Выбрать главу

— Не кажы! Ды тут такая справа. Учора яшчэ пісаў да аднаго "мой ласкавы", а сёння "братку", бо той раптам з плебея яснавяльможным стаў.

Феліцыян кіўнуў:

— Сказаў, як звязаў! Такі ўжо час. Давялося некалі чуць пра Багуслава Радзівіла? Дык той, маючы да будучага маршалка Трыбунала, але не ведаючы, хто будзе выбраны, паслаў агента з двума лістамі. Адзін з братэрскім тытулам, другі — з прыяцельскім. Наказаў жа так: "Глядзі! Калі хто роўны мне будзе, ці з каралём звязаны, то аддасі першы канверт. Калі паніч які — то таму і другога хопіць!"

— Бач ты! Выкруціўся, гад печаны!

— Я і не здзівіўся. Зараз наогул — шляхціц без тытулу, як сабака без хваста.

— А то не! Нават сыноў саноўнікаў вітаюць па званню бацькі, а ўнукі не грэбуюць тытуламі дзядоў!

— Хамы! Тыя іх у бітве здабывалі, а тут нейкі вісус для ўласнай пыхі. Цяпер за грошы, прычым і не такія вялікія, не толькі тытул стольніка, падчашага ці падстоліча, але і мечніка са скарбнікам набыць можна. Давай, братку, лепш пра што больш прыемнае пагаворым.

— Маеш рацыю. Мне вось хутка адзін татарын павінен кабылку прывесці!

— Парода?

— Ахалтэкінская.

— Ух! Шыкуеш!

— Але. З блакітнымі вачыма, далікатная, ды рэзвая. А тэмперамент — агонь! Калі ўбачыў яе, то адразу думкай каб купіць загарэўся.

— Гавораць, імчаць яны хутчэй за сокала.

— Праўда. А яшчэ верныя, як сабакі.

Завіша задаволена ўсміхнуўся.

— Дарэчы, добра, што загаварыў пра сокалаў. Хачу падарыць табе, сябра, дрэмлюга.

— Шчодры падарунак, браце.

— Для цябе нічога не шкада. Пайшлі, пакажу табе яго, ды адначасова паглядзіш збраёўню.

Ён падхапіў Офенберга пад руку і павёў у наступны пакой.

***

Над бездапаможнай зямлёй схілілася залітае чырвонаю юхаю неба. Стомленае сонца вісела над лесам. Яго косы з вялікай неахвотай падалі на ссохлую траву, верхаліны дрэў і адлюстроўваліся ў брудна-жоўтым шкле рачной плыні. З ёй перашэптваўся чарот, а пасля абвяшчаў усе таямніцы наваколлю, на што раззлаваныя хвалі круцілі віры, але не паспявалі адпомсціць і разбіваліся аб бераг пенай.

На лузе паміж лесам і рачулкай ляжаў юнак. Недалёка скуб траву конь і стрыг вушамі, нецярпліва пазіраючы час ад часу на гаспадара, але чалавек, паяднаўшыся духам з прыродай, не звяртаў ні на што ўвагі. Рукі Офенберга былі раскінуты ў бакі, спіна адчувала мяккую траву, а пальцы ног, вызваленыя ад скураных ботаў, казытаў вецер. Слабасць разлілася па ўсім яго целе, але праз некаторы час адпусціла.

Над ім плылі кліны гусей, самотна кірхалі і знікалі ў далячыні. "Не сядзіцца ім нешта, — падумаў ён. — Навошта так рана? Здраднікі! Маглі б застацца яшчэ крыху". Феліцыян паспрабаваў падняцца, але не змог і паваліўся на траву, згубіўшы прытомнасць.

Прачнуўся ён ад праніклівых павеваў ветру. Цемра авалодала наваколлем, а чорныя хмары вірыліся на небасхіле. Неба падзялілася на дзве паловы: чырвоную і чорна-шэрую, і першай імкліва меншала. Вецер падымаў пыл, кідаўся ў розныя бакі і выў. Да яго падышоў Парбус, вільнуў хвастом і пачаў лізаць твар.

— Добра, Парбус, рушым.

Праз якую гадзіну яны пад’ехалі да Нясвіжа, і Феліцыян цяпер стрымліваў рысака, шукаючы сярод камянічак карчму. Праехаўшы колькі, ён нарэшце ўбачыў адну, саскочыў і пачаў грукаць у дзверы.

Адчынілі не адразу. Карчмар стаяў з каганцом у руках і лыпаў вачыма, чакаючы, што скажа шляхціц.

— Чаго стаіш?! — гаркнуў Феліцыян. — Дай прайсці! Чаму так рана зачыняеш?

— То ж у такое надвор’е ніхто і не прыйдзе, — пачаў апраўдвацца бядак.

— Скажы жонцы, каб ставіла на стол.

— Адзін я.

— То сам.

Гаспадар знік, а паніч усеўся на лаву і стаў чакаць. Праз некалькі хвілін ён прыцёг бутлю медавухі і вяндліну. Шляхціц задаволена рохкнуў і накінуўся на паедак. Карчмар паглядзеў на яго, пасля некуды выйшаў і вярнуўся з боханам хлеба і кіўбасамі. Офенберг кінуў кавалак мяса сабаку і паглядзеў на гаспадара.

— Напаі майго каня і дай яму аўса.

— Ужо зрабіў.

— Ух, шухрай! — здзівіўся шляхціц.

— Люблю, каб быў парадак, — адказаў карчмар.

— Як тваё імя?

— Пётр.

— А гаспадыня дзе?

— Памерла. Тры зімы мінула.

— Дык жа чаго кукуеш? Узяў бы сабе маладуху.

— Не хачу. Чорт з гэтымі бабамі! І без іх дрэнна, а з імі яшчэ горш.

Шляхціц засмяяўся і зноў запытаў:

— Што мне раскажаш пра Радзівіла?

Пётр насцярожана зірнуў на яго.

— О, мой пане, ён цяпер у Альбе.

— А гэта далёка адсюль?

— Няўжо паночак не ведае Альбу? Адкуль жа ты такі? Там уся банда сядзіць цяпер.

— Не прыедуць сюды?