Яніна. Мне шкада вашых коней, што вы іх дарэмна гнаць будзеце.
Ганецкі. Дзеля вас, панна Яніна, я паехаў бы на край свету.
Яніна. У імя бога, адстаньце вы ад мяне!
Ганецкі. О, мне падабаецца нават ваша дзёрзкасць! А як бы я цаніў вашы ласкі, панна Яніна!
Яніна. Не чакайце вы іх ад мяне.
Ганецкі. У такім разе мне дастаткова будзе і адной вашай павагі.
Яніна. І на гэта вы не спадзявайцеся.
Ганецкі. Што ж, я згодзен кохаць вас і без усякай узаемнасці з вашага боку, абы толькі вы былі маёй жонкай.
Яніна. Гэта немагчыма так, як і памаладзець вам на якіх-небудзь дваццаць — дваццаць пяць год.
Ганецкі. Я крыху старэйшы за вас, праўда, але ж вы будзеце жыць за мной, як крулёва. Падумайце над гэтым, панна Яніна.
Уваходзіць Лабыш.
Лабыш. Ну, вось і я прыйшоў, пляшку гарэлкі прынёс. (Дастае з кішэні бутэльку «казёнкі».)
Ганецкі. Не, пане Лабыш, за вудку вельмі дзякую. Не час цяпер распівацца. Давайце пакінем яе лепш на другі дзень.
Лабыш. Тады тое само сабой будзе.
Ганецкі. Не, няма як зараз: я ў гміну да войта спяшаюся. (Ідзе да Яніны развітвацца.) Да відзэння, панна Яніна. (Цалуе яе ў руку.)
Лабыш. Неяк жа надта няёмка адпускаць госця не пачаставаўшы.
Ганецкі. Нічога, пане Лабыш, другім разам вып’ем… А пакуль бывайце здаровы. (Падае яму руку.)
Лабыш. З богам, пане Ганецкі…
Ганецкі выходзіць.
Дык што табе, дачка, пан Станіслаў казаў? (Ставіць у шафу гарэлку.)
Яніна. От, малоў лухту розную.
Лабыш. Ты не хітруй са мной! Ён табе, мусіць, тое гаварыў, што і мне.
Яніна. А што ён вам гаварыў?
Лабыш. Прасіў у мяне тваёй рукі.
Яніна. І што вы яму сказалі на гэта?
Лабыш. Я сказаў, што буду вельмі рады вашаму шлюбу!
Яніна. Гэта ж корч стары!
Лабыш. Пад гэтым карчом шмат золата.
Яніна. Грошы не грэюць сэрца.
Лабыш. Глупства! Старэйшы заўсёды разумнейшы і як сем’янін лепшы.
Яніна. Чым жа гэта ён лепшы?
Лабыш. Па чужых бабах хадзіць не будзе — раз, цябе адну шанаваць будзе — два, на яго заглядацца ніхто не будзе — тры.
Яніна. Лепш, як кажуць, пад лаўкай пасядзець, але на харошага паглядзець.
Лабыш. Хараство з гадамі ў кожнага праходзіць, а багацце не кожнаму харошаму даецца. Падумай, я ж ліха табе не жадаю.
Яніна (са злосцю). Не бываць гэтаму!
Лабыш. Дачушка! Апамятайся, што ты гаворыш!
Яніна. Ён жа католік.
Лабыш. І ты каталічкай будзеш.
Яніна. Ды ён не чалавек. Ён як ваяваў з бальшавікамі, дык, кажуць, і мірных людзей грабіў.
Лабыш. А хто гэта грабе ад сябе? Адна курыца і тая зярняткі падбірае.
Яніна (са слязьмі). Не пайду я за яго! Ён мой бацька! Гэта нават грэх!
Лабыш (іранічна). Можна і не ісці, можна паехаць, у яго коні добрыя, ды і ў мяне нядрэнныя.
Яніна (настойліва). І не паеду!
Лабыш (сур’ёзна). Звяжам і завязём, а будзе так, як я сказаў.
Яніна (кідаецца яму ў ногі). Татачка, родненькі, не губіце вы мяне, не губіце! Пашкадуйце мяне, маладую! (Плача.)
Лабыш. Я дзягай зараз пашкадую цябе, неслуха такога!
Яніна. Біце мяне, забіце мяне, толькі не аддавайце за Ганецкага.
Лабыш (падымаючы яе за руку). Нічога не выйдзе, міленькая! Так што асушы свае слёзкі і прымірыся з тым, што ты ўжо Ганецкая.
Яніна. Хоць на кавалкі пасячыце мяне, усё адно не пайду за нялюбага! (Плачучы, бяжыць на двор.)
Лабыш (гледзячы ёй услед). Прывыкнеш, нідзе дзенешся.
Уваходзіць жабрак.
Жабрак. Пахвалёны ў хату! (Хрысціцца.)
Лабыш. Ідзі, ідзі, дзед! Няма чым дарыць цябе тут. На ўсіх гультаёў хлеба не настараешся.
Жабрак. Людзі кажуць, не дай і не лай.
Лабыш. А не аблай вас, дармаедаў, дык вы кожны дзень будзеце прыходзіць.
Жабрак. Ты ўсё скупішся, чалавеча, золата копіш, а не ведаеш, што ў гэтым твая пагібель.
Лабыш. Ты мне зубоў не замаўляй, бо ўсё роўна нічога не дам за тваю балбатню.