— Князь Офенберг і пан Няміра, — спакойна адказаў Феліцыян. — З кім я маю гонар гаварыць?
— Паны Ракутовічы. Вядзём коней на кірмаш. А ваш шлях куды вядзе?
— У Варшаву.
— О! То няблізка. Няхай дапамагае Бог!
У шляхцюкоў ад колькасці выпітай медавухі язык ледзь паварочваўся, таму іх цікавасць хутка згасла. Праз хвіліну яны наогул захраплі на лавах.
Якаў грэбліва зморшчыўся і прамовіў:
— Шарачкі. З тых, хто крычыць пра годнасць, а самі ў лапцях гной на поле возяць.
— Адкуль ведаеш?
— Па іх адразу відаць. Што за час! Цяпер нават халоп, калі займее грошы, можа набыць герб. Чуў пра "Кнігу хамаў"? Ну...
— Ну...
— Зусім нядаўна судзіліся пан Уняхоўскі і пан Выбіцкі: першы другога халопам абазваў. Суддзі і не ведалі, што "яснавяльможныя" паміж сабой дамовіліся. Выбіцкі наскроб грошыкаў, падкаціўся лісою да нейкага пісара ў канцылярыі, і той каля яго прозвішча слова "nobilis" падпісаў. Ведаеш, што значыць?
— А то!
— Вось так, братка! Як толькі справа была зроблена, то Выбіцкі падкупіў Уняхоўскага, каб той спрэчку пры сведках пачаў. Абодвум прынеслі ў прысутнасці сведак "позву", справа пачалася, а суддзі куды ў першую чаргу звернуцца? Канечне, у канцылярыю, а там усё зроблена. У якасці "довадаў слушных" Выбіцкі ім нейкія паперы прынёс і перамог. Яму далі выпіску пра гэта з судовых кніг з подпісамі і пячаткамі. Цяпер во павай ходзіць. Каго ліслівым слоўцам да сябе наблізіць, каму грошай пазычыць...
— Дзе ты чуў тое?
— Сарока на хвасце прынесла! Пан Уняхоўскі з маім бацькам любіць сівухі пасля ловаў выпіць. А як нап’ецца, то языком, што мятлой, чэша!
З каморы прывалокся гаспадар з медавухай і вяндлінай. Ён змахнуў рукавом крошкі са стала і паставіў пачастунак.
— Я чуў, як пан гаварыў, што едзе да самай Варшавы. Ці не слухачамі на сейм вас адправілі?
— Не твайго носа палоса, — прабубнеў Якаў, запіхваючы ў рот вялікі кавалак мяса. — Прынясі яшчэ кіўбасы!
Той паслухаўся, зноў пацёгся ў каморку, але калі вярнуўся, то працягваў дапытвацца.
— Што новага ў свеце, паночкі?
— Шмат чаго. За ноч не раскажаш. А вось тут у цябе пад бокам...
Карчмар навастрыў вушы і адхіліў руку з бутэлькай ад келіха, з-за чаго пітво палілося на стол.
— Глядзі, куды льеш! — крыкнуў Феліцыян.
Зэлян схамянуўся і пачаў выціраць.
— Нешта здарылася? — спытаў ён.
— У карчме, якая ў лесе стаіць, сёння хаўтуры.
— Божа міласэрны, — войкнуў той, — няўжо Ёхан памёр?
— Ды не, нявестку разбойнікі коньмі затапталі.
Тут з боку дзвярэй, дзе сядзеў пастух, пачуўся голас.
— А ты рады, поскудзь, чужому няшчасцю. Усе ведаюць, што і з чортам не збаішся звязацца, абы табе добра было.
Карчмар аж падскочыў.
— Сядзі ціха, Андрэй, — прашыпеў ён.
— Нечага мне рот затыкаць! І так пра тваю разбаўленую сівуху маўчу. У Ёхана добрая гарэлка, не тое, што ў цябе. Ды і чалавек ён, а ты — змяюка!
— Чаму ж да яго ў карчму не пайшоў, га? — аскірзнуўся Зэлян.
— Сам ведаеш. Ты арандатар у князя Радзівіла, а ён загадаў, каб на дукат кожны месяц халопы гарэлкі ў яго корчмах выпівалі.
Андрэй павярнуўся і накіраваўся да дзвярэй, плюнуўшы ў бок гаспадара. Зэляна аж перакруціла, і ён зароў:
— А не баішся, халоп, што твае словы князю перадам?
— Я ўжо нічога не баюся. Прапаў мой век, як макаў цвет.
Ён зрабіў яшчэ некалькі крокаў і шапнуў на вуха карчмару:
— Сцеражыся, воўчая падаль, бо чырвоны певень на тваёй страсе запяе, калі ў мужыкоў апошнюю світку здзіраць будзеш і дурнап’ян з гарэлкай разбаўляць.
Карчмар затросся ад злосці, але прамаўчаў, і дзверы за селянінам зачыніліся.
— Г арласты халоп, — сказаў Феліцыян. — Што ў яго за бяда?
— Князь жонку з дачкой прадаў за картачны доўг. Яснавяльможны ўсё чуў?
Феліцыян кіўнуў.
— Тады чаму не адсек галаву гаду?
— Да такой гадзюкі ў мяне больш павагі, чым да ліса. Ты ідзі пасцялі, пойдзем адпачываць.
Зэлян крыва ўсміхнуўся і махнуў рукой.
— Прашу ісці за мной.
Яны прайшлі ў правую частку карчмы, дзе на глінабітнай падлозе ляжалі падрыхтаваныя кулі з саломай.
— Накорміш коней, — загадаў Феліцыян. — Што стаіш?
— Я магу, калі паніч жадае, за невялікія грошы павартаваць коней, — сказаў ён і кіўнуў у той бок, дзе сядзеў стары цыган. — Добрыя ў вас коні, некалькі вёсак каштуюць.
Офенберг адмоўна пакруціў галавой.
— Ты майго сабаку бачыў?
— А то не! Такога ваўкадава не заўважыць цяжка!
— Дык ён ужо трох такіх пагрыз, а да коней нікога не падпусціў.
— Цыган?
Феліцыян прымружыўся і гаркнуў: