— Карчмароў!
Зэлян вышчарыўся, але не пярэчыў і пайшоў прэч.
Сябры ўладкаваліся на саломе. Яна смярдзела сівухай і ванітамі. Цяпло, якое ішло ад печы, яшчэ больш узмацняла непрыемны пах і не давала заснуць. У куце пеў цвыркун, пішчэлі мышы. У цемры маленькі пакой ператварыўся ў суцэльную бездань змроку, які ціснуў сваёй маркотай і пачуццём першабытнага жаху. Ні адбітак полымя свечкі ў іншым пакоі, ні агеньчыкі зорак, што відаць былі з вакенца, не маглі яе перамагчы. Тым часам гаспадар прыцягнуў з другога пакоя тых двух п’яненькіх панічаў і паклаў недалёка на падлогу без саломы.
— Я дам параду пану, — звярнуўся ён да Феліцыяна. — Ён мне не верыць, а я не веру гэтым двум пастаяльцам. Калі пан хоча працягваць сваё падарожжа ў ботах, то няхай іх пакладзе пад галаву і спіць.
Ён так сказаў і пайшоў прэч.
***
Жаць пачыналі з малітвай. Потым шэптам прасілі Спешку-Спарышку абдарыць спорам у працы, каб лёгка жалася. Жанчыны бралі калоссе ў сцёртыя далоні, зразалі і клалі ў снапы. Дзяўчаты жалі моўчкі, не разгінаючы спіны, а жанчыны час ад часу зачыналі песню. Тужлівая, яна ляцела далёка над полем, ды толькі хутка абрывалася. Мужыкі ж слухалі іх і бурчалі: "Як на могілкі ідзяце". Дзядзька Антось, не вытрымаўшы, гаркнуў, што грошы заплоціць, абы маўчалі. Сказаўшы тое, адразу пашкадаваў, перахапіўшы позірк жонкі.
Тыдзень таму ніхто не верыў, што будзе так горача, бо дажджы ішлі амаль кожны дзень. Цяпер жа спякота стаяла нясцерпная, і жнеі часта падыходзілі да барылкі з вадой. Маладуха Марта бегала больш за ўсіх, але не спатоліць смагу, а да калыскі з малым. Дзіця пакутавала ад спякоты, раўло, як не ў сабе, і гэтым раздражняла ўсіх. Бедная Марта не ведала, што рабіць. Яна прытуляла яго да грудзей, люляла і гушкала, але малое не сунімалася. Каб жаць пачалі на тыдзень раней, быў бы яе Ягорка жытнікам.
Жалі штодзень ад усходу сонца і да змяркання. Не прыйсці ж было нельга, бо гайдукі, прыстаўленыя, каб назіраць за працай, добра выконвалі ўсе даручэнні пана Незабытоўскага. Нават за невялікую правіну ці затрымку ў ход ішоў бізун. А праз два тыдні панскія палі былі пустыя. Мужыкі звезлі снапы, і толькі "барада" на межах, абвязаная стракатымі стужкамі, нагадвала пра тое, што не так даўно тут каласілася жыта.
Дзяўчатам жа свая радасць. Шукаюць у жыце падвойны колас і варожаць на замужжа. Рабілі і па-іншаму. Зажынаючы апошні сноп, яго не звязалі, а пакінулі для варажбы. Дзеўкі падбягалі з бакоў і хапалі кожная сабе па жмені аўса. Сабраўшыся, яны глядзелі, у каго зерня болей, тая і выйдзе за багатага жаніха. Пасля прыйшла чарга сярпоў. З віскам і рогатам дзяўчаты бралі ў рукі і кідалі за сябе, а потым кружыліся вакол Дануты, чый серп упаў бліжэй за ўсіх, — знак таго, што яна першая гэтай восенню замуж пойдзе.
Старыя бабы тым часам пачалі раіцца, каму надзець дажыначны вянок.
З гурта дзяўчат яны часцей пазіралі на трох: Улляну, Галінку Панасаву і Дануту. Бабы спрачаліся, старая Войцеха злавалася, нават крычала, а ёй не хацелі саступаць. Яна была падобна на вялікую чмяліху сярод іншых жанчын, усё жужжала і бурчэла, пакуль, нарэшце, на тое пагадзіліся. Войцеха адразу ажывілася, заміргала маленькімі вачыма і расплылася ў задаволенай усмешцы. Жанчыны паклікалі Улляну і адзелі ёй на галаву вянок, у які прыгожа былі ўплецены кветкі і стужкі. Апошні сноп жыта дзяўчаты таксама аздобілі кветкамі, потым надзелі спадніцу, завязалі паверх каласоў хустку і з песнямі панеслі на панскі двор.
Па дарозе Войцеха настаўляла Улляну: — Ты ж глядзі, каб усё добра было. Усміхайся пану і яго жонцы.
Улляна кіўнула, а старая раптам нахілілася і шапнула:
— Яшчэ кажуць, што паніч малады прыехаў, ён у пранцузаў вучыўся. Можа, таксама выйдзе, дык не стой, як слуп, сама ж ведаеш. Будзь з ім ласкавая, бо і выбралі цябе таму, што не будзеш стаяць з адкрытым зевам, калі пан ці пані чаго запытаюць.
Пад гукі дажыначных песень жнеі ішлі па гасцінцу:
Прачыста маці ішла зажынаці
У чыстае поле з пшоным пірагом.
З пшоным пірагом, з залатым сярпом.
У левай руцэ пшоны піражок,
У правай руцэ залаты сярпок:
Я раз разну — я сноп нажну,
Я і два разну — я капу нажну!
Сноп ад снапа — на валовішча,
Капа ад капы — паўтараста крокаў!
Меншы святочкі носяць снапочкі,
Святы Ганны бабкі стаўляюць,
Святы Барыс бабкі злічае...
Так дайшлі да агароджы. Далей пачынаўся парк, у сэрцы якога стаяў маёнтак. Тут жанчыны змоўклі і ішлі няўпэўнена і асцярожна. Высокія ўязныя брамы абвіў павой, і сваім таўшчэзным ствалом злучыў не горш за жалезныя пруты агароджы. За брамамі пачынаўся брукаваны чырвоным каменем шлях, які вёў да самага маёнтка праз алею са стройных ліп і вязаў. Яны стаялі на невялікай адлегласці, каб не зацяняць дагледжаныя кусты руж паабапал.