Жабрак (выходзячы). Пад намі зыбкая багна, і на ёй ніхто не ўстаіць, у каго кішэні цяжкія. (Зачыняе за сабой дзверы.)
Лабыш. Бач ты, вучыць яшчэ мяне ўздумаў.
Уваходзіць Надзя.
Надзя. Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла, што цяпер рабіць?
Лабыш. Сядзь, я хачу пагаварыць з табой.
Надзя (садзіцца за прасніцу). Аб чым? (Прадзе.)
Лабыш. Нядаўна я быў сведкай непрыстойнай выхадкі майго сына.
Надзя. Я тут не вінавата зусім.
Лабыш. Так, але гэта значыць, што ён любіць цябе.
Надзя. Хто шчыра любіць, той пахабных думак не носіць у галаве.
Лабыш. І ўсё ж такі ты падабаешся яму.
Надзя. Даю слова, што вам няма ніякай прычыны непакоіцца: і Толік мяне браць не будзе, і я за яго не пайду.
Лабыш. Дачушка мая! А я зусім не супраць вяселля вашага. Наадварот, я ўсёй душой хачу гэтага.
Надзя. Вы хочаце нахлебніцу нявесткай сваёй зрабіць?
Лабыш. А ты не бедная, у цябе дваццаць тысяч злотых на кніжцы ляжыць.
Надзя. Адкуль у мяне тыя грошы ўзяліся, цікава?
Лабыш. Спадчына ад бацькоў.
Надзя. Дык я такая багатая? А чаму вы не гаварылі мне пра гэта?
Лабыш. Я хацеў уберагчы цябе ад розных басякоў і жулікаў і выдаць замуж за чалавека, вартага цябе.
Надзя. Значыць, вы бераглі мяне для свайго сына?
Лабыш. А чаму б вас ды не пажаніць? Ну, бяры свае паперы: ты ўжо паўналетняя і павінна сама здымаць працэнты. (Аддае Надзі дакументы і зачыняе шафу.)
Надзя. За тое, што вы мяне выгадавалі і грошы ўсе мае захавалі, я вам шчыра дзякую, а што да нашай жаніцьбы з Толікам, дык з гэтым нічога не выйдзе.
Лабыш. Чаму? Ты яшчэ за ўвесь час, як жывеш тут, не прывыкла да яго?
Надзя. Прывыкла, але я не люблю яго.
Лабыш. Што гэта за любоў такая, не разумею? Мне некалі сказалі, едзь туды, там удава багатая, паўтары валокі зямлі мае, я і паехаў. Прыехаў, гляджу — баба, не старая яшчэ, дзяцей няма, у хустцы, у спадніцы — ну што з яе хацець? Узяў і ажаніўся. Во як было некалі. А цяпер як жэняцца, дык глядзяць, каб і харошую, і багатую ўзяць. Дзе ж ты падбярэш такія цялежкі?
Надзя. Не ў харастве справа зусім. Калі глядзець на хараство, дык і Толік не брыдкі.
Лабыш. А ў чым справа?
Надзя. У тым, што я люблю другога.
Лабыш. Дык хто ж ён, твой каханы?
Надзя. Адась.
Лабыш. Адась?!
Надзя. А што? Ён хоць і не такі багаты, але ж гаспадар усё-такі. Да таго ж ён вучаны: паўшэхную школу скончыў на пяцёркі і на гандлёвых курсах у горадзе быў.
Лабыш. І не выйшла з яго ні гаспадара, ні гандляра: гаспадаркі больш усяго брат глядзіць, а ён замест гандлю палітыкай займаецца.
Надзя. Адкуль вы ведаеце, што ён палітыкай займаецца?
Лабыш. Сядзеў тры гады ў турме за лістоўкі? Сядзеў. Думаеш, ён перамяніўся пасля гэтага? Не верыцца мне! Калі ўдасца жарабё з лысінай, дык і здохне такім… Я табе, Надзя, як і роднай дачцэ сваёй, ліха не жадаю, і калі ты розум мець будзеш, дык ты за Толіка замуж пойдзеш. Прадумай толькі добра нашу размову з табой. (Выходзіць з хаты.)
Надзя. Хай конь думае: у яго галава большая — а я ўжо ўсё перадумала… Та-ак, цяпер Альжбета не будзе чапаць мяне! (Выходзіць у суседні пакой.)
Уваходзяць Яніна з Лявонам.
Яніна (да Лявона). Сядзь, адпачні!.. А работа — не воўк: у лес не ўцячэ. Ды яе тут што ў пекле — век не пераробіш.
Лявон. Хацелася ж сёння дакоскі зрабіць.
Яніна. Дарэмна ты так стараешся: усё роўна табе бацька за тваю працу «дзякуй» не скажа.
Лявон. Не стараўся б, каб не думаў стаць яго зяцем.
Яніна. Не-е, калі ты будзеш спаць у шапку, дык ніколі табе не стаць яго зяцем: аддадуць мяне за Ганецкага.
Лявон (прысаджваючыся на лаве). Ну, а што мне рабіць?
Яніна. Ты павінен аб’явіць яму наша жаданне і як найхутчэй.
Лявон. Але як мне, парабку, перад сваім гаспадаром і заікнуцца аб гэтым?
Яніна. А ты не бойся. Падыдзі і скажы яму, што мы кахаем адзін аднаго.
Лявон. Тут смеласць не паможа, хітрасць ужыць трэба!
Яніна. Можна і на хітрасць пайсці. А што ты прыдумаў такое?