Марыля (плачучы). Ён і не ведае, што каня пад войска ўзялі.
Надзя. «Перадайце мой паклон Стасі і ўсім блізкім і знаёмым. Застаюся ваш сын Рыгор Іванавіч Баравец». (Аддае пісьмо Марылі.)
Марыля. Дзякуй, дачушка. (Хавае пісьмо за пазуху.)
Люба. Апусцела вёска. Усю моладзь пабралі. Каго на фронт, а каго ў турму.
Марыля. Хто ў турме, дык вернецца, а вось хто на вайне — невядома.
Люба. Лёгка сказаць — дзесяць гадкоў чакаць.
Надзя. А мне столькі ды яшчэ паўстолькі.
Марыля. Бедная ты. Ты і грошы аддала свае ўсе і не вырвала Адаську з турмы.
Надзя. Што грошы. (Плача.)
Альжбета. Не плач, дачушка, будзем разам чакаць яго. У мяне па абодвух душа баліць. І Максім жа, як воўк, ад паліцыі хаваецца.
У небе раздаецца гул самалётаў.
Марыля. Зноў вірапланы лётаюць.
Альжбета. А высока — і не відаць нават.
З’яўляецца дзед Струкач. Ён зусім састарэў. Ідзе, сагнуўшыся, і апіраецца на палку. У зубах яго дыміць люлька.
Дзед Струкач. Здаровы, дзеткі.
Надзя. Добры дзень, дзядуля.
Дзед Струкач. Што вы ўтыкнуліся ў неба?
Альжбета. Во, немец сюды ўжо прыляцеў.
Дзед Струкач. Халера з ім! Усё адно паміраць мне. (Кашляе.)
Люба. Дзіва што! Такую махорку курыць.
Дзед Струкач. А гэта не махорка, гэта — бульбянік.
Альжбета. Лабыш дурны ідзе.
Марыля. Во, да чаго давёў чалавека асаднік. Такую гаспадарку абманам узяў і з хаты выгнаў!
Дзед Струкач. А чорт яго бяры! Сам быў цаца добрая.
Па вуліцы праходзіць Лабыш. Ён значна пастарэў і пахудзеў. Вопратка на ім парваная, і месцамі свеціцца голае цела.
Лабыш. Зямля і грошы, грошы і зямля… О, я багаты! У мяне шмат зямлі і грошай, і гэта мая зямля. (Паказвае на левы бок вуліцы.) І гэта мая. (Паказвае на правы бок вуліцы.) І гэта. (Падбівае босай нагой пясок на вуліцы.) А гэта добрая зямля! На ёй золата можа расці. (Нагінаецца і набірае ў кішэні пяску.)
Дзед Струкач. Хапай, хапай! Не нахапаўся яшчэ за свой век. Не, брат, больш трох аршын не адхопіш. (Закашляўся.)
Лабыш (падыходзіць да людзей). Яніны не бачылі, куды пайшла?.. І Толіка няма.
Альжбета (скідаючы з сябе пінжак). На табе, Антось, мой каптан, а то ж цела голае свіціцца.
Лабыш (хапаючыся за полы свайго пінжака). Грошы! Грошы! Грошы хочаш украсці?!
Альжбета. Дзе яны ёсць там тыя грошы ў цябе? Калі, можа, і былі дзе зашыты якія, дык даўно вываліліся.
Надзя. Надзеньце вазьміце.
Лабыш. Не дам! Не дам! (Мітусіцца па вуліцы.)
Праходзіць устрывожаны Ганецкі. Лабыш кідаецца да яго.
Лабыш. Паночку, ратуйце! (Хапае яго за руку.)
Ганецкі. Што табе трэба ад мяне, вар’ят? Адстань! (Адштурхоўвае яго.)
Дзед Струкач. Дык што вы, пане Ганецкі, ужо і прывітацца з цесцем не хочаце?
Ганецкі паспешна адыходзіць. Лабыш пануры пляцецца ў другі бок. Альжбета з пінжаком у руках ідзе ў хату.
Ха-ха-ха! Во адхапіў сабе зяця Антось! (Закашляўся.) А каб цябе немач з гэтай хваробай.
Марыля. Ну, трэба ж і мне ісці.
Даносіцца гарматны выбух.
Што гэта?
Усе прыслухоўваюцца. Раздаецца некалькі гарматных выбухаў.
Люба. Няўжо немцы дабіраюцца сюды?
Надзя. Але чаму гэта адтуль страляюць?
З’яўляецца Янук.
Янук. Што вы прыслухоўваецеся?
Дзед Струкач. Ды вось немец з гармат смаліць ужо.
Янук. Гэта не немец. Гэта — бальшавікі!
Марыля. Ну? Праўда? Не можа быць.
Янук. Дальбог праўда, мусіць! Чаму ж з таго боку страляюць?
Люба. Ой, нешта не верыцца!
Янук. Чаго не верыцца? А чаму ж палітзняволеных выпусцілі? Толькі што сустрэў я Мятліцкага з Дубавых. Дамоў ішоў.
Люба. А пра нашых нічога не чулі?
Янук. Не, ён у Лукішках сядзеў.
Надзя. Цёця, цёця! Сюды хадзіце!
Выбягае Альжбета.
Хутка Адась прыйдзе!
Альжбета. Ай-ёй! Хто гэта кажа?
Надзя. Ды вось дзядзька Янук Мятліцкага з Дубавых бачыў.