Выбрать главу

Да дзвярэй падышоў хтосьці і, трошкі памарудзіўшы, адшчапіў крук. Яны са скрыпам расчыніліся, і чалавек убачыў старога, які стаяў на ганку з віламі ў руках.

— Хто ты? — спытаў ён. — І што табе трэба?

— Упусці нас, дзед. Наша фурманка зламалася, і больш ісці мы не можам, — прагучаў уладны голас.

Стары пачухаў патыліцу.

— Адкуль мне ведаць, хто ты такі. Шмат цяпер па нашай зямлі ўсякіх немцаў ходзіць.

— Пачакай, халоп, пакажу і нямчура, і ляха! Ды гары яно гарам, толькі вазьмі хлопчыка, ён нічога кепскага не зробіць, — настойваў чужынец.

— Я не халоп! — раззлаваўся стары Тарас.

— Тады пусці нас, братэньку! — умольваў чалавек.

Было відаць, што ён вельмі непакоіцца за малога, бо той ледзь трымаўся на нагах. Чалавек злаваўся, крычаў на гаспадара, які ніяк не хацеў іх упусціць. Але калі стары паглядзеў на малечу, то прыгадаў сваю Зулісю і расчыніў дзверы:

— Уваходзьце.

Яны зайшлі ў сенцы. Там пахла пылам і капустай, якая была складзена тут у куце, бо ў склепе яе ў такое надвор’е захоўваць было нельга. Насупраць дзвярэй стаяў мех з яблыкамі, накрыты грубай ільняной коўдрай. Усялякія чыгуны, збаны і збаночкі, цэбры і ражка мясціліся на лаўках. Там жа стаялі вялікая ступа і жарнавы, на сцяне віселі лазовыя лапці, кошыкі і сушаныя травы.

Хлопчык так змёрз, што не мог расшпіліць кажух і вінавата лыпаў чорненькімі бліскучымі вачыма, спрабуючы сцягнуць з рук мокрыя, аблепленыя снегам і кавалачкамі лёду рукавіцы. Мужчына спрытна пачаў завіхацца каля яго, не звяртаючы ўвагу на зледзянелыя пальцы. Ён узяў рукі малечы, дзьмух на іх і расціраў ва ўласных вялізных мядзведжых далонях.

— Можаш яго занесці на печ і сам застацца там, а я пайду спаць на палаці, — са спачуваннем сказаў дзед, зірнуўшы на хлопчыка.

Чужынец усміхнуўся, узяў у ахапак малога і панёс да печы. Там ён асцярожна паклаў яго на дзяружку, нагрэтую ад камянёў, памацаў лоб, каб не было хоць жару ў малечы, і шапнуў:

— Спі, Феліцыян, спі. Цяпер Зюзя не дастане нас.

Малы не чуў гэтых слоў. Стаміўшыся ад цяжкага падарожжа, хлопчык адразу заснуў. Шляхціц жа яшчэ доўга варочаўся і ўздрыгваў.

Вецер суняўся, і на двары ціха падаў снег. Светлае вакенца было адзіным маяком у наваколлі, але і агеньчык знік, калі дзед пагасіў лучыну. Змрок ахутаў абшар.

***

Зуліся салодка пазяхнула і расплюшчыла вочы. У хаце было цёпла ад натопленай печы, а смачны пах варанай капусты прыемна казытаў нос. Дзяўчынка счула хаду маці, якая спяшалася хутчэй управіцца, каб потым не выходзіць на марознае паветра, і нечы незнаёмы голас. Ён зацікавіў малую, і тая, на дыбачках, каб не нарабіць грукату і не спужаць незнаёмца, вызірнула з-за сцяны. Незнаёмец сядзеў за сталом. Перад ім стаяла капуста ў алавянай талерцы, мяса, хлеб і келіх з медавухай. Госць жа з апетытам згрызаў з косткі мяса і паспяваў яшчэ ўстаўляць слаўцо-другое ў размову з гаспадаром, які плёў кошык.

— Ух і смачная ў вас медавуха! — крэкнуў Офенберг. — А вяндліна сама ў роце тае!

— Частуйцеся, — адказала Адарка.

— Я б еў і еў, гаспадынька! Ды з вялікай яды няма вялікае наўды: не забагацееш, ды запузееш.

— А ты паскачы, братка, а пасля зноў пачастуйся! — пакпіў стары.

— Ужо я табе братка, а з вечара яшчэ гаварыў, што нямчур, — рагатаў чужынец, — я ж тутэйшы, толькі прыехалі мы сюды здалёк. От, стары пень, неўзлюбіў мяне!

— Не крыўдуй. Не разбярэш жа ў поцемках, — апраўдваўся дзед.

— Не, пачакай, не мані, — паківаў галавой чужынец. — Вось праўду скажы: каб я яшчэ слова якое ляпнуў, пагасцяваў бы паміж вачэй тымі вілкамі? Ух, стары чорт! Ух, каб ты імі рыбу на тым свеце лавіў!

— Святыя бацечкі, ці я наўмысна?

— А то не! За тое цябе пан Езус на нябёсах яшчэ пажурыць ды медавухі не дасць.

— Ну прабач. Давай абдымемся!

— Давай!

Дзед саскочыў са слончыка і адкінуў кошык, а госць споўз з лавы, ледзь не зачапіўшы чыгун, і абодва пачалі божыцца, што цяпер яны будуць таварышамі, і "сам чорт іх не зможа развесці або пасварыць".

Жанчыны пасмейваліся з іх размовы, але не ўмешваліся. Цётка Адарка мяшала свінням, а старэйшая гаспадыня стаяла каля печы і падкладвала сушняку, каб паставіць пячы буракі і нагрэць вады для госця. Яе спрытныя пальцы хутка перабіралі ад рэшткаў бацвіння рэпу, якую пасля склала ў чыгун і заліла вадой. З-пад хусткі на маршчыністы твар старой выбіліся сівыя валасы. Тыя пасмы яна ўвесь час запраўляла за вушы кулаком, каб не расцерці па іх попел, у які былі запэцканы тонкія высахлыя рукі.