Выбрать главу

Надзея СТАТКЕВІЧ

ПАПЯЛІШЧА

Раман

УСТУП

Дзень быў настолькі спякотны, што вуліцы Менска апусцелі і толькі ўвечары зноў павінны былі ажыць, напоўніцца звычайным бразгатам і гоманам. Такое надвор’е трывала ўжо другі тыдзень. Яшчэ не так даўно здавалася, што і марыць няварта было пра доўгачаканы дождж, але хмары, якія цяпер зганяў сюды бадзяга-вецер, пасля поўдня абяцалі выратаванне.

Адзінокая фурманка пад’ехала да будынка Менскай гімназіі і спынілася ля брам. Коні ленавата стрыглі вушамі ды адмахваліся хвастом ад надакучлівых аваднёў. Чалавек, які сядзеў у ёй, цярпліва чакаў, пакуль адчыніліся дзверы гімназіі, і на ганку з’явіўся юнак. Убачыўшы бацьку, ён замахаў рукамі і кінуўся з прыступак да яго. Мужчына прыгарнуў сына да сябе і доўга не адпускаў.

Старэйшы Офенберг быў моцнага целаскладу і даволі высокі. Яго валасы ўжо кранула сівое павуцінне, але ў чорных вачах яшчэ не згас агеньчык, што сведчыў пра моцную прагу да жыцця. Апрануты ён быў сціпла, як жыхар правінцыі, але ахайна. Ян быў вельмі падобны да бацькі. Пра такое звычайна гавораць: "Усе кропачкі пабраў". У яго быў той жа колер вачэй, русыя валасы і лёгкая смуглявасць скуры, толькі вось позірк іншы: дзікаваты, асцярожны і дапытлівы, як у ляснога кацяня.

Фурманка павольна пацягнулася ў накірунку Барысаўскага тракту, Ян жа зірнуў на небасхіл і сказаў бацьку:

— Загадай вазніцы паганяць: дождж хутка пачнецца.Пасля ўздыхнуў і дадаў:

— Ох, каб і ў нас ім трохі палі памачыла! Як там у Клічаве? Усё добра?

Бацька кіўнуў і чамусьці заўсміхаўся.

Ян засмуціўся.

— Я нешта не так сказаў?

— Наадварот, я рады, што ты не забыўся на хатнюю навуку. Добрым гаспадаром будзеш.

— Такое не забываецца.

— Але ж Стэфан з два тыдні, як прыехаў дахаты, але пра гаспадарку ў мяне нічога і не спытаў. Важдаецца са сваімі чарцяжамі дзень і ноч, а іншае яго не цікавіць.

Ян засмяяўся:

— А памятаеш, як аднойчы павёз нас у Асіповічы, каб паказаць чыгунку? Вось з таго моманту вочы ў яго толькі гэтым і гараць. Цяпер інжынерам хоча быць, у Інстытут пры Імператары паступаць рыхтуецца. Гаварыў тое?

— Гаварыў.

— Ну ці ж гэта дрэнна?

Бацька схіліў галаву.

— Я справу Стэфану хацеў перадаць, ды, напэўна, ты будзеш працягваць маю працу.

Ян змяніўся.

— Я планую заняцца медыцынай, бацька.

Цэзара здзівілі словы сына. Ён ведаў пра захапленне юнака, але ніколі не думаў, што той возьмецца за гэта сур’ёзна. Ян жа нават і не збіраўся тлумачыць. Ён загадаў вазніцы спыніць каля кніжнай лаўкі, выскачыў і падышоў да шыльды. Да яго падскочыў юнак у форме гімназіста і незадаволена буркнуў на вуха:

— Офенберг, каб цябе распёрла! Колькі можна прымушаць сябе чакаць? Кіраўнік гуртка называецца! У цябе што здарылася?

— Я з’язджаю дахаты.

— У Клічаў?

— Так.

— А як жа гурток?

— Шмат хто з нашых раз’язджаецца, так што пакуль прапаную адпачываць. Спадзяюся, за некалькі месяцаў запал не пройдзе?

Тут да кнігарні падышлі два жандары. Юнакі пераглянуліся.

— Ужо год з часу замаху прайшоў, а гэтыя ўсё шныраюць. Брыдота! Ты, дарэчы, назву гуртка з хлопцамі абмеркаваў?

Ян нічога не адказаў, а ўзяў дубец і на пыльным гасцінцы напісаў словы "Kotko samoksztatceniowe".

Гімназіст прачытаў і кіўнуў у знак згоды.

— Мне падабаецца. Якраз тое, пра што і гаварылі на апошняй сходцы. Тады да сустрэчы.

— Бывай.

Ян ужо накіраваўся да фурманкі, калі раптам таварыш падбег да яго, схапіў за рукаў і шапнуў:

— Слухай, даўно хацеў спытаць. Я тут уведаў... Табе Нікадзім Офенберг кім даводзіцца?

— Дзядзькам.

— Ён пасля апошняга паўстання ў Сібір высланы, і частку маёнтка ў вас пасля спісалі, так?

— Адкуль ведаеш?

— Я і не такое ведаю. Гэта так, удакладніць хацеў. Ты, мабыць, праз яго такім стаў. Адвага, Офенберг, або мёд п’е, або кайданы трэ, га?

Ён больш нічога не стаў выпытваць і пайшоў прэч. Ян вярнуўся да фурманкі, зноў усеўся насупраць бацькі і сустрэў яго дапытлівы позірк.

— Хто гэта быў?

— Мой сябра.

— Та-а-к, а чаму ж не пазнаёміў?

— Прабач, ён спяшаўся. Ты ўжо быў у Завішаў?

Цэзар пранікліва паглядзеў сыну ў вочы.

— Хочаш змяніць тэму размовы? Старога вераб’я на мякіне не ашукаеш.

Ян спахмурнеў.

— Не, проста пытаю.

— А ты ведаеш, што Іван непакоіцца за цябе? Ён падазрае, што ты ўдзельнічаеш у студэнцкіх хваляваннях.

— Яму падалося.

Бацька адмоўна пакруціў галавой.

— Не думаю. Ён разумнейшы за нас абодвух і больш асцярожны, але я перашкаджаць не буду. Ты мужчына і сам выбіраеш свой шлях... Між іншым, дзе твае рэчы?