Выбрать главу

— Бацька з маці ўчора гаварылі пра гэта.

— Чаму ж маўчала? Ну, расказвай! Хто такі?

Катажына паціснула плячыма.

— Яшчэ не ведаю. Нас пакажуць адно аднаму на балі ў пана Жывіцкага. Дамову такую нашы дзяды заключылі, а бацькі павінны выканаць.

Тым часам дзверы зноў адчыніліся, і ў пакой прасунула галаву Глэся.

— Панна, — звярнулася яна да Катажыны, — там краўчыха прыходзіла. Тканіну і новыя ўзоры прынесла.

— Скажы, каб не чакала: заўтра сама да яе заеду. А табе, Глэся, колькі разоў гаварыла, каб стукала, перш чым уваходзіць!

Глэся прамаўчала.

— Панна шмат чаго гаворыць, — ціхенька буркнула яна, але гаспадыня і госця пачулі.

— Хамка! — выкрыкнула Багдана. — Табе трэба язык адарваць, каб менш рот адкрывала! Глядзі, а то паскарджуся пану, і ён загадае цябе розгамі пакараць ды адашле на кухню!

Глэся пабялела і спужана пачала лапатаць:

— Панначка, залаценькая, пашкадуй! Я больш слова благога не скажу! Панначка даражэнькая...

Яна павалілася ў ногі шляхцянкам.

— Глэся! — не вытрымала Катажына. — Зараз жа падыміся і змоўкні!

Глэся падскочыла і апусціла вочы.

— Адпусці краўчыху і прынясі мне нарэшце маю сукенку!Служка кіўнула і, шморгаючы носікам, выбегла з пакоя. Яна вярнулася з вялікім пакункам і нават не паглядзела на шляхцянак. Калі яго разгарнулі, Багдана вохкнула.

— Прыгожая, — уздыхнула яна. — Вось чаму табе мая не спадабалася. З чыіх накідаў краўчыха рабіла?

— З маіх.

— Прыдумаеш і мне што-небудзь?

Катажына ўсміхнулася і кіўнула ў знак згоды.

— Апрані! Я хачу паглядзець. Глэся, ідзі дапамажы гаспадыні.

Сукенка сапраўды была вельмі прыгожая. Не было ніводнай лішняй дэталі, і ўсё, што прысутнічала, — ад самай маленькай складачкі да вышыўкі — нада­вала яшчэ большага хараства. Багдана стаяла і не верыла вачам, быццам перад ёй была не Катажына. Светла-шэры колер са срэбным адлівам да прыполу пераходзіў ад святлейшага да больш цёмнага, і складвалася ўражанне, бы яна ўздымаецца па-над зямлёй. Уся ўвага канцэнтравалася на дзіўным, нават незвычайным спалучэнні колеру сукенкі і бляску шыкоўных рудых валасоў, якія былі акуратна сабраны ўверсе і адкрывалі доўгую белую шыю. Плечы агаляліся зусім трошкі, тонкі стан ахапіў чорны гарсэцік, вышыты срэбнымі ніткамі. Драбнюткія кветкі руж перапляталіся з галінкамі язміну, што слаўся па баках плаўнымі стужкамі. Гэтыя кветкі распускаліся, квітнелі і закрывалі бутоны, калі даходзілі да шва паміж гарсэтам і спадніцай. Багдана стаяла ў захапленні, а Глэся ж круцілася каля гаспадыні і вохкала.

— Ой, панначка, а верасок і ў цяньку зацвітае. Калі б я была вашым бацькам, то адразу такую павяла б пад вянец. Час вам жонкай нечай стаць.

— Што ты такое гаворыш, Глэся! — засаромелася Катажына.

— Праўду кажу, панначка, — не саступала служка. — Над вамі душа нечая лётае, якая маці сабе шукае. Значыць, у дзіцё хутка ператворыцца, а яно без мужа не бывае.

— Бывае, — хіхікнула Багдана.

— Але не ў маёй панначкі, — запярэчыла служка.

Багдана абурылася:

— Брашы, ды не кусай!

Яна павярнулася да Катажыны і пакрыўджана сказала:

— Заседзелася я ў цябе. Час ужо дадому збірацца. Сёння з Рэчыцы ад’язджаеш?

— Так.

— Тады ўбачымся ў Жывіцкіх.

Яна абняла сяброўку і выйшла з пакоя.

***

Па дарозе Катажына загадала вазніцы звярнуць да маёнтка Офенберга, які знаходзіўся якраз недалёка ад гасцінца. Дзяўчына асцярожна паднялася па прыступках на ганак і пастукала ў дзверы. За яе спінай стаяла Глэся і дрыжэла ад холаду. Ім адчыніла служка і запрасіла да гаспадыні, якая грэлася каля пячуркі. Тая вельмі ўзрадавалася госці, абняла яе і сама правяла да пакояў гаспадара.

— Госць у дом, Бог у дом, — паўтарала пані Тэафілія.

Калі Катажына зайшла ў кабінет, стары Офенберг аж крэкнуў ад неспадзёўкі. Ён ляжаў на жываце ў ложку і вохкаў, бо лекар ставіў яму на плечы і карак п’явак.

— Дачушка! Ці ж гэта ты? Зусім забылася на старога дурня, не наведваеш. Падыдзі бліжэй, а то мне самому ўжо моцы не стае, нават крывапусканне не дапамагае. Толькі вось ад гэтай поскудзі на нейкі час робіцца лепш. Хутка, мусіць, у вырай...

Ён змоўк, але праз момант загаварыў зноў.

— Што за справа прывяла цябе сюды? Сядай, калі не цураешся, — і паказаў на крэсла каля ложка. — Распавядай.