Выбрать главу

Ашалелы, ён выскачыў з хаты і адчуў непрыемную прахалоду. Ступіўшы некалькі крокаў, хлопец ледзь не паслізнуўся. Выратавала тое, што паспеў ухапіцца за кустоўе, якое нарасло тут улетку. "Добра, што не ссек", — падумаў і, скурчыўшыся ад холаду, агледзеўся. Погляд спыніўся на пуні, дзе ў мяккім сене, мабыць, было ўтульна. Ён падышоў бліжэй і пачаў караскацца па драбінах. Пуня была запоўнена на трэць, таму туды можна было залезці і добра паспаць. Хлопец кульнуўся праз галаву, пасля чаго апынуўся каля бакавой сценкі. Пахла пылам і палыном. Каля ўваходу сена было аблеплена ільдзінкамі, таму Васілька папоўз углыб, каб зарыцца ў мякіну і заснуць.

Пакуль поўз, сена скалола калені, і Васілька пачаў шкадаваць, што пацёгся сюды. Раптам хлопец насцярожыўся, бо ў куце нешта заварушылася. Але, падумаўшы на котку, ён злосна прыкрыкнуў:

— А ну адсюль! Ідзі лепш у хляве на мышэй палюй!

Але шоргат не сціхаў. Васілька хацеў быў праверыць, што там за звер, як раптам заўважыў дзве постаці. Адначасова адчуў, як ззаду нехта наскочыў і паспрабаваў збіць з ног. Невядомы быў аднаго росту з ім і такі ж танклявы, таму ў яго нічога не атрымалася. Тады на дапамогу прыйшоў яшчэ адзін. Разам яны адужалі небараку.

— Пусціце, чэрці! — толькі і паспеў крыкнуць. — Каб вас!

Яго крыўдзе не было меры, калі злодзеі запхалі яму ў рот яшчэ і пук сена з бруднай анучай. Затым хлопцу звязалі рукі ды, што самае крыўднае, уселіся на спіну, каб не дрыгаўся. Гэта было апошняй кропляй. Васілька ашалеў і пачаў выбівацца, спрабуючы іх з сябе скінуць. Гэта прыйшлося не даспадобы тым, і меншы ўрэзаў хлопцу.

— Ляжы, шэльма, — зашыпеў ён.

У Васількі пацямнела ўваччу, і хлопец на нейкі момант нават страціў прытомнасць. Цяпер чужакі пачалі спрачацца паміж сабой.

— Ты што робіш? Навошта так?

— Не падабаецца?

— Не.

— А жыць хочаш?

— Я б таксама біўся ва ўласнай пуні.

— Дык жа ён... — пачаў апраўдвацца той.

— Змоўч!

У той момант з цемені пачуўся тоненькі галасок:

— Адпусціце яго.

Бугай памякчэў.

— Пусцім, Іванка, але на золку, калі сыдзем самі.

— А зараз?

— Зараз нельга, бо раскажа пра нас.

— Я хачу сам пра тое спытаць. Падвядзіце.

Хлопцы вагаліся.

— Дзед Мітрафан, што рабіць? — запытаў адзін з іх у чалавека, які стаяў у цемры побач з малым.

— А ты не чуў? Рабі, што Іванка кажа.

Той паслухаў і падвёў малога бліжэй да Васількі, які паспеў ачомацца і разглядваў з надзеяй малечу. Вочы хлопчыка былі завязаны ручніком, а твар быў без крывінкі, з тоненькімі вуснамі і ўпалымі шчочкамі. Як кволая сцяблінка, ён, здавалася, хістаўся нават ад чалавечага подыху. Хлопчык прысеў і асцярожна дакрануўся тоненькімі ручкамі да твару Васількі, абмацаўшы кожную ямачку з барады і да самых бялявых віхураў.

Хлопцу зрабілася ніякавата. Шкадоба перамагла крыўду і злосць.

— Ты ж не скажаш пра нас? — запытаў Іванка.

Васілька мукнуў і адмоўна пакруціў галавой. На гэта малы засмяяўся танюсень кім званочкам.

— Развяжыце яго.

Бэйбусы стаялі нерухома.

— Развяжыце! Ён не раскажа, — зноў паўтарыў Іванка.

Тыя паслухаліся, выцягнулі кляп і вызвалілі рукі. Хлопец цяжка ўздыхнуў і пацёр самлелыя рукі.

— Толькі не ўздумай дурыкі кідаць, — папярэдзіў яго адзін.

— Ды ну цябе! — кінуў Васілька.

— Гавару адзін раз!

— А што калі і не? Заб’еш?

— Сваё атрымаеш з гакам.

— Зноў удвух на аднаго? Харобрыя хлопцы! Хто ж вас так у Масковіі біцца навучыў?

— Скуль ведаеш, што мы адтуль?

— А ці ж не чутна? Лапочаце неяк па-іншаму, ды і груба.

— Можа, голас асіп? — засмяяўся меншы. — Я сюсюкаць не люблю і не ўмею.

— Дурное кажаш.

Васіль памаўчаў і зноў спытаў:

— Доўга ішлі? Адкуль?

— З Ноўгарада.

— Багата. А зараз куды ногі павядуць?

Хлопцы пераглянуліся.

— То ўжо не твая справа. Пытаеш зашмат. Галава адна, а языкоў дзесяць. Лепш бы прынёс чаго паесці.

— Не, нельга яго адпускаць, — запярэчыў старэйшы.

— Трэба, бо непакоіцца будуць, ды і Іванка дзень нічога не браў у рот. Няхай ён з гэтага слова возьме, што языком часаць не будзе. Перад малым яму сорамна будзе, калі як...

— Я не скажу, — перапыніў яго Васіль.

— Вернешся?

— Угу.

— Глядзі!

Хлопец вылез з дзіркі, па драбінах спусціўся і патупаў дахаты. Не было нават і думкі, каб расказаць пра тых, хто цяпер хаваўся ў пуні. Ён дайшоў да ганка, ціхенька прыўзняў клямку і зазірнуў у сенцы. Там нікога не было. Схапіў гладышку з малаком, якая стаяла на слончыку, агледзеўся і захапіў скібу хлеба, паклаў яе ў падол разам з цыбуляй. Пачуўшы раптам, што нехта ідзе, хлопец выскачыў на двор і пакандыбаў да пуні. Там пачаў асцярожна лезці па драбінах, прытрымліваючы падол світкі зубамі, бо ў адной руцэ была гладышка, а другой чапляўся за парэнчы.