Выбрать главу

Так прайшло амаль паўстагоддзя, і на вуліцах зноў замітусіліся людзі. На рынкавай плошчы быў чутны крык гандляроў: колькасць "душ" рамеснікаў ужо пераваліла за тысячу, тым больш, што сярод іх не ўлічваліся прамыслоўцы, да якіх належалі мяснікі, вінакуры, півавары, медавары, рыбаловы, фурманы і іншыя. Уся гэтая брація складала добрую палову, калі і не большасць, агульнага ліку ўсіх жыхароў.

Менскія купцы вялі буйны гандаль і далёка за межамі горада. Астатнія мяшчане займаліся дробным гандлем. Ім належалі невялікія крамы ў дамах, рознага тыпу лаўках, хоць для шмат каго такі гандаль быў дадатковым заняткам да гаспадаркі. Большасць жыхароў, як і раней, мелі агароды, сады і нават трымалі свойскую жывёлу.

Для ўсіх жыхароў горада важнае значэнне мелі два кірмашы, якія праводзіліся штогод. На летні кірмаш з’язджаліся ў асноўным сяляне са збожжам, быдлам, вясковым сукном, хлебам, драўляным і гліняным посудам, а таксама прыганялі коней. За адзін дзень плошча напаўнялася народам, гулам, крыкамі, але на наступную раніцу ўсё знікала, быццам нічога і не было. Мясцовыя гаспадыні не шкадавалі грошай на соль, алей і селядцы, што гандляры прывозілі ў вялікай колькасці і мелі неблагі прыбытак. Мужчынская ж палова біла рэкорды, скупаючы тытунь, жывіцу і дзёгаць. Вывозілі ж воск, мёд, шчацінне і мясцовае футра, а менскія купцы закупалі лён, пяньку, зерне, лясныя матэрыялы і рагожы, адначасова змяніўшы напрамак вывазу. Шляхі ў Вільню, Гродна, Крулявец і Гданьск ажылі, і на іх заварушыліся, як мурашы, людзі. І ў дзень, і ў ночы там рыпелі колы шматлікіх фурманак на шырокіх гасцінцах.

Зусім па-іншаму адбывалася вясной. На гэты кантрактовы кірмаш прыязджала шляхта не толькі з усяго Вялікага Княства, але і з Украіны. Яны заключалі кантракты на продаж, здавалі ў заклад ці арандавалі зямлю. І гэты кірмаш прымаў гасцей тут аж на працягу некалькіх тыдняў.

Феліцыян спыніў каня і агледзеўся. Стракаты натоўп мільгаў перад вачыма, навокал мітусіліся людзі, крычалі гандляры і купцы. Офенберг спешыўся і пакрочыў да палаца Завішы. Хоць цяпер яго шлях ляжаў да Нясвіжа, дзе яны павінны былі сустрэцца з Якавам, паніч вырашыў наведаць старога сябра. Той даўно запрашаў да сябе.

Завіша быў добрым сябрам іх сям’і і вельмі гасцінным чалавекам. Часам, канечне, яна пераходзіла межы. Аднойчы ён нават загадаў схаваць каня Офенберга, калі дазнаўся, што той мае намер вяртацца ў Рэчыцу. Феліцыян тады б затрымаўся надоўга, калі б не дзядзька.

— Госць у дом — Бог у дом! — вітаў гаспадар, які сам выйшаў насустрач госцю.

Феліцыян сціснуў яго ў абдымках.

— Служба, братка.

— Ох, ну і схапіў жа! Мядзвежыя абдымкі. А, можа, гэта я ўжо стары? Што новага раскажаш?

— Здаецца, як было, то і засталося.

— А ў нас учора вядзьмарку судзілі. Цёмныя людзі, але што з іх возьмеш? Калі з-за "чараў" здараецца шкода, духоўныя суды прылічваюць тое да крымінальнага злачынства. Падасць ім які дурань пратэстацыю з пералікам зробленых чараўніцамі шкод, і пачынаецца катаванне.

— Г эта калі віну не прызнае?

— Так. Бачыў калі-небудзь такі працэс?

— Не. Я чуў, дарэчы, што яны не плачуць.

— Дурное. Лічыцца, быццам чараўніца не можа выціснуць з сябе слёз. А калі дзеўка проста напужалася да смерці? Я сам не выціснуў бы і слязінкі! У Княстве хоць не спальваюць, як у Кароне.

— Думаеце, што суд вады, які бядачка праходзіць, лепшы? Кажуць, справядлівая вада не прыме саўдзельніцу д’ябла, і вядзьмачка некаторы час не будзе тануць нібыта з-за таго, што павінна быць лёгкай, каб магла на мятле лётаць на Лысую гару. А іх жа завязваюць так, што некаторы час на вадзе змогуць утрымацца. Правую руку з левай нагой і наадварот. Атрымоўваецца накшталт чоўна. Калі на аборцы асцярожна спусціць на ваду, то.

— Не нашай галаве аб гэтым балець, — абарваў яго Завіша. — Пан Бог дапаможа невінаватым, а нас могуць яшчэ і асудзіць...

Феліцыян прамаўчаў і падышоў да стала, дзе былі раскіданы паперы.

— Тут і чорт ногі зламае!

— Ат, то быў заняты справамі! Вось ты на свежую галаву скажы. Як напісаць: "пан брат" ці "прыяцель"?

— "Пан брат" пішацца толькі нашаму брату, а вось "прыяцель" — якому мешчаніну ці купцу. Гэта значыць, не яснавяльможным. У Княстве толькі які Радзівіл ці Сапега можа дазволіць сабе нават да пана напісаць "прыяцель", але тое яны.