Адась. Таксама ж і вас, дзядуля. Ужо не прыйдзецца вам больш з торбамі цягацца па свеце.
Жабрак. Але ж, мілыя, можа, і я зараз чалавекам буду. (Скідаючы торбы з сябе.) А ідзіце ж вы, карміліцы мае, на сухі лес, на балоты мокрыя, у нетру глухую, каб людскія вочы не бачылі вас. (Вымае з торбы хлеб, цалуе яго, кладзе за пазуху, падыходзіць да крыжа і вешае на ім торбы.) Абарані ж нас, госпадзі, ад няшчасця гэтага на векі вечныя.
З’яўляецца Марыля.
Марыля. Амінь. (Заўважыўшы хлопцаў.) Здаровы, хлопчыкі, малайцы адважныя.
Міхась. Добры дзень, цётка Марыля.
Адась. Сапраўды добры дзень — незвычайны дзень сёння! Чырвоная Армія нясе нам свабоду, вызваляе нас ад панскага ярма. Дваццаць год мучылі нас паны, асаднікі, кулакі, а сёння…
Міхась. А сёння папараць-кветка расквітнела для нас.
Чуецца гул самалётаў.
Альжбета. Вірапланы.
Люба. А як нізка!
Надзя. Чырвоныя зорачкі на крыллях!
Янук. Гэта рускія!
Базыль. Бальшавікі!
Янук. Вітаем вас, героі чырвоныя!
Заслона.