Сцюдзёнае паветра рэзала глотку, але Феліцыян дыхаў ім да болю ў галаве, спрабуючы адагнаць дурныя думкі. Калі паніч звярнуў увагу на далягляд, то ўбачыў, што да яго нехта бяжыць. Феліцыян дадаў кроку і пайшоў напярэймы. Але гэта быў радзівілаўскі служка, які, калі наблізіўся, кінуўся ў ногі і забалабоніў:
— Ягамосць жадае бачыць пана!
— Пан Караль?
— Так. Загадаў не марудзіць і ісці.
Феліцыян заваждаўся, і служка зноў паваліўся на калені.
— Паночку, ён жа раззлуецца, а мяне засякуць бізуном. Няхай паніч сходзіць.
— А што, твой гаспадар не ў гуморы?
— Лютуе! Посуд са снеданнем скінуў на падлогу, сабачку свайго любімага з пакою выпендзіў, кухара на стайні загадаў пакараць.
— Здарылася нешта?
— Сон дрэнны прысніў... Схадзі, паночку, можа з табой супакоіцца. Толькі вашумосць бачыць жадае.
Феліцыян з неахвотай пакрочыў за халопам. Калі яны падышлі да пакояў Радзівіла, вушы скруціла ад лаянкі, якой гаспадар частаваў служку. Словы ён казаў па-халопску, з пенай на вуснах, не баючыся, што могуць пачуць іншыя госці.
— Дык як жа ты, лайна, так умудрыўся?! Я ж казаў толькі пастрашыць!
— Пане...
— Каб ты здох, гніда! Дзе цяпер такога кухара знайду? Маўчыш? Ці можа сам будзеш смажаных паўлінаў гатаваць?
— Пане, то не мая правіна.
— А чыя?
— Дык ён на яго накінуўся!
— Хто? — Радзівіл нервова засмяяўся. — Кухар на мядзведзя?
— А не... Я...
— Ты?
Пане Каханку губляў над сабой кантроль. Служка жа ўвесь скурчыўся, прыгнуўся, бы ўрос у зямлю і ад перапуду не мог сказаць ані слова. Радзівіл хацеў быў яшчэ нешта крыкнуць, але, паглядзеўшы на небараку, махнуў рукой і загадаў сваім гайдукам:
— Кіньце да таго мядзведзя. Калі ўратуецца — Бог яго беражэ, а не — сам вінаваты.
Служка паваліўся непрытомны на падлогу, а гайдукі пацягнулі яго пад рукі на двор. Радзівіл павесялеў і абвёў вачыма залу. Калі ён заўважыў Офенберга, то задаволена ўсміхнуўся і пакрочыў насустрач.
— Браце! Ты ж не супраць, што паслаў па цябе? Угледзеў, што бадзяешся па маім парку, і вырашыў — нядрэнна б было скампанавацца. Не спіцца мне нешта. Зусім жахі змарылі, няма паратунку. Ды не пра гэта будзем гаварыць... Раскажы, ці падабаецца табе палац?
Феліцыян кіўнуў.
— Багата тут. Пастараўся, ты, князь.
Пане Каханку, відавочна, задаволіў такі адказ. Ён накруціў вус на палец і смачна крэкнуў.
— То вып’ем, братка. За Радзівілаў! За Айчыну!
— Як за такое не выпіць?
Радзівіл павярнуўся і клікнуў служак:
— Віна нам! Самага лепшага!
За дзвярыма замітусіліся, пасля пачуліся крокі і праз хвіліну ў пакой некалькі служак укацілі бочку віна.
— Вып’ем, пане каханку. Жыццё адно, дык нашто ж яго псаваць пошукам цноты? Гавары, за што будзем піць.
Феліцыян узяў келіх, панюхаў і адчуў, як адразу пацякла слінка. Віно, сапраўды, было адно з лепшых.
— Вып’ем за наша гаспадарства, каб слава пра яго ішла, як і ў ранейшыя часы, а народ жыў пры сваіх вольнасцях. Sto lat!
— Sto lat!
Яны выпілі, і князь зноў напоўніў келіхі.
— Ты прыйшоўся мне даспадобы. Хачу паказаць пану палац.
З гэтымі словамі Радзівіл жэстам загадаў ісці за сабой.
Такая раскоша была толькі ў палацах каралёў. Шляхціц ішоў следам і ад захаплення не мог вымавіць і слова. У спальных каралеўскіх пакоях стаялі драўляныя канапы, зэдлі, абітыя зялёным атласам з вышыўкай. Вісела карціна "Зняволенне Еўропы Юпітэрам", люстра з дзвюх пласцін у рамах разной працы з пазалочанымі перлінамі. У каралеўскім кабінеціку абіўка была ўжо з кармазавай адамашкі з залатымі пазуменцікамі вакол. Фіранкі такой жа адамашкі, падшытыя крашанінай, нехта неахайна завесіў, таму тут быў паўзмрок. У аўдыенцыяльным пакоі ў сцяне стаяў камінчык з белага мармуру. Два крэслы з парэнчамі разной працы, столік чырвонага дрэва на чатырох ножках, апраўленых у медзь, два столікі, выклееныя залатым сукном, і крэслы, вышываныя шоўкам рознымі кветкамі, усё было часткай аднаго інтэр’ера. Выходзячы з гэтага пакоя ў залу, пры самых дзвярах Радзівіл спыніўся і паглядзеўшы на левы бок у самы кут, паказаў на гадзіннік. Ён быў нябеснага колеру, лакіраваны золатам з надпісам на цыферблаце: "spilen, schlagen stiler".
— Іграць, біць цішэй, — пераклаў гаспадар і пайшоў далей.
У зале ўсе сцены былі пакрыты абіўкай шпалернай працы з гісторыі войнаў і перамог князёў. На стале ляжаў вялікі дыван, былі расстаўлены паўсюль два дзясяткі крэслаў лахваўскага вырабу, вышытых кармазынавым аксамітам. Адтуль яны трапілі ў пярэдні пакой, а далей яшчэ ў тры. Чацвёртай была зала, сцены якой былі абабітыя кармазынавым плісам. Тут Радзівіл упаў на старую вялізную драўляную канапу, абітую ўверсе пазалочаным палатном, і задаволена ўсміхнуўся, зірнуўшы на госця.