Лабыш (узяўшы чарку). Перад выездам да шлюбу прашу маладых, сватоў і гасцей усіх выпіць і закусіць. (Выпівае сваю чарку.)
Ганецкі. Дык вып’ем жа і мы, толькі да дна, панна Яніна.
Яніна (перахрысціўшыся). Да дна. (Сыпле ў чарку атруту з насоўкі, заплюшчвае вочы і выпівае.)
За маладымі выпіваюць свае чаркі і ўсе астатнія. Уваходзяць Янук з Марыляй у вывернутых кажухах. Музыканты іграюць польку, і яны скачуць.
Марыля (скачучы, ухкае). Ух! Ух! Ух!..
Янук (скачучы, гойкае). Гой! Гой! Вяселле пачынаецца!
Марыля (спыніўшыся). Дай божа ў гэтай хаце кожны год скакаць.
Галасы. Дай жа божа!
Янук. Скакаць, пець, іграць і ніколі не сумаваць!