Ён зірнуў на Улляну, перахапіў яе погляд і, задаволены, пачаў распавядаць далей.
— Мне яшчэ расказвалі, як крот дапамог знайсці скарб. Аднойчы халоп хадзіў па сваім полі і бедаваў, што крот нарыў шмат. Раптам бачыць — нешта блішчыць. Падышоў бліжэй — залаты дукат. Яго крот наверх выкінуў.
— А я вось заўтра пайду па агародах шукаць скарбы, праўда, Улляна? Ды на твой абавязкова завітаю. Калі цябе спаткаю, лічы — знайшоў, — зноў уставіў свае тры грошы Змітрок.
— Прыходзь, калі ляйчына пад хвост трапіла. І свінню сваю вазьмі. Можа, пашанцуе, — засмяялася дзяўчына.
— Усе чулі? Яна сама мне спатканне прызначае! Заўтра не зможаш адмовіцца, — пачаў заляцацца хлопец, адным вокам цікуючы за Данутай.
— Ці не перад дажджом ты, Змітрок, разгуляўся? З брахні ў нас не мруць, ды брахунам веры не даюць! — сказала і павярнулася да яго спінай.
Гучны рогат заглушыў адказ хлопца. Ён збянтэжыўся і больш нічога не гаварыў, толькі зірнуў употай на Дануту, але тая адвярнулася і сціснула вусны.
Зуліся тым часам паглядзела на Феліцыяна. Той усміхнуўся, дзяўчына пачырванела і ціхенька адвярнулася. Крыху пачакаўшы, яна падышла да Дануты і нешта шапнула ёй.
— Адна пойдзеш? — здзівілася сяброўка. — Можа, правесці?
— Не трэба.
Калі Зуліся знікла, Феліцыян таксама звярнуўся да Якава:
— Я пайду.
— Куды? Пачакай, дождж за карак не лье, пазней разам пойдзем.
— Ды чаго мне тут сядзець?
— Ну-ну, сапраўды, — падпікнуў паніч. — Тая ж дзеўка толькі што адсюль збегла. Ідзі, можа, зловіш.
Сябра ўсміхнуўся і нічога не адказаў.
Зуліся ішла па мяккім дарожным пыле. Ночы пасля Іллі былі яшчэ не зусім халодныя. Але хутка павінна было пачацца жніво, а далей — вераснёвая імгла, калі ўжо босай не выйдзеш на двор. Не чуваць было і птушак, якія пасля Афінагена заціхлі да самай вясны. Дзе-нідзе жоўценькія лісточкі на дрэвах, водар спелых яблыкаў у паветры, пах вільгаці і жыта, калоссе якога ўжо нізка схіліла галаву да глебы — усё сведчыла пра набліжэнне восені.
З такімі думкамі крочыла па сцежцы, калі раптам нехта гукнуў яе. Дзяўчына азірнулася.
— Ці не страшна ісці адной дахаты? — спытаў Офенберг.
— Ніколечкі. Хіба чорта кульгавага трэба баяцца? Гавораць, соўваецца тут часам ды дзевак казыча.
Феліцыян усміхнуўся:
— Далёка твая хата?
— Не, а паніч далёка збіраецца?
— Ды мне туды, куды і панне.
— Чула б гэта мая маці. Добра б дубцом пачаставала! Але ж дзе сам паніч спыніўся?
— У Тараса Валашэвіча, ведаеш такога?
— Як жа не ведаць. А шаноўны не круціць носам, калі начуе ў хаце таго, хто нейкім ліхам жыве каля халопаў?
— У пуні.
— Што?
— Начую.
— У пуні? — засмяялася дзяўчо. — Што гэта за пан, калі ў пуні спіць?
Зуліся паправіла расплеценую касу і адкінула на плячо. Краем вока юнак цікаваў за ёй і мілаваўся. Вабілі малінавыя вусны, адкрыты праніклівы позірк, русыя доўгія валасы, якія кранула сонечная пазалота, і плаўная нетаропкая хада дзяўчыны.
— Чаму ж адна да хаты ідзеш?
— Сяброўкі каля вогнішча засталіся, — адказала яна.
— Сама ведаеш, не пра іх гаворка ідзе. Ці такая ганарліўка не падпускае і блізка хлопцаў?
— Лепш ніякі, чым абыякі.
— Пакрыўдзіць жа можаш.
— Вас паспрабуй яшчэ чым пакрыўдзіць!
Калі яны дайшлі да хаты, ён спытаў:
— Заўтра прыйдзеш да ракі?
— Нашто пану ведаць?
— Можа, яшчэ пабачыць хацеў.
— Дык няхай глядзіць цяпер. Каб на два дні хапіла!
Шляхціц замаўчаў і апусціў вочы.
— Добра, — згадзілася Зуліся. — Ведаю, што васпан шукае Тараса Валашэвіча. Пакажу тады, як даехаць да выгана. Ранкам буду чакаць паніча на беразе рэчкі каля дуба.
Феліцыян кіўнуў.
— Добрай ночы.
— Добрай.
Толькі цяпер дзяўчына падумала пра тое, што рабіць. Феліцыян чакаў, і Зулісі прыйшлося зайсці ў суседскі двор. Добра, што лайдак-сабака спаў, таму, зайшоўшы за свіран, схавалася, а калі шляхціц пайшоў, пабегла дахаты. Пералезшы праз паркан, накіравалася праз агарод да дуба, дзе так салодка спалася ўчора ў капе. Яна зноў зашылася ў мяккую пахучую траву і паглядзела на небасхіл. Сярод зорак сёння на ім з’явіўся тоненькі серп маладзіка. Прыгадаўшы, што на новы месяц можна варажыць, яна пачала калупаць сена пад правай нагой, захапіла трошкі пылу пад сенам і кінула ў рукаў са словамі:
Маладзік малады,
Твой рог залаты!
Сасніся мне той,
Хто будзе мой!
Сказаўшы тое, паклала, як малая, рукі пад галаву і заплюшчыла вочы.
***
Як толькі Васілька з’явіўся на двары, Адарка пацерла рукі: "Ну, зараз ачастую цябе бярозавай кашай!".