Жней сустрэлі самі гаспадары ў акружэнні дваровых людзей. Пан Незабытоўскі з жонкай і дзецьмі чакалі на ганку маёнтка. Данута глядзела на пані Марыю і дзівілася яе прыгажосці. Залацістыя валасы былі ўплецены ў складаную прычоску, якая ёй вельмі пасавала. Адзета пані была па апошняй модзе, у якую зусім нядаўна ўвайшла рагоўка — спадніца з палатна, да якой падшываліся тры абручы з кітовага вуса. Іх дазвалялася насіць толькі шляхцянкам. Абручы тыя не былі круглыя, як на бочцы, але прыплюшчаныя, падоўжаныя — накшталт авальнай ванны. Пані апранула спачатку падшытую спадніцу, пасля рагоўку, а на тую ўжо была ўсцягнута сукенка блакітнага колеру з залацістай вышыўкай. Такога ж колеру былі і шаўковыя чаравічкі, упрыгожаныя спражкамі і вышыўкай. Яна трымала на руках маленькага Станіслава, а побач з імі стаяла гувернантка і лагодна ўсміхалася, калі выхаванец, як маленькі француз, вымаўляў завучаныя чужыя словы.
Пан Міхал не ўхваляў змен, якія адбываліся не толькі ў фасонах адзення і прычоскі, а і ў палітыцы дзяржавы. Гэта можна было заўважыць па яго знешнім выглядзе, дзе быў падкрэслены сармацкі дух. Кароткі суконны кунтуш з шасцю вялікімі гузамі ў форме пладоў глогу быў падпярэзаны слуцкім поясам і апрануты паверх пунсовага жупана, на якім пад шыяй блішчэлі срэбныя гузікі з дробненькімі рубінамі, асаджанымі па баках. Галава пана была старанна выгалена, і пакінуты толькі чуб, але затое аж да плячэй звісалі доўгія вусы. Незабытоўскі трымаўся годна, з гонарам. Часам ён паглядаў на дзяцей, падміргваў ім і ўсміхаўся. Было бачна, што яго весяліў сялянскі звычай.
Усе кропачкі маці ўвабрала ў сябе маленькая Людовіка. Такія ж бліскучыя малахіты вачэй, золата валасоў у доўгай касе, пераплеценай стужкамі і аздобленай шаўковымі кветкамі, сціплы позірк. Дзяўчынка стаяла побач у жоўценькай сукенцы і не адрывала вачэй ад Улляны і вянка.
Альберт быў падобны да бацькі. Толькі колер валасоў — русы ў пана Міхала і бялявы ў сына — быў адзіным адрозненнем паміж імі. Альберт быў гожым, але ўся прыгажосць знікала, калі ўважліва зазірнуць у вочы: нахабны і пусты погляд быў накіраваны ў бок Улляны.
Старая Войцеха заўважыла гэта і штурхнула ціхенька Агату:
— Бач ты, а нашыя дзяўчаты не горшыя за пранцузкіх! Паніч з Улляны вачэй не зводзіць!
Тая кіўнула ў знак згоды і дадала шэптам:
— Калі б Улляна была панскай дачкой, то ад шляхцюкоў адбою не было б.
— Ну, не за таго яе матку аддалі: сям’я не бедная была, а ўсё да гэтага Марціна хілілася.
— Дык цяпер жа добра жывуць, у гаспадара залатыя рукі.
— Калі б за панскага гайдука пайшла, што таксама залёты строіў, то бліжэй да паноў была б. А цяпер што?
— Кахаюць адно аднаго.
— Ат, — Войцеха махнула рукой.
У гэты момант пані Марыя паклікала дзяўчат. Яны абступілі гаспадыню і пачалі вадзіць карагод. Пані кружылася разам з імі і спявала. Музыкі стараліся: гудзела дудка, ёй падыгрывалі жалейка і трашчоткі, звонка пелі дзяўчаты. Пан Міхал не хаваў свайго здзіўлення, смяяўся і плёскаў у далоні, а малая Людовіка падбегла да маці і закружылася разам з ёй. Яе падхапілі пад рукі жнейкі і павялі ў карагод. Калі ж пані стамілася і спынілася, дзяўчаты скончылі танчыць. Улляна падышла і адзела ёй на галаву свой вянок, а пану аддалі "бараду". Г аспадыня пачала раздаваць жнейкам пернікі. Маленькая Людовіка стаяла каля маці, пасля нарэшце падышла і папрасіла:
— Падары і мне вянок.
Пані Марыя ўсміхнулася і перадала Улляне свой вянок, які тая адзела на галоўку дзяўчынцы.
— Maman, peut-elle rester chez nous comme une domestique? — папрасіла яна ў матулі.
Жанчына падумала крыху і адказала:
— Il me semble, que oui, mais veux-tu vraiment qu’elle reste dans notre domaine? Tu as une gouvernante deja.
— Oui, mais elle m’apprend le franfais, cette fille jouera avec moi. Elle m’apprendra a tresser une couronne si belle qu’elle a sur sa tete.
Пані Марыя зірнула на мужа. Ён кіўнуў, і тады жанчына звярнулася да Улляны:
— Застанешся ў маёнтку.
Людовіка запляскала ў далоні і абняла маці, узрадаваўшыся, што ў яе з’явілася новая цацка. Улляна разгублена агледзелася і пабялела. Халопы схілілі галовы і маўчалі. Хто ж будзе пярэчыць панскаму загаду? Але ніхто і не заўважыў, як нядобрым бляскам загарэліся вочы Альберта.
***
Ад попелу Паўночнай вайны Менск доўга не маглі адмыць цёплыя дажджы, якія лілі свае слёзы над спустошаным і разбураным горадам. Эпідэмія чумы, ці чорнай смерці (так клялі яе ў кожным доме), скасіла ў першым дзесяцігоддзі так, што вуліцы былі пустыя. І ажываць горад пачаў у другой палове стагоддзя: прыкметна адбудаваўся і пашыраў свае межы за кошт забудовы ўскраін у напрамку трактаў, якія ішлі на Вільню і Барысаў. З тых напрамкаў сцягваліся выгнаныя адтуль вайной гандляры ды халопы, якіх гарадское паветра рабіла свабоднымі ад паноў і арандатараў.