Выбрать главу

— Дык ты не сказаў, пане каханку, якая справа прывяла да мяне.

— Павітаць цябе прыехаў, князь.

— Добра, добра, пане каханку, — мармытаў Радзівіл. — Можа, хочаш у войска наша запісацца?

— Іншая справа ёсць. Хацеў бы з таварышам маім пабачыцца, які тут ужо некалькі месяцаў служыць.

— Хто ж гэта?

— Якаў Няміра, яснавяльможны пане.

Радзівіл паціснуў плячыма.

— Добра, я нікому не замінаю. Толькі пакінеш нас не раней чым праз тыдзень. Такая мая воля. За гэты час агледзься, а тады мо і застанешся. Дужа мне пан спадабаўся. Паболей бы ў войску такіх жаўнераў мець.

Ён павярнуўся і крыкнуў:

— Чулі, браткі? Загадваю шанаваць яго і крыўды не чыніць! А хто не паслухаецца — будзе мець справу з самім Радзівілам!

Паны выкрыкнулі:

— Віват, Пане Каханку! Віват, Радзівілы!

— То добра, — кіўнуў той і звярнуўся да Феліцыяна. — А цяпер можаш пашукаць свайго таварыша.

Ён вызваліў руку шляхціца і пайшоў далей, а за ім пацёгся гурт з гучнымі выкрыкамі і праслаўленнямі.

Другі палац значна адрозніваўся ад таго, дзе яны не так даўно былі. Па праўдзе, ён быў поўнай супрацьлегласцю. Тут паўсюль стаяў гоман, чуліся крыкі і п’яная лаянка. У адным куце шляхта гуляла ў карты, у другім — таньчылі. Некалькі шляхцюкоў паселі вакол бочкі, а адзін нават асядлаў яе і, назюзюкаўшыся, голасна спяваў. Наўкол ціснула на вушы страляніна, рогат, віск жанчын, чаго Офенберг не любіў. Ён агледзеўся і заўважыў знаёмы капялюш. За сталом у кампаніі маладых шляхцюкоў сядзеў яго таварыш.

— Якаў!

— Братка! Ці ж гэта ты?! Адкуль?

— А як жа! — усміхнуўся Феліцыян, — павінен жа я ведаць, як сябра маецца. А то ж сам не з’яўляешся. Як паехаў ад мяне, так і знік! Ганьба!

— Выбачай, то ж зусім закруціўся. Шаноўнае панства, — звярнуўся ён да кампаніі, — то мой братка, лепш і не скажаш. — Пётр Феліцыян Офенберг. За яго і ў агонь пайшоў бы!

— Віват! — п’янымі галасамі закрычалі паны.

— Няхай пан вып’е з намі!

— Сядай, Офенберг!

— Не, я забяру ў вас майго брата, — умяшаўся Якаў. — Шмат чаго трэба сказаць. Ды і агледзець тутэйшыя мясціны не перашкодзіць.

— Пакідаеш нас?

— Не, браткі, яшчэ прыйду, каб нагнаць вас з келіхам.

— Тады вяртайся хутчэй. А пасіліш?

— А то не! Хіба толькі віно можа скончыцца.

— Ды не, у Радзівіла віно не скончыцца нават тады, калі пачнём ліць у рэкі.

Яны выйшлі ў парк. Якаў скурчыўся ад холаду і паглядзеў на Феліцыяна.

— Мелі ўчора забаву. Пад вечар Радзівіл загадаў запрэгчы сані на першы снег і прынесці парася ў мяху. Сабраліся ўсе, паселі і паехалі па лясным гасцінцы. Парсюк вішчыць, а на гэты віскат ваўкі за намі бягуць! Во гэта была ўцеха! Вазнічы ледзь са страху не памёр, каб іх, гэтых дурных мужыкоў! Адзін нейкі паніч, праўда, скінуўся з возу, ды піць менш трэба было. Шкада, што ўжо не зможа паслухаць такой рады, бо ваўкі пасля за намі і не гналіся. Каб яго — сапсаваў забаву!

Ён шпурнуў ботам каменьчык і сплюнуў.

— Я маю намер застацца тут, — пачаў ён, — але ў Радзівіла могуць служыць людзі толькі са старажытнага роду. Ты сам разумееш, што я не магу гэтым пахваліцца. Мой род не такі старажытны, але верна служыў сваім каралям і Айчыне!

Ён захлынаўся ад гневу.

— Мяне не прынялі, і ўсё праз Пяшкевіча. Г эта ён адмовіў, а патрэбна поўная згода ўсіх... Тут чыя сіла, таго і праўда. Гной сабачы!

— І што будзеш рабіць?

— Выклікаў яго на дуэль. Адклалі, праўда, на заўтрашні дзень, бо сёння ноччу вяртаемся ў Нясвіж.

— Пасля такой п’янкі ты і ружжо не зможаш трымаць, не тое што пацэліць!

— Змагу. Гэта абраза!

— Я іду з табой!

— Добра. Буду цябе чакаць. А цяпер мне нешта блага, адвядзі спачываць.

Ён сапраўды ледзь трымаўся на нагах. Феліцыян, у якога сэрца балела за сябра, падхапіў яго і пацёг на сабе назад у палац.

* * *

Раніцай Офенберг крочыў па парку і ўглядаўся ў твары антычных фігур. Ён дурэў: падыходзіў бліжэй і доўга стаяў, спрабуючы адгадаць іх настрой. Сонца свяціла ярка, але зусім не грэла. Здавалася, што гэтае белае кола стала такім жа халодным, як і тонкі лёд на лужынах. Пажоўклая брудная трава дзе-нідзе выбівалася з-пад снегу. На ім ляжала і лісце, якое яшчэ не паспела зусім абляцець з дрэў з-за ранняй зімы. Да дуэлі Якава было яшчэ далёка, таму шляхціч вырашыў забіць час, шпацыруючы. Ноччу быў пераезд у Нясвіж, таму цяпер не мог заснуць. Сябра ён не будзіў, хоць шкадаваў, бо патрэбна было б і таму дурню правеяць п’яную галаву перад тым, як пачне страляцца. Калі ж адыходзіў, загадаў слузе паведаміць, калі пан Няміра прачнецца, і цяпер быў спакойны, што не прапусціць той час.