— Каб рыбу есці, трэба ў рэчку лезці! Тады нашто вам вуды? Можа, уюноў пасвіць ці шчупакоў бараніцца?
— Ды гэта Зуліся, — штурхнуў сястру хлопец.
— Зноў Зуліся! Воўк кожны год ліняе, але нораву не змяняе. Ну, паказвай торбу! Колькі навудзіў?
Васілька паднёс яму ўлоў. Стары крэкнуў:
— Ух, ну нічога. Няхай Зуліся адвязе дахаты, а ты можаш застацца і павудзіць яшчэ. Зуліся, скажаш матцы, што прыеду заўтра ўвечары.
— Дзеду, а можна і мне застацца? — папрасіла дзяўчо.
— Не. Лепш заўтра зранку прыедзь мне падсабіць.
Зуліся надзьмулася, але не стала пярэчыць і накіравалася да табуна, каб злавіць Рукаса.
***
Пыл курэў пад капытамі коней і аблокамі звісаў над зямлёй. Па шляху ехалі два вершнікі. Звярнуўшы з гасцінца, яны з’ехалі на вузейшую сцежку. Яна прывяла да ракі, з зарослымі чаротам і аерам берагамі. Ля вады коні спыніліся, каб здаволіць смагу, а потым праз брод пайшлі ў бок вёскі.
Вершнікі былі апрануты сціпла. Абодва ў шэрых кунтушах, падпярэзаных доўгімі пунсовымі паясамі, а ў іх, каб выглядалі больш шырокімі, было ўкладзена па ручніку. Спераду ж быў прывязаны "гуз", што, нібы бохан хлеба, абвісаў ледзь не да каленаў. Коні пад імі ішлі павольна, цяжка. Відаць, доўгі шлях ім прыйшлося пераадолець.
— Дзе пераночым, браце? — запытаў раптам Няміра. Я ў гэтую вёску ніколі не заязджаў. Чаму не пажадаў застацца ў пана Незабытоўскага, калі прапаноўваў?
— Думаў, што паспеем даехаць да Кулішак. Я заўсёды там спыняюся ў Хмаркоўскіх. Яны старога роду і да таго ж гасцінныя гаспадары. Спынімся тады ў Старым Боры. Тут знаёмы майго дзядзькі жыве.
— Ну, калі так, то я згодны.
Панічы заехалі ў вёску, якую з боку рэчкі не было бачна з-за хмызняку. Хаты стаялі насупраць адна адной, выходзячы пасадам да ракі, але тут, на ўскрайку, гэты парадак збіваўся, і астатнія вокнамі глядзелі на лес. Нікога не было на вуліцы, толькі з аднаго двара выйшла жанчына і накіравалася да студні. Пакуль яна набірала ваду, Феліцыян пад’ехаў бліжэй.
— Пані, дзе тут двор Тараса Валашэвіча?
Цётка Адарка ўважліва паглядзела на шляхціца.
— Нашто вам?
— Спынімся на два дні ў яго. Нам пан Незабытоўскі параіў сюды заехаць.
— Гэта мой бацька.
Жанчына ўздыхнула, падхапіла вядро і пайшла да брам.
— Ідзіце за мной. Бацька сёння не вернецца: паехаў на выган.
— Дазвольце толькі, цётка, нам не ў хаце, а ў садзе заначаваць. Ноч цёплая, у пуні не змерзнем.
— Як паніч сабе хоча. Зараз прынясу чаго пасцяліць.
На двары было хораша, свежа. Прыемна дыхалася лясным паветрам, да якога далучаўся водар кветак, сярод якіх у траве гучна стракаталі конікі. Вецер асцярожна дакранаўся да лісточкаў бяроз, ашчадна гладзіў кветкі ільвінага зеву, якія жоўтым дываном густа раслі перад брамамі. Недзе выў сабака, чуўся стук дзятла, і сэрца прасілася ператварыцца ў апошні промень сонца, каб яшчэ раз перад захадам убачыць хараство наваколля, што тапілася ў чырвані. Маладыя шляхціцы пайшлі ў сад.
— У пуні яму захацелася! — прабурчаў Якаў. — Дурань! Яснавяльможны будзе спаць у пуні! Дзе твая годнасць? Мала таго, што едзем у такім адзенні, як апошнія халопы, дык і тут ты не па-людску робіш. За намі не сочаць, і я лічу, што не трэба больш прыкідвацца!
Ён сарваў з галіны яблык, укусіў і адразу выплюнуў:
— Фу, кіслоцце адно! Аж у роце расце.
Сябра ўсміхнуўся, падышоў да іншага дрэва і падняў ападак.
— Хіба такія цяпер рвуць? На, вось гэты пакаштуй.
Якаў з недаверам паглядзеў на пагрызены восамі ападак, але адкусіў і ажно чмякнуў:
— Салодкае!
— Канечне. Тыя плады, што птушкі і восы ядуць, заўсёды смачныя.
Пуня стаяла за хлявом, напалову запоўненая сенам. Хлопцы пераглянуліся і абодва з разбегу заскочылі туды. Яны закапаліся ў мяккае сена і так ляжалі доўга. Пахла полем і кветкамі, а яшчэ пылам і дурнап’янам. Якаў прыціх і ўтаропіўся ў зорнае неба.
— Глядзі, Феліцыян, зоркі, як раскіданае зерне. Вунь тую я б хацеў падарыць сабе.
— Нашто?
— Ат, была б замест ліхтара.
— Дурань. Калі б не маніў, то ўсё праўда была б.
Якаў перакульнуўся на другі бок і паглядзеў на неба, туды, дзе ззяла адзінокая зорка.
— А што там за самая яркая?
— Мілавіца. Так нашы халопы зорку Венеру называюць.
— Прыгожа, мне нават так больш падабаецца. Глядзі, які месяц ладны сёння!
Феліцыян усміхнуўся:
— Мне дзядзька жарт пра яго распавёў. Кажа, бачыў, як каля дзвярэй карчмы п’яненькі цыган ляжаў і на месяц лаяўся: "Дарма ў Бога хлеб ясі! Свеціш, але не грэеш!"
— Што-што, а ў карчму мне ўжо не трапіць, — уздыхнуў Якаў і пацёр бок, які не пакідаў балець.