Выбрать главу

— Хто ведае? То знікаюць, то з’яўляюцца нечакана. Нап’юцца гарэлкі, а пасля людзей пужаюць, на конях па палях гойсаюць і пасевы топчуць.

Раптам у дзверы нехта загрукаў, і Пётр пайшоў, каб адчыніць. У карчму ўварваўся п’яны мешчанін і, схапіўшы гаспадара, прыставіў да шыі нож.

— Грошы давай і медавухі.

Пётр аж самлеў і не мог паварушыць языком. Злыдзень абвёў поглядам пакой і заўважыў Феліцыяна. Той трымаў падрыхтаванай крамянёвую стрэльбу і глядзеў на яго. Гэта спужала апошняга. Ён папяціўся да выхаду, прыкрываючы сябе карчмаром, штурхнуў ногой дзверы і выскачыў на двор. Пётр, не да канца зразумеўшы яшчэ, што здарылася, утаропіўся на паніча. Той схаваў зброю і працягваў вячэру, быццам нічога і не было.

— Весела тут у цябе. І часта так госці заходзяць?

— Здараецца.

Феліцыян глянуў на Пятра і ўсміхнуўся:

— На, выпі сам. Ну і выгляд маеш!

Карчмар прысеў на падлогу і хлебануў медавухі.

— Дзякую. Не забудуся на такі ўчынак, яснавяльможны пане.

— А што ты мне зробіш? Медавухай напоіш?

— І медавухай. Я просты карчмар, не роўня пану, але ўсё можа стацца, ясна­вяльможны. Адбудзеш, пане, ноч тут, а раніцай ужо едзь да Радзівіла.

Калі на наступны дзень пачало світаць, шляхціц выехаў у кірунку Альбы. Трапіўшы туды, напачатку ён не мог прыйсці ў сябе ад пачуцця захаплення. Феліцыян чуў пра такую задумку Радзівілаў, дакладней, Сіроткі. Па яго волі гэты кавалак балота працай халопаў змаглі ператварыць у часцінку нябёсаў на зямлі, праклаўшы сетку каналаў і адбудаваўшы палацы. Кожны з рода стараўся ўнесці штосьці сваё, і Альба прыгажэла з кожным годам: разрастаўся парк са шматлікімі алеямі і павялічвалася колькасць палацаў і альтанак.

Спакваля сцежка давяла да самага сэрца парка. Першы ў гэтым годзе снег, які выпаў гэтай ноччу, прыемна шарбуцеў пад нагамі. У гэтым зацішным месцы, якое атачалі ставы, узвышаўся палац. Офенберг агледзеўся, але навокал нікога не было відаць. Тады ён вырашыў усё ж зайсці ўнутр і пакрочыў да ўваходу.

Дзіўны роспіс сцен здзівіў яго. Тут усё было ў цёмных фарбах. Нехта спрабаваў накіраваць чалавечую душу, якая трапляла сюды, на развітанне са светам і імкненне да злучэння з вечнасцю. Сцены ўпрыгожвалі малюнкі на рэлігійную тэму. Мэбля была прызначана менавіта для адпачынку. Тут паўсюль панавала забыццё і спакой. Феліцыян крочыў далей і спыніўся ў цэнтральным пакоі, дзе каля каміна ў мяккім крэсле нехта сядзеў. Чалавек альбо не пачуў крокаў, альбо на такую дробязь, у параўнанні з дасягнутай нірванай, ён проста не хацеў звяртаць увагі. Шляхціц павярнуўся, каб выйсці, калі раптам пачуў глыбокі выдых. Чалавек заварушыўся і голасна сказаў:

— Пачакай.

Феліцыян застыў.

— Падыдзі сюды, пане каханку.

Феліцыян наблізіўся і стаў з боку каміна. Перад ім сядзеў не хто іншы, як сам Пане Каханку. Магнат працёр вочы і ўтаропіўся ў госця, робячы для сябе нейкія заўвагі. Ён аглядаў шляхціца з ног да галавы і пры гэтым шкроб за вухам.

— Хто ты?

— Феліцыян Офенберг.

Пане Каханку пайшоў па розум і праз некаторы час зноў загаварыў.

— Чуў пра твайго дзядзьку. Г эта ён быў у хаўрусе з Сапегамі падчас вайны са шведамі?

— Так, толькі чаму вашамосць узгадвае тое, што быллём парасло?

— Праўду кажаш, забудземся на гэта. Адкажы лепш, ці падабаецца тут?

— Вельмі. Як трапіў, то адразу падалося, што ў рай завітаў. Прыгожа ў Альбе, спакойна.

— Г эта цяпер спакойна, — усміхнуўся Радзівіл. — А ведаеш, дзе мы знаходзімся?

Госць адмоўна матнуў галавой.

— Гэта Эрміторыум — палац для адпачынку і паяднання з вечнасцю. Адзін з першых будынкаў, які загадаў закласці мой дзядзька пасля падарожжа ў Гішпанію. А што, мы не бяднейшыя за каралёў! Можам сабе такое дазволіць!

У гэты момант яго распірала пыха, і Радзівіл цяпер здаваўся іншым. Куды толькі падзеліся былыя заспакаенне і рахманасць.

— Сам кароль пазбягае да мяне ездзіць, бо яму сорамна за сваю галечу ў параўнанні з намі! Што такое гаспадарская скарбніца супраць прыбыткаў з маіх маёнткаў! Калі захачу — зраўняю з зямлёй гэтыя палацы, адбудую новыя і не збяднею!

Апошнія яго словы былі прыглушаны тупатам. У пакой убег натоўп шляхты. Не адну пару жалезных лапцяў стаптаў чорт, каб сабраць такую кампанію. Яны кінуліся ў ногі свайму гаспадару.

— Браце, мы прыйшлі па цябе. Годзе быць у самоце і роспачы. Жыццё ж адно, дык нашто сябе гноіць жыўцом?

Радзівіл зарагатаў. Ён ускочыў, падняў руку і зароў:

— У Кансісторыю!

— У Кансісторыю, — рэхам паўтарыў звярыны гул.

Пане Каханку паблажліва ўсміхнуўся і, падхапіўшы Феліцыяна пад руку, павёў з палаца. За імі паплялася іншая шляхта.