Выбрать главу

— На другі паверх не павяду! — выдаў ён. — Стаміўся! Заўтра прыйдзеш — пакажу альбо служку свайму загадаю.

Князь разлёгся на канапе і дадаў:

— Цяпер можаш ісці ў парк, а я тут пасплю. Нікому не гавары, дзе я. Можа, так хоць адпачну ад іх. Зрэб’е!

Офенберг пачаў спускацца па прыступках і раптам прыгадаў, што павінен быць зараз разам з Якавам. Унутры ад той думкі пахаладзела, і сілы на момант пакінулі яго.

Феліцыян пабег да месца сустрэчы, але зразумеў, што ўжо позна. З таго боку пачуўся стрэл. Дым не даваў разгледзець нічога, а калі рассеяўся, то шляхціц не мог стрымаць крык:

— Якаў!

Сябра імгненне стаяў нерухома, пасля ногі падкасіліся, і ён паваліўся на зямлю. Феліцыян падбег і схіліўся над ім. Твар Якава пакрыўся кропелькамі поту, ён пабялеў, а вочы ўтрапеніліся ў блакітны небасхіл.

— Мабыць, паміраю, браце, — захрыпеў юнак.

— Ды не, — шаптаў Феліцыян. — І не думай. Паваляешся трохі ў ложку і зноў гоцаць будзеш.

Якаў крыва ўсміхнуўся:

— Хлусіш. Скажаш бацьку, быццам я сам не захацеў вяртацца.

Феліцыян заскрыгатаў зубамі:

— Я адпомшчу!

— І не думай. Яго раздавіць цяжка. Калісь прыйдзе мароз і на крапіву, а вось душу помстай не супакоіш. Ты лепш... — яму было цяжка дыхаць, — ... сына ... Якавам. І выхавай так, каб быў не такі, як я.

Шляхціц глыбока ўдыхнуў паветра, і галава з залацістымі пасмамі валасоў схілілася на калені сябра. Феліцыян закрычаў, падняўся з зямлі і ўбачыў Пяшкевіча, які разгублена пазіраў на яго.

— Ты! — Офенберг намацаў стрэльбу і крок за крокам пачаў набліжацца да спуджанага паніча.

Грымнуў стрэл, і поле зацягнула дымам. Феліцыян ляжаў на халоднай зямлі і адчуваў млявасць па ўсім целе. У левым баку, амаль там, дзе калацілася сэрца, балюча пякло, быццам нехта прыклаў да скуры гарачае вуголле. "Няўжо паміраю?" — падумаў ён. Так хацелася ўстаць і пайсці далей, адпомсціць за сябра, але вочы засцілаў туман. Панічу на момант здалося, што ён ляжыць у жытнім полі. Перад вачамі з’явілася Зуліся, схілілася над ім і ўсміхнулася. "Зноў твая варажба, красуня. Уратуй мяне, чараўніца", — падумаў шляхціч.

Частка ІІ

***

Халодная падлога касцёла здавалася Катажыне кавалкам лёду, які скаваў цяпер Дняпро. За ноч падмёрз бруд, і яго белай коўдрай накрыў нечаканы снег, які, быццам пёркі з крылаў анёлаў, павольна падаў на вузкія вуліцы і дахі дамоў. Ён хутка мусіў растаць, бо так звычайна здаралася на Асяніны, калі на некалькі дзён зямля прыбіралася ў свой святочны ўбор, а пасля зноў пачыналі ліць дажджы.

На вуліцы каля адчыненых дзвярэй кружыліся сняжынкі, і самыя неасцярожныя, што неспадзёўкі заляталі ўнутр, падалі на падлогу, але не таялі. У касцёле, акрамя дзяўчыны, нікога не было, і паветра яшчэ не паспела сагрэцца. Катажына стаяла на каленях перад Дзевай Марыяй і шаптала малітву. Прасіла за бацьку, мачаху і маленькага брата, а яшчэ за Феліцыяна і Якава, каб вярнуліся жывымі.

Катажына ўпершыню сустрэла іх на гэтай плошчы каля касцёла. Хлопцы ведалі адзін аднаго з маленства: Якаў з дазволу бацькі нярэдка прыязджаў да сябра, а Феліцыян гасцяваў у яго. Пан Няміра часцей адпраўляў сына аднаго. Ён не любіў ездзіць у горад, аддаваў перавагу вясковай ідыліі. Пан не зносіў, як ён гаварыў, "сапсаванага гарадскога жыцця", пагардліва ставячыся да рамеснікаў і гандляроў. Першым, з кім пазнаёмілася дзяўчына, быў Якаў Тады яна якраз вярталася з касцё­ла, калі ў фурманкі, што праязджала міма, адляцела кола. Адтуль вываліўся танклявы, з рабаціннем на кірпатым носе хлопец. Ён спачатку разгубіўся, а пасля выцягнуў кола і пачаў біць яго нагамі. Катажына не ўтрымалася і пырснула са смеху.

— Калі б вы былі мужчынам, шаноўная спадарыня, — прамармытаў ён, прытрымліваючы прывязаную да пояса шаблю, — то я не дараваў бы гэткай абразы.

Дзяўчына перастала смяяцца і адказала:

— А вы ўявіце, што я — мужчына, толькі ў спадніцы.

Яна агледзелася і заўважыла дзве палкі каля сцяны суседняй крамы. Дзяўчына ўзяла адну, а другую прапанавала хлопцу:

— Пакажыце, чаго варты ваш гонар, шаноўны!

— Якаў Няміра, — пакланіўся хлопец. — Сапраўдны пан, спадарыня, б’ецца на шаблях ці страляецца на пісталетах.

Ён зірнуў яшчэ раз на Катажыну і пачырванеў:

— Ды і не магу я з вамі біцца: мужчыны не носяць спадніц.

Панначка раззлавалася:

— Можаш і будзеш!

З гэтымі словамі дзяўчына моцна стукнула яго па нагах.